Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ещё больше ярких моментов с районного выпускного в Вилейке

Акрыленыя марамі, нецярплівыя ў радасна-хвалюючым чаканні самастойнасці і перамен, выпускнікі 2024 года зрабілі рашучы крок наперад, завяршаючы адзін жыццёвы этап і распачынаючы наступны. Што чакае іх наперадзе? Гэта пытанне задаюць сабе бацькі выпускнікоў, а юнакі і дзяўчаты пакуль жывуць у моманце, не заглядваючы далёка ў будучыню. Сёння яны – нібы птушаняты, што становяцца на крыло, пакідаючы родныя гнёзды. На шляху да сапраўднай самастойнасці будзе яшчэ нямала жыццёвых урокаў, а часам і выпрабаванняў – і хочацца, каб усе-ўсе прайшлі іх з годнасцю.

Для 195 выпускнікоў Вілейшчыны школа застанецца добрым успамінам. Як і хвалюючыя і яркія моманты раённага выпускнога, які адбыўся 14 чэрвеня. Па традыцыі ён пачаўся на плошчы Свабоды, дзе да выпускнікоў звярнуліся прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай канфесій – настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Ігар Дражын і настаяцель храма Узвышэння Святога Крыжа ксёндз-пробашч Аляксандр Барыла. Даніна памяці тым, дзякуючы каму мы 80 год жывём пад мірным небам – кветкі ад выпускнікоў да помніка загінуўшым падчас Вялікай Айчыннай вайны і хвіліна маўчання.

А ўжо потым – традыцыйнае шэсце з удзелам выпускнікоў, іх родных і настаўнікаў у суправаджэнні ўзорнага духавога аркестра і ўзорнага ансамбля мажарэтак «Фіеста» дзіцячай школы мастацтваў па вуліцы 17 Верасня на Цэнтральную плошчу. Там усіх чакала галоўная сцэна свята, на якой адбылася цырымонія ўручэння атэстатаў з адзнакай і ўзнагароджання за поспехі ў вучобе. Словы пажаданняў выпускнікам прагучалі ад старшыні Вілейскага райвыканкама Анатоля Завацкага, яго намесніка Людмілы Сляпцовай, начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Вольгі Артышэвіч.

Гонар Вілейшчыны – 19 медалістаў (18 залатых і 1 срэбраны). Іх разам з бацькамі і кіраўнікамі школ запрашалі на святочную сцэну для ўручэння медалёў, прывітальных адрасоў і падзячных лістоў.

Асаблівая ўвага дасталася выпускніцы гімназіі №2 Бажэне Шалкоўскай – пераможца рэспуб­ліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» атрымала пасведчанне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Не засталіся без сваёй «хвіліны славы» іншыя выпускнікі, якія атрымалі падзячныя лісты і памятныя падарункі за стараннасць у вучобе і актыўную жыццёвую пазіцыю.

Героямі ўрачыстасці былі і тыя, хто атрымаў найвышэйшы бал на цэнтралізаваным экзамене. Стабальнікі і іх педагогі – гэта Артур Бохан, выпускнік гімназіі №1 «Логас», і яго настаўніца Святлана Бабіч (прадмет «Грамадазнаўства»); Кірыл Пляшак, выпускнік гімназіі №2, і яго настаўніца Алена Усціновіч (прадмет «Руская мова»); Сафія Савіцкая, выпускніца сярэдняй школы №3, і яе настаўніца Святлана Магамедава (прадмет «Грамадазнаўства»); Ірына Піскуровіч, выпускніца Людвіноўскай сярэдняй школы, і яе настаўніца Людміла Дубаневіч (прадмет «Беларуская мова»); Ульяна Батура, выпускніца Даўгінаўскай сярэдняй школы, і яе настаўніца Валянціна Малашэвіч (прадмет «Беларуская мова»).

Класныя кіраўнікі – людзі, якія ўсе школьныя гады ішлі побач з юнакамі і дзяўчатамі, былі ім падтрымкай і дапамогай, разумелі і дапамагалі паверыць у сябе. Іх прафесіяналізм, талент і майстэрства былі адзначаны падзячнымі лістамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама, якія ўручыла Людміла Сляпцова.

Кранальны школьны вальс, яркія феерверкі і відовішчны фінальны музычны нумар «Мы – адзінае цэлае» сталі аздабленнем урачыстасці. Завяршылася свята танцавальнай праграмай у Вілейскім гарадскім Доме культуры.
Крочыць смела і ўпэўнена да сваёй мары жадаем выпуску-2024!

Таццяна ШАРШНЁВА/фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 146 queries