Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Дзяніс Канецкі: « Галоўная мэта, што аб’ядноўвае сябраў нашай суполкі, – вывучэнне гісторыі роднага краю»

Багдановічы, Козел-Паклеўскія, Бароўскія, Тукайлы – стагоддзі таму Вілейшчына была часткай іх сямейнай гісторыі. Зараз аб былой значнасці гэтых прозвішчаў нагадваюць только парэшткі збудаванняў  ды магіл, што захаваліся фрагментарна. Амаль усе прадстаўнікі родаў пасля злучэння ў 1939 годзе Заходняй і Усходняй Беларусі пакінулі Вілейшчыну і з’ехалі. 
Мы зацікавіліся пытаннем, а ці падтрымліваюць іх нашчадкі сувязь с нашым краем? І атрымалі станоўчы адказ. Людзі прыязджаюць, лістуюць, высылаюць копіі дакументаў і фотаздымкаў, па якіх мы тут, на месцы, пашыраем свае веды пра мінулае Вілейшчыны.

Пра гэта мне расказаў Дзяніс Канецкі, старшыня вілейскай  суполкі Таварыства аховы помнікаў, гісторыі і культуры імя Аляксея Лужынскага.
– Дзяніс, як усталёўваюцца такія сувязі? Гэта нашчадкі шукаюць кантакты з малой радзімай продкаў або, наадварот, вы ініцыіруеце такі пошук?
– Галоўная мэта, што аб’ядноўвае сябраў нашай суполкі, – вывучэнне гісторыі роднага краю. З гэтай мэтай мы працуем ў архівах, вя­дзем пошук у інтэрнэце, вывучаем мемуарную літаратуру, якая звязана з вілейскімі імёнамі. І, канечне, для нас вельмі важна і значна для нашай працы – кантактаваць з прадстаўнікамі родаў, якія калісьці былі гонарам не только Вілейшчыны, але і Беларусі. Бо яны – багатая крыніца першазвестак: сямейныя архівы захоўваюць шмат інфармацыі, якая распавядае нам аб мінулым краю.
– І хто каго шукае?
– Па-рознаму бывае.  З Агнешкай Кулак, дачкой апошняга ўладальніка з роду Тукайлаў – Канстанціна, я пазнаёміўся выпадкова праз адзін з гістарычных беларускіх сайтаў. Нагадаю, Тукайлы былі гаспадарамі маёнткаў у Асцюковічах, Старынках, Касуце. Дык вось Агнешка размясціла фота нашых мясцін, а я праз стваральніка сайта напісаў ёй. Так і пачалося наша вельмі плённае знаёмства. Яна даслала нам вялікую колькасць копій дакументаў з Пецярбургскага і Вільнюскага архіваў, якія тычыліся Тукайлаў і  іх вілейскіх маёнтакаў.

А вось зусім нядаўна з Польшчы прыйшоў яшчэ адзін цікавы падарунак – Агнешка выдала ўспаміны Канстанціна Тукайлы, яго брата Яна і сястры Магдалены і адзін экзэмпляр даслала нашай суполцы. Цікава, што я маю стасункі і з другой галіной роду Тукайлаў. Неяк у фэйсбуку знайшоў артыкул, дзе ўспаміналі нашы Асцюковічы. Так знайшоў расіянку Аліну Тукайла, продак якой, Мечыслаў, быў з роду Тукайлаў, аднак ён за царскім часам быў вымушаны перабрацца ў Расію.

З Бароўскімі мы пазнаёміліся дзякуючы Сяргею Ганчару. Падчас этнаграфічнай экспедыцыі яму паказалі адрас, які яшчэ ў дзевяностых гадах мінулага стагоддзя пакінулі ў вёсцы Альковічы нашчадкі былых уладальнікаў. Яны прыяз­джалі тады наведаць у Альковічах магілы продкаў. Так мы звязаліся з Катажынай Атвіноўскай (Otwinowska). Аказалася, што ў яе шмат старых фотаздымкаў, якія захаваліся з XIX стагоддзя. Бо адзін з Бароўскіх – Міхаіл – быў фатографам.  251 фота Бароўскія даслалі нам, і ў 2018 годзе ў краязнаўчым музеі была зладжана іх выстава.
А з інжынерным родам Лампрэхтаў знаёмства надарылася зусім выпадковае. Некалькі гадоў таму я быў на рэкалекцыях у Будслаўскім касцёле, а туды прыехаў каталіцкі святар з Кракава Пётр Лампрэхт. Аказалася, што ён і ёсць нашчадак Генрыка Лампрэхта, які збудаваў у нашым раёне шэраг млыноў: у Вязыні, у Старой Гуце, у Ільі. А таксама быў заснавальнікам папяровай фабрыкі ў Раёўцы. Петр Лампрэхт напісаў кнігу пра свой род і адзін экзэмпляр падарыў нашай суполцы.
– Дзяніс, усе нашчадкі вілейскіх родаў жывуць у Польшы?
– Не абавязкова. Але тыя, з кім кантактую я, так.
– Каб закончыць гэты блок пытанняў: Вы назвалі ўсіх, з кім кантактуеце па шляхецкай спадчыне Вілейшчыны?

Трэба дадаць пра нашчадкаў самага вядомага і славутага роду Вілейшчыны  Козел-Паклеўскіх. Суполка трымае сувязь с дачкой апошняга ўладальніка маёнтка у Кастыках Тадэвуша Козел-Паклеўскага – Сусанай. Прыгадаю і пра Ядзвігу Наіньску з роду Валовічаў, што ўладарылі ў Гануце. Яна два разы нават прыязджала на Вілейшчыну.

– Зазначу, што не ўсе пошукі нашчадкаў паспяховыя. Напрыклад, так і не ўдалося знайсці нашчадкаў маёнтка Заблошчына Ходзькаў, якія, па апошняй інфармацыі, жывуць у Францыі. Ці нашчадкаў Любанскіх, якія жывуць у Варшаве.
– Раскажыце, калі ласка, пра суполку. Вось тая гістарычная інфармацыя, каторую вы атрымліваеце, неяк папулярызуецца?
– Канешне, мы і працуем дзеля таго, каб большая колькасць людзей мела магчымасць далучыцца да гісторыі. Зараз сярод сяброў суполкі  больш дзесяці чалавек. Тут ёсць медык, фатограф, мастак. Мы вельмі розныя, але аб’яднаны цікавасцю да гісторыі.
Маем старонку ў сацсетцы, дзе распавядаем пра ўсё новае, аб чым даведваемся.
Я ўжо ўзгадваў, што фотаздымкі Бароўскага сталі асновай выставы, сябры суполкі рыхтуюць матэрыялы і выдаюць іх у перыядычным друку. Асабліва трэба сказаць пра Дзмітрыя Хаценчыка. Менавіта ён скрупулёзна працуе з архівамі і на падставе знойдзеных дакументаў, піша грунтоўныя  матэрыялы, раскрываючы невядомыя старонкі нашай гісторыі. За апошнія гады ён надрукаваў ці не больш за дзесяць артыкулаў.
Звычайная з’ява для суполкі – правесці талаку для добраўпарадкавання гістарычных аб’ектаў.
А яшчэ мы ўстанавілі шэраг гістарычных стэндаў па вёсках раёна. На нашу думку, гэта таксама спрыяе паглыбленню ведаў пра нашу гісторыю, а таксама і развіццю турызму.

Ірына ТРУБАЧ/ Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 29 queries