Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзве вілейскія сям’і ўдзельнічалі у IV абласным фестывалі сямейнай творчасці

Такую назву насіў IV абласны фестываль сямейнай творчасці, які нядаўна прайшоў у Салігорску. Працавітых і таленавітых людзей Міншчыны гасцінна сустрэлі на Салігоршчыне. Сярод тых, хто ўдзельнічаў у фестывалі, былі і дзве вілейскія сям’і – Дубягаў з Вілейкі і Анішкевіч – Гойлік з Даўгінава.
Кіраўнік Вілейскага раённага Дома рамёстваў Сяргей Дубяга – майстар, якога ведаюць далёка за межамі нашага раёна. Чым бы ні заняўся Сяргей Анатольевіч, у яго ўсё атрымліваецца. Выдатны разьбяр па дрэве, ён займаецца і бондарскай справай. Разам з жонкай Аксанай Аляксандраўнай, якая таксама працуе ў галіне народных рамёстваў, яны перадаюць свае веды і вопыт і сынам Мацвею і Цімафею. Старэйшы, Мацвей, разам з татам і прадстаўляў сям’ю майстроў на фестывалі ў Салігорску.
Даўгінаўцы Валерый Мікалаевіч Анішкевіч і Алена Станіславаўна Гойлік – паважаныя ў вёсцы людзі. Таленавітыя і нераўнадушныя, яны выхоўваюць дзвюх гэтакіх жа таленавітых дачок Ілону і Алесю. Вось і выдатны квартэт атрымаўся. Сямейны ансамбль ехаў на фестываль з песняй «Гітара» з рэпертуару групы «Штар».
На адкрытай пляцоўцы ля Палаца культуры праходзіла канцэртная праграма. Некалькі гадзін Салігорск быў сведкай выступленняў самых таленавітых сямей вобласці. Спрыяльнае надвор’е, яркія касцюмы артыстаў і песні, што бралі за жывое, прыцягвалі гледачоў з усіх куточкаў горада.
А затым людзей гасцінна запрасілі ў горад майстроў. Гледачы падоўгу затрымліваліся ля кожнай выставы, захапляліся тварэннем рук майстроў і па-добраму зайздросцілі ім. Хоць, калі шчыра, зайздросціць – справа пустая, трэба нястомна працаваць, як гэта робяць умельцы. Тады і прыйдзе поспех.
Кампетэнтнае журы пад старшынствам дырэктара Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Юрыя Ляйко не пакінула без увагі ні адну таленавітую сям’ю, бо усе яны заслугоўвалі пахвалы. Вось і вілейскія майстры вярнуліся дадому з Дыпломамі: сям’я Дубягаў узнагароджана за захаванне і пераемнасць мастацкіх традыцый рамяства; сям’я Анішкевіч – Гойлік – за прапаганду мастацкай творчасці. Мы рады за вас, землякі!
Ірына БУДЗЬКО

Сямейны ансамбль Анішкевіч - Гойлік

Фото

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries