У Дзень падпіскі, які прайшоў у мінулы аўторак, у аддзяленні паштовай сувязі Вілейка-4 было шматлюдна. Хоць, трэба прызнаць, бязлюдна тут бывае рэдка. Але ж гэты дзень, як ні кажы, быў асаблівым: гучала інфармацыя пра газеты і часопісы, на якія жадаючыя могуць падпісацца, было багата друкаванай інфармацыі пра іх… Толькі вызначайся, бо выданняў тут – на любы густ.
Віляйчанка Любоў Аляксандраўна Сыракваш ужо даўно аддала перавагу раённай газеце. Гадоў каля дваццаці яе выпісвае і чытае. Вось і ў гэты раз пенсіянерка, доўга не разважаючы, аформіла падпіску на тры месяцы.
– Канешне ж, тыя дзесяць з паловай рублёў для пенсіянера не мізэр, – падзялілася Любоў Аляксандраўна, – але ж асабіста я без газеты не магу. Як гэта – жыць і не ведаць, што робіцца ў раёне, як і чым жывуць нашы людзі? Згодна, што чалавеку не жыць без харчу надзённага, але ж і без духоўнага – аніяк.
Неўзабаве ўжо пачнуцца агародныя работы (Любоў Аляксандраўна жыве ў прыватным доме), многа ўвагі патрабуецца ўдзяляць і мужу, які хварэе, аднак час для любімай газеты ў жанчыны знаходзіцца заўсёды. Пачытае – і нібыта пагутарыць з даўнім сябрам.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА