Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Доўгажыхары

Бабуля Марфа, чысценькая, дагледжаная, хвалюецца ад такой да яе ўвагі: спрабуе сустракаць гасцей стоячы, але клапатлівыя сваякі ўсаджваюць яе ў зручнае крэсла. А прыемна хвалявацца ёсць ад чаго – Віктар Ляцяга ўручае Марфе Гаўрылаўне віншаванне з юбілеем ад старшыні раённага выканаўчага камітэта Яўгенія Сінілы, прыгожы камплект пасцельнай бялізны і букет белых хрызантэмаў. Ах, як шкада, што вочкі бабулі ўжо амаль не бачаць… Яна беражліва кладзе падарунак на калені і, не стрымліваючы пачуцця, цалуе кветкі.IMG_4820Нарадзілася Марфа Гаўрылаўна і пражыла да глыбокай старасці на Магілёўшчыне. Як і ўсе вяскоўцы, цяжка працавала і на сваёй гаспадарцы, і ў калгасе. Была ў маладосці прыгажуняй (нават цяпер, у стогадовым узросце, яе твар захаваў сляды той прыгажосці) і пявунняй, што юбілярша прадэманстравала нам у час сустрэчы. Выйшла замуж за хлопца, якога вельмі кахала. Ды нядоўгім было шчасце Марфы – яе любы загінуў у фінскую вайну. І цяпер бабуля, прыгадаўшы свайго марачка і той ужо вельмі далёкі час, горка плача. На маладую працавітую ўдаву звярталі ўвагу многія мужчыны, аднак ніхто з іх не быў Марфе па сэрцы. А вось франтавік Ануфрый, які пасля жончынай смерці застаўся з дзецьмі, ёй спадабаўся, таму і не адмовіла яму, калі пасватаўся. Агульных дзяцей у іх не было, таму мужавы сталі Марфе роднымі.
Міналі гады, дзеці раслі, стваралі свае сем’і і гадавалі сваіх дзяцей – жыццё ішло адвечным кругам. Бабулі Марфе і дзядулю Ануфрыю выпала перажыць і яшчэ адну вялікую бяду – пахаваць дачку, якая загінула ад удару маланкі. Асірацеў яе сын Слава, бацькоў якому яны замянілі.
Вячаслава Рыгоравіча лёс закінуў у Вілейку. Тут яны з жонкай, Любоўю Сцяпанаўнай. Выгадавалі і пажанілі сваіх дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Няма ўжо на свеце дзядулі Ануфрыя. А бабуля Марфа да нядаўняга часу жыла ў сваёй вёсачцы на Магілёўшчыне. Пакуль магла, працавала. Пасля занемагла, вяскоўцы прапаноўвалі аформіць яе ў інтэрнат, маўляў, ёй, адзінокай, там будзе добра. Тады і вырашылі Вячаслаў Рыгоравіч з Любоўю Сцяпанаўнай забраць бабулю да сябе.
– Чацвёрты год жыве ў нас, – расказвае Любоў Сцяпанаўна. – Добрая, спагадлівая, яшчэ стараецца што дапамагчы. Хоць і амаль не бачыць, а паціхеньку ходзіць, нават на вуліцу выйдзе і на лавачцы пасядзіць. Ложак свой заўсёды засцеле, не пакіне непрыбраным.
Вельмі любіць бабуля Марфа прыгожа апранацца – на дзень і некалькі разоў мяняла б уборы. Хоць і не бачыць сукенак, якія ёй падае Любоў Сцяпанаўна, але навобмацак вызначае, што яна не тая, якую апранала ўчора.
А яшчэ, як мне здаецца, бабуля адчувае, што ў гэтым доме яна зусім не лішні чалавек, тут яе паважаюць і шануюць. І не толькі самі гаспадары, а і ўсе, хто тут бывае. Кожнага з іх, дарэчы, бабуля Марфа добра пазнае па голасе, з кожным знаходзіць тэму для размовы.
Пачуўшы пра тое, што юбілярша ў маладосці была першай на вёсцы пявунняй, мы папрасілі яе спець што-небудзь. І яна згадзілася… Чыстым, прыгожым голасам спявала пра свайго марачка, які пайшоў ваяваць за Радзіму і не вярнуўся дадому. Столькі гадоў мінула, а ёй гэта баліць.
Ірына БУДЗЬКО
На здымку: стогадовую Марфу Гаўрылаўну Мялешкіну віншуе начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віктар Ляцяга.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries