Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Доўгажыхары

Марыя Іванаўна Захарыч – адна з тых жыхароў Вілейшчыны, якім споўнілася сто гадоў. У першы дзень вясны жанчына адзначыла свой юбілей. Усё жыццё яна працавала паляводам у колішнім калгасе «Дружба», а жыла ў вёсцы Ярмолічы Нарачанскага сельсавета. А дзесяць гадоў назад старэнькую маму забрала да сябе ў Шылавічы Асіпавіцкага сельсавета дачка Варвара Аляксееўна Сурмач.SSA517988

– Тады ў мяне памёр муж, засталася ў хаце адна, а ўдзвюх усё ж весялей, – расказвае Варвара Аляксееўна. – Вось і забрала маму. З кім жа ёй дажываць? Брат мой, былы ваенны, жыве з сям’ёй аж у Растове-на-Доне, прыязджае раз у год пагасціць.
Самой Варвары Аляксееўны лёс выпаў няпросты. Прыйшлося перажыць смерць дачкі, якая трапіла ў аўтамабільную аварыю, затым – пахаваць мужа, зяця…
Шчасце, што другая дачка і сын жывуць непадалёку, часта наведваюцца, дапамагаюць маці з бабуляй.
– Яны ў нас малайцы, – з любоўю глядзіць на маці і бабулю дачка Ірына. – Мама вунь і сама за плячыма восем дзесяткаў мае, а не сядзіць на месцы, стараецца ўсё зрабіць сама.
У пакоях у Варвары Аляксееўны, і сапраўды,чысціня і парадак. На канапе – падушачкі, упрыгожаныя вязанымі кветкамі. Любіць гаспадыня вязаць і з задавальненнем гэта робіць.
Стогадовая Марыя Іванаўна сустрэла нас усмешкай. Цікаўны погляд жывых вачэй, румянец на шчоках… Што тут скажаш, добра выглядае юбілярка на свае гады. Праўда, з-за хворых ног яна ўжо практычна не ўстае з ложка, але нас, гасцей, сустрэла седзячы. Расчулілася, прымаючы віншавальны адрас ад раённай улады і падарунак з рук начальніка ўпраў-лення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Віктара Ляцягі. А віншаванні старшыні Нарачанскага сельвыканкама Анатоля Бяганскага вярнулі, напэўна, Марыю Іванаўну ў тыя ўжо далёкія гады, калі яна жыла ў Ярмолічах, працавала ў калгасе.
Трэба жыць як набяжыць. Вось і васьмідзесяцігадовая Варвара Аляксееўна пацвярджае гэта ўсім сваім жыццём. На яе руках – стогадовая мама, якую трэба дагледзець. Жанчына ўпэўнена, што і яе старасць будзе сагрэта любоўю і ласкай дзяцей, унукаў і праўнукаў. А гэта ўжо шчасце – зіму жыцця правесці сярод блізкіх.
Ірына БУДЗЬКО
На здымку:
стогадовая Марыя Іванаўна Захарыч
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries