Лёс Станіславы Пальчастай, старасты вёскі Добравічы Людвіноўскага сельсавета, нічым асаблівым ад лёсаў многіх і многіх жанчын не адрозніваецца. І, разам з тым, ён у нечым адметны. Нарадзілася і вырасла ў мнагадзетнай сельскай сям’і – васьмёра дзетак было ў Веры Казіміраўны і Івана Гаўрылавіча Хадасевічаў. Бацька быў перадавым механізатарам, маці працавала прыбіральшчыцай ў клубе. Як і ўсе вясковыя дзеці, сыны і дочкі Хадасевічаў з маленства прывыклі працаваць. І дома, і ў гаспадарцы. Дзялкі буракоў ды ільну, прыгадвае зараз Станіслава Іванаўна, клопаты на сушылцы падчас уборачнай не забудуцца ніколі.
Прайшло дзяцінства, настала пара юнацтва. Вось ужо і Людвіноўская сярэдняя школа засталася за плячыма Стасі. Як і кожны выпускнік, дзяўчына стаяла перад выбарам: куды падацца, як вызначыць свой накірунак у невядомым самастойным жыцці? І ў гэтым ёй дапамаглі юнацкі максімалізм, цяга да рамантыкі і… камсамол. Так-так, па камсамольскай пуцёўцы дзяўчына накіравалася ў далёкую і невядомую тады ёй Цюмень, дзе патрабаваліся маладыя сілы. І трэба ж было так здарыцца, што па тых жа прычынах на працу у Цюмень прыехаў хлопец з Брэстчыны Васіль Пальчасты. Так атрымалася, што жылі маладыя людзі ў адным інтэрнаце, дзе і пазнаёміліся. Успыхнула каханне, і праз пэўны час Васіль і Станіслава пажаніліся.
Калі шчыра, то маладыя гады ў Цюмені муж і жонка Пальчастыя прыгадваюць са светлай настальгіяй і нават лёгкім шкадаваннем. Усё ў іх там складвалася добра, мелі дастойныя заробкі і жыллё. Здавалася б, жыві і радуйся… Ды вось мама Стасі ўвесь час звала дачку з зяцем дамоў, нават са слязьмі прасіла. І маладыя прыслухаліся да яе, вярнуліся. Спачатку жылі з бацькамі, а затым гаспадарка, дзе ўладкаваўся працаваць Васіль, выдзеліла Пальчастым жыллё. Станіслава, маючы прафесію повара, працавала ў грамадскім харчаванні. Дарэчы, яе прафесіяналізм адзначаны многімі граматамі і дыпломамі розных конкурсаў, у якіх яна ўдзельнічала.
– Я пераканана ў тым, што даручаную справу трэба выконваць з душой, старанна, – разважае Станіслава Іванаўна. – Так і раблю. Працавала поварам – адзначалі, у мясцовай гаспадарцы – партрэт быў на Дошцы гонару, у магазіне вось трынаццаць гадоў – таксама стараюся. А як жа інакш? Так нас выхоўвалі мама з татам, і ні за аднаго з нас, іх сыноў і дачок, ім не было сорамна.
Праўда, даўно ўжо няма на гэтым свеце перадавога працаўніка мясцовай гаспадаркі Івана Гаўрылавіча Хадасевіча, а вось Вера Казіміраўна жыве ў Добравічах і сёння. Яна ў ліку тых карэнных жыхароў вёскі, якіх яе дачка Стася, вясковы стараста, ласкава называе «мае дзяўчаткі». Так ужо атрымліваецца, што мужчыны, мужы гэтых «дзяўчатак», даўно пайшлі з жыцця, а іх старэнькія жонкі жывуць у сваіх хацінах. Да большасці часта наведваюцца дзеці, якія дапамагаюць матулям трымаць у належным парадку дом і падворак. Калі ж старэнькі чалавек адзінокі, то дапамагчы яму не адмовяць улады і стараста.
– Прызнаюся шчыра, калі наш старшыня Наталля Леанідаўна Шавялёва прапанавала мне стаць вясковым старастам, я адразу разгубілася, – расказала Станіслава Іванаўна. – Як я буду працаваць, чым магу дапамагчы… Аднак Наталля Леанідаўна пераканала. Не скажу, што літаральна штодня ідуць да мяне з просьбамі і праблемамі. Не, людзі ў Добравічах працавітыя, старанныя, таму самі, без ніякіх рэкамендацый стараюцца, каб усюды быў парадак. А калі ў каго з’яўляюцца нейкія пытанні ці просьбы, заўсёды стараюся іх вырашыць. Што магу – сама, каб не турбаваць дробязямі мясцовую ўладу, у якой і так клопатаў мноства. Калі нешта не ў маіх сілах, то звяртаюся за дапамогай у сельвыканкам.
Мясцовы магазін, дзе працуе Станіслава Іванаўна, ужо даўно не толькі выконвае свае прамыя функцыі, але і стаў нечым накшталт прыёмнай. Няма ў вёсцы ні клуба, ні бібліятэкі, а людзям (карэнных жыхароў у Добравічах недзе каля васьмі дзясяткаў, а ўлетку вёска аж гудзе – прыязджаюць дачнікі) трэба недзе сабрацца, пагутарыць. Вось і прыходзяць у магазін не толькі за патрэбным таварам, але і за парадай ці адказам на пытанні.
– У магазіне, бывала, вяла прыём грамадзян і былы старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч, – прыгадала мая суразмоўца. – Так што пра ўсё самае галоўнае, важнае і набалелае гаворыцца тут. Ну, а калі ў вёсцы свята і прыязджаюць артысты, то таксама выступаюць тут: у цёплую пару года – ля магазіна, халадамі – у самім памяшканні.
Доўга і цёпла расказвала Станіслава Іванаўна пра сваіх землякоў, пра блізкіх людзей. Шмат гадоў ідуць разам па жыцці яны з Васілём Лаўрэнцьевічам, і ніколі за гэты час не пашкадавалі аб тым, што некалі кожны з іх, юных рамантыкаў з гарачым сэрцам, паехаў у далёкую Цюмень. І адбылася сустрэча, якая стала для кожнага лёсавызначальнай. «У нашых адносінах бывае па-рознаму, іншы раз і паспрачаемся, – разважае Станіслава Іванаўна. – Як і ў кожнай сям’і. Але ўсё гэта дробязі. Галоўнае, што мы разумеем адно аднаго, шкадуем…» А яшчэ ў сям’і падрастае гонар і надзея бацькоў – сын Аляксандр, які цяпер вучыцца ў дзясятым класе. Хлопец радуе бацькоў вучобай, удзелам у алімпіядах, паважлівымі адносінамі. Ён не толькі добры памочнік бацьку у гаспадарчых справах, але і з задавальненнем можа парадаваць блізкіх спечаным уласнымі рукамі бісквітам. Што тут скажаш, і навука мамы-повара не прайшла дарэмна.
Добрыя людзі, добрая вёска. І назва яе ад слова «дабро». Таму і жывуць тут людзі, нягледзячы на складанасці і праблемы, што выпадаюць у розныя перыяды, годна і прыгожа. І мясцовы стараста – – ураджэнка гэтых мясцін – сярод іх, у клопатах пра іх.
Ірына БУДЗЬКО