Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Доўгажыхарцы з Вілейскага раёну засталося некалькі крокаў да стогадовага юбілею

Гераіня сённяшняга артыкула мае поўных 99 гадоў і тры месяцы – яна ў некалькіх кроках ад стогадовага юбілею. Такіх людзей называюць равеснікамі стагоддзя. Пражытае імі жыццё напоўнена шматлікімі падзеямі, рызыкоўнымі крокамі маладосці, выпрабаваннямі, вайной, пасляваеннымі турботамі, цяжкай працай і зайздросна доўгім векам.

Мамай Ніна Пятроўна доўгажыхарка Вілейскага раёна. Амаль да сваіх дзевяноста жыла самастойна ў вёсцы Швяды, што месціцца ў маляўнічым куточку раёна на беразе Віліі. Сюды яна выйшла замуж, а сама родам з вёскі Ручыца ці, як яна адметна кажа, Ручычы. Калі гады пачалі браць сваё і моцы самастойна спраўляцца па гаспадарцы не стала хапаць, Ніна Пятроўна згадзілася пераехаць да дзяцей. Але нават зараз, у свае 99 з «хвосцікам», яна ў добрай памяці, шмат распавядае пра мінулае, спявае, жартуе, радуецца на ўнукаў і праўнукаў.

– Нарадзілася я ў Ручыцы ў 1919 годзе, ахрысцілі мяне ў Гануцкай царкве, – узгадвае Ніна Пятроўна. – У маіх бацькоў вельмі паміралі дзеці, і калі мяне хрысцілі, то кумамі выбралі першых, хто сустрэўся на вуліцы і перадавалі мяне ім праз акно – каб жыла, як казалі старыя людзі. Перада мной у бацькоў памерлі тры сыны, а чацвёртага аддалі гадаваць бабцы ў Доўгае, адтуль родам мая маці Гісіч Алеся Данілаўна (у дзявоцтве – Маркевіч). Мой бацька родам з Ручыцы – Гісіч Пётр Ільіч, а прадзед Гісіч Адам быў вядомым на ўсё наваколле кавалём. Мае бацькі шчыра працавалі на зямлі, але рана памерлі.

Да вайны Мамай Ніна Пятроўна паехала на заробкі ў Латвію. Пра тыя часы помніць вельмі шмат, нават падрабязнае размяшчэнне пакояў на двух паверхах у доме гаспадара, на якога працавала.
– Тады на заробкі бралі толькі паўналетніх, таму прыйшлося дамаўляцца і прыпісаць сабе 3 гады, каб стаць 19-гадовай і паехаць у Латвію, – узгадвае Ніна Пятроўна. – Хаця потым, пасля вайны, запісалася правільна – нарадзілася я ў 1919 годзе. На заробках працавала цяжка, але гаспадары былі добрыя людзі. Я з сяброўкай тры разы на дзень уручную даіла 50 кароў, даглядала за авечкамі, першая дойка пачыналася ў 4 раніцы. Прабыла ў Латвіі тры гады, пакуль не пачалася ў 1939 годзе вайна. Нас там кармілі, а маладым дзяўчынам многа і не трэба было, таму гаспадар усе заробленыя грошы клаў на рахунак у банк. Калі ад’язджалі з Латвіі, ён нас адгаворваў, каб засталіся, але ўсё ж вырашылі вяртацца ў родную вёску. Памятаю, купіла новы веласіпед з сабою, прычым фірмы «Ровар», і павезла дадому, хаця было складана. Пасля прыезду дамоў частку заробленных грошаў дала брату будавацца, а астатнія потым са зменай ўлады і прапалі.
Вельмі шмат Ніна Пятроўна Мамай распавядае пра старыя звычаі, напрыклад, як на Купалле пускалі дзяўчатамі вянкі па рацэ, памятае шмат песень – і вясельных, і абрадавых. «Седзячы на ложку вазьму і заспяваю – так весялей, – гаворыць доўгажыхарка. – Даўнейшае памятаю многае да дробязей, хаця пра сённяшняе магу і забыцца». Узгадвае Ніна Пятроўна і пра былых паноў – уладальнікаў багатага палаца маёнтка Ганута, што месціўся побач з вёскай Ручыца.

– Каля маёнтка быў вялікі млын, акрамя іншага на ім пілавалі дошкі. Пан зрабіў праз Вяллю паром. Добра памятаю паненку, пана Ежы і іх сына. Праўда, пан не зжыўся з жонкай, таму купіў фальварак пад Маладзечна і пані жыла тут асобна з сынам.

Калі Ніна Пятроўна вярнулася з Латвіі, у хуткім часе выйшла замуж за хлопца Валодзю са Швядоў, з якім сустрэліся на танцах. Пачалася вайна, жылі пад акупацыяй.

– У маі 1944 палілі вёскі, – узгадвае тыя страшэнныя часы Ніна Пятроўна Мамай. – Памятаю, прыбег у вёску партызан і кажа: «Чаго вы сядзіцё – ужо Камары і Мамаі гараць, зараз і вашу вёску паліць будуць». А ў нас на той час было дзве дачушкі: старэйшай 3 гады споўнілася, малодшай – толькі 2 месяцы. Мы іх пад паху і ўцякаць. Аж пад Смургонь у балоты ўцякалі. Там ў бліндажах ад першай вайны хаваліся. А малая двухмесячная плача і плача. Суседскія старыя жанчыны кажуць, каб утаптала яе ў балоце, бо пагібель усім будзе. А як жа сваё дзіцятка… Нават казалі пакінь, мы самі зробім… Потым ужо мужык пабег у спаленую вёску і знайшоў нейкую коўдру – так і трымаў яе па ветры каля малой, каб гук плача не разносіўся. Чаго толькі не перажылі. Затым доўга па зямлянках жылі – вёску ж спалілі. Пасля вызвалення пачалі мужыкоў на фронт прызываць. Я за Валодзем бегла аж да самай чыгункі, бо свякроў казала: «Чаго адпусціла яго – вунь з Асінаўкі ні адзін не пайшоў, а ў лес да партызан усе сышлі». У хуткім часе атрымала пахаронку – Валодзю было 28 гадкоў, а я засталася з двумя дзецьмі на руках і без хаты. Кароў з вёскі немцы таксама ўсіх забралі, – са слязьмі на вачах узгадвае доўгажыхарка тыя вогненныя часы.

Ніна Пятроўна разумела, карову трэба было шукаць, як толькі немцы адышлі, бо толькі з ёй зможа выкарміць дзяцей. «А карова была прыкметная – у яе на пысе было белае пятно, як быццам рот у нечым выпэцкала. Таму і мянушка каровы была незвычайная – «Смятана». Здаецца, толькі смятаны напілася і рот не выцерла»,– смяецца баба Ніна. У калгасным статку аднойчы каля Рускага Сяла сваю карову і заўважыла гаспадыня.

– Толькі дакажы, што гэта твая карова, тым больш спрачацца трэба было са старшынёй. Аднавяскоўцы не рызыкнулі пайсці ў сведкі, пайшоў толькі брат і хросны. Памятаю, паклікала кароўку: “Смятанка, Смятанка” – і яна пайшла за мною. А потым мяне за руку, карову ў хлеў. Кажуць: украла карову, пасодзім цябе. Ой, было справы. Але даказала, дапамаглі, як удаве франтавіка. Толькі дзякуючы кароўцы дзяцей на ногі і падняла.

Пасля вайны брат дапамог Ніне Пятроўне пабудаваць невялічкую хатку, яна пачала працаваць у калгасе, так усё жыццё і працавала ў мясцовай гаспадарцы, ходзячы на работу штодня некалькі кіламетраў. «Усяго зведала ў жыцці за свой век», – кажа доўгажыхарка. Пасля вайны сустрэла добрага чалавека, з якім нарадзіла сына Канстанціна. Цяжкай працай бацькі выгадавалі дваіх дзяцей, пусцілі іх у людзі. Зараз дзеці клапоцяцца аб маці, а Ніна Пятроўна радуецца ўнукам і праўнукам. Вось і мы з ёй сустрэліся, дзякуючы ўнуку Пятру, які прывёз нас да доўгажыхаркі.

Сяргей ГАНЧАР.
На здымку: доўгажыхарка Ніна Мамай з унукам Пятром.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 41 queries