Дэлегацыя педагагічнага калектыву Ільянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа прыняла ўдзел у абласной канферэнцыі педагагічных работнікаў у Дзяржынску.
Пачатак навучальнага года – свята блізкае і зразумелае людзям усіх узростаў. Першы вучэбны дзень – гэта кветкі, усмешкі, сустрэчы з сябрамі, а пачатак новага вучэбнага года – гэта яшчэ адзін крок у свет ведаў.
Адукацыя ў сучасным свеце мае асаблівую каштоўнасць. Здараюцца цікавыя адкрыцці, пастаянна ўдасканальваюцца тэхналогіі. Веды робяць чалавека больш моцным, мудрым, добрым, дапамагаюць пазнаваць таямніцы прыроды, адкрываць новыя ісціны і праводзіць навуковыя даследаванні. І ні для каго не сакрэт, што менавіта выхавацелі, настаўнікі, выкладчыкі – гэта тыя людзі, якія з’яўляюцца праваднікамі для кожнага з нас на няпростым шляху спазнання ісціны.
Традыцыйна ў канцы летніх канікулаў педагогі збіраюцца, каб абмеркаваць пытанні адукацыі, падвесці вынікі працы ў мінулым навучальным годзе і спланаваць асноўныя накірункі адукацыйнага працэсу.
23 жніўня дэлегацыя педагагічнага калектыву ўстановы адукацыі «Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж» пад кіраўніцтвам выконваючага абавязкі дырэктара Вашынка Г.П. прыняла ўдзел у абласной канферэнцыі педагагічных работнікаў «Кампетэнцыі будучага для эфектыўнага развіцця Міншчыны» ў горадзе Дзяржынску.
У галоўным педагагічным форуме Мінскай вобласці ўдзельнічала больш за тры тысячы чалавек: намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Руды С.В., старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ісачанка А.М., намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Маркевіч І.С., начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскагаабласнога выканаўчага камітэта Апраніч Т.В., начальнікі камітэтаў і упраўленняў Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, старшыня Дзяржынскага райвыканкама Арцюшкевіч Н.І., лідары прафсаюзнага руху, педагогі вобласці, маладыя спецыялісты, ветэраны педагагічнай працы, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, кіраўнікі прадпрыемстваў – заказчыкі кадраў.
Выкладчыкі Ільянскага каледжа Смірноў Я.А., Кучко А.М., Буслаўская Т.І., Танюкевіч В.А. прадставілі педагагічнай грамадскасці Мінскай вобласці вопыт эксперыментальнай навукова-даследчай дзейнасці ў галіне ветэрынарнай медыцыны, якая ажыццяўляецца сумесна з навуковымі супрацоўнікамі УА «Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны».
Акрамя прысутнасці на плянарным паседжанні, працы на ўласнай інтэрактыўнай пляцоўцы, члены дэлегацыі мелі магчымасць у поўнай меры стаць удзельнікамі вялікага педагагічнага свята: наведалі майстаркласы (па дэкаратыўнапрыкладным, спартыўным, кулінарным і іншых накірунках), выставы, фотагалерэі, паглядзелі выступленні навучэнцаў па шматлікіх відах спорту, паўдзельнічалі ў флэшмобах і працы разнастайных майстэрняў.
Асабліва ўзнёслы настрой у педагогаў стварыў вялікі святочны канцэрт, які завяршыў педагагічны форум.
Ад’язжаючы дадому, удзельнікі канферэнцыі сталі багацейшымі не толькі на вялікую колькасць прафесійных кантактаў, ідэй, эмоцый і добрага настрою.
Каштоўным набыткам кожнага з нас сталі словы, якія асабліва падкрэсліла ў сваім выступленні на ўрачыстым паседжанні Апраніч Таццяна Валянцінаўна: «Наша агульная задача – садзейнічаць якаснаму змяненню адукацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу».
Таццяна БУСЛАЎСКАЯ, выкладчык, загадчык метадычнага кабінета УА «Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж»