Трэба адзначыць, што і вучні, і настаўнікі прыйшлі з іншых школ. Усе такія розныя, незнаёмыя… І дырэктару, якому тады не было і трыццаці гадоў, змог арганізаваць і павесці за сабой шматлікі калектыў настаўнікаў, вучняў і бацькоў. Бацькі, дарэчы, былі прыезджыя з усяго былога Савецкага Саюза, якія знайшлі работу на заводзе «Зеніт» і хутка атрымалі жыллё.
У першы год трэба было размясціць 1200 вучняў, якія прыйшлі ў новую школу. Спачатку, вядома, было складана, але і цікава. Уладзімір Міхайлавіч разумеў, што гэта часовая з’ява. На новым месцы ўсё стваралася ўпершыню. Мікрараён «Зеніта» быў заселены маладымі сем’ямі. Таму ў першы клас прыходзіла пра 200-250 вучняў.
Ёсць у Уладзіміра Міхайлавіча выдатная якасць распазнаваць людзей і давяраць ім. Умее ён спалучаць клопаты, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю, з удасканаленнем вучэбнай і выхаваўчай работы. Пад яго ўмелым кіраўніцтвам школа наладжвае сувязі з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Гэта давала магчымасць выпускнікам бліжэй пазнаёміцца з будучай прафесіяй. Адкрываліся профільныя класы. Метадычная служба пры яго актыўнай падтрымцы мэтанакіравана вяла работу па выкарыстанні новых тэхналогій. Частымі гасцямі ў школе былі карэспандэнты «Настаўніцкай газеты», пісьменнікі, дэлегацыі з Польшчы, Германіі.
Але не толькі арганізатарскімі здольнасцямі валодае Уладзімір Міхайлавіч. Ён адкрыты, справядлівы, чулы ў адносінах да людзей чалавек. Любіць вучняў, паважае і разумее бацькоў.
Усё ў яго жыцці адбылося як трэба. Пабудаваў дом, вырасціў сына,радуецца ўнукам. Пасадзіў не адно дрэва, і не толькі каля дома, але і вакол школы.
60 гадоў – гэта многа і мала. Многа – таму што накоплены пэўны жыццёвы вопыт. Мала – у такога энергічнага, актыўнага чалавека ўсё яшчэ наперадзе. Уладзімір Міхайлавіч, хай добрыя людзі і добрыя справы будуць з Вамі яшчэ многа гадоў.
Вера ЛАШУТКА.
Фота прадстаўлена аўтарам