Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Да 80-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларуcі з БССР

Ты з Заходняй, я з Усходняй

Нашай Беларусі,
Больш з табою ўжо ніколі
Я не разлучуся…
Аўтар гэтых вершаваных радкоў народны паэт Беларусі Янка Купала.
У верасні 1939 года, 80 гадоў назад, адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларуcі з БССР. Не засталася ў баку ад лёсавызначальных падзей і Вілейшчына. Сёння невыпадкова адна з цэнтральных вуліц раённага цэнтра носіць назву 17-га Верасня.
Да падзей 17 верасня 1939 года можна ставіцца па-рознаму, разглядаць іх як злачынства ці акт справядлівасці, шукаць аргументы і доказы да кожнага пункту гледжання. Але трэба памятаць галоўнае – тады была адноўлена цэласнасць нашай краіны і нашага народа. І хоць гэта адбылося не ў выніку нацыянальнай рэвалюцыі ці грамадзянскай вайны, вартасць гэтага аб’яднання не меншая.
1 верасня 1939 года гітлераўская Германія напала на Польшчу, чым развязала Другую сусветную вайну. Фашысцкія войскі захапілі амаль усю тэрыторыю Польшчы і ў сярэдзіне верасня падышлі да зямель Заходняй Беларусі, якія непасрэдна апынуліся пад пагрозай фашысцкага зняволення.

Дэлегаты Нечарговай 5-й сесіі Вярхоўнага Савета СССР, г. Масква, 31.10-2.11. 1939 г.

17 верасня 1939 года па распараджэнні савецкага ўрада войскі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу і ўзялі пад абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі. Большасць насельніцтва ўспрыняла гэта як акт гістарычнай справядлівасці. Чырвонаармейцаў віталі як сваіх вызваліцеляў. У многіх гарадах і вёсках пад кіраўніцтвам мясцовых камуністаў будаваліся так званыя брамы, падобныя на арку, якія ўпрыгожваліся кветкамі, партрэтамі Леніна і Сталіна. Так было і ў Вілейцы, па ўспамінах старажылаў, на перакрыжаванні сённяшніх вуліц Шубіна, Савецкая, Стаханаўская.
Прыход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь народны паэт Беларусі Максім Танк (Яўген Скурко) сустрэў у бацькоў у вёсцы Пількаўшчына (сёння Мядзельскі раён):
«17/IX.Не знаю, з чаго нават пачынаць запісваць падзеі гэтага дня. Хіба – з усходу сонца, якое хоць і дакладна ўзышло па календары, але гэта ўжо быў каляндар новага жыцця і іншы ўсход сонца…

Члены Паўнамоцнай камісіі Злева крайні – Малевіч, справа крайні – Грынцэвіч, 1939 г.

Я пазычаў у Глінскіх веласіпед, і мы ўсёй кампаніяй паехалі ў Мядзела, дзе, чуваць, была ўжо Чырвоная Армія. І сапраўды, з Навасёлкаў мы ўбачылі натоўп сялян, якія віталі байцоў, крычалі «Ура!», калі міма праходзілі машыны, танкі. Увесь гэты бясконцы паток людзей, не бачанай намі тэхнікі з шумам і грукатам пераможна плыў на захад…», запісаў ён у сваім дзённіку.
Фрагменты дзённікаў паэта, якія Максім Танк пісаў да 1939 года і якія, як кажуць, цудам уцалелі, амаль праз трыццаць год былі выдадзены асобнай кнігай «Лісткі каляндара» – першая празаічная кніга вядомага беларускага паэта.
Гартаю старонкі кнігі і з вялікім задавальненнем чытаю тыя запісы, якія датычацца Вілейкі, і як бы разам з паэтам у думках пераношуся ў мінулае свайго горада, уяўляю тыя месцы, дзе бываў паэт, людзей, з якімі працаваў, сустракаўся, сябраваў…
Менавіта з незабыўных вераснёўскіх дзён пачынаецца новы перыяд у жыцці і творчасці Максіма Танка. У кастрычніку 1939 года ён зноў вяртаецца ў Вілейку:
«25/X. Праз шмат год зноў апынуўся ў старой і знаёмай мне Вілейцы. Зараз цяжка пазнаць гэты былы захалусны павятовы гарадок, слаўны сваім высачэзным касцёлам і пабудаванай яшчэ пры цары турмой. Калі глядзіш на гэты горад з боку лугу, яго разнаколерныя аднапавярховыя домікі, платы здаюцца бялізнай, развешанай на даўжэзнай вяроўцы, нацягнутай над перапоўненым зеленаватай вадой карытам Віллі…
Ішоў я старымі, знаёмымі вуліцамі, якія амаль зусім не змяніліся, асталіся такімі ж, якімі былі 15-10 год таму назад. Толькі дзе-нідзе над былымі крамамі віселі новыя шыльды: «Абутковы магазін», «Хлеб», «Кнігі і школьныя прылады.»
28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Самыя дастойныя прадстаўлялі Вілейшчыну на сходзе, сярод іх: віляйчанін Антон Сямёнавіч Малевіч, Ганна Аляксеўна Новік з в. Варонічы, Фёдар Мікалаевіч Камінскі з в. Забар’е, Мікалай Іосіфавіч Грынцэвіч з в. Савіна, Пётр Міронавіч Шушкевіч.
Дэлегаты з’езда аднагалосна прынялі па дакладу С.В. Прытыцкага дэкларацыю аб устанаўленні савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, а таксама аднадушна выказаліся і за ўваходжанне ў БССР.
«28/X. Заўтра ў Беластоку адкрываецца Народны сход. Шкада, што я заняты пераездамі – з Вільні ў Пількаўшчыну, з Пількаўшчыны ў Вілейку, – не змог паехаць нейкім карэспандэнтам ці звычайным гледачом у Беласток. Тое, што там адбываецца, мне як паэту Заходняй Беларусі трэба было пабачыць на свае вочы і чуць сваімі вушамі. Перажытае самім не заменяць ніякія самыя дакладныя справаздачы, карэспандэнцыі, рэаляцыі, апавяданні іншых.»
Дэпутаты Народнага сходу аднадушна вырашылі звярнуцца ў Вярхоўны Савет СССР з просьбай аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні з БССР. Для перадачы гэтага рашэння была выбрана Паўнамоцная камісія ў складзе 66 чалавек, у якую ўвайшлі і прадстаўнікі Вілейшчыны – Антон Сямёнавіч Малевіч і Мікалай Іосіфавіч Грынцэвіч. Гэта ім пашчаслівіла прадстаўляць народ Заходняй Беларусі на Нечарговай 5-й сесіі Вярхоўнага Савета СССР, якая праходзіла з 31 кастрычніка па 2 лістапада 1939 года ў Маскве. Там 2 лістапада ў Крамлёўскім Палацы Антон Сямёнавіч Малевіч выступіў з самай высокай трыбуны краіны з хвалюючай прамовай, якую закончыў уласным вершам:
Прымі ж, наша партыя,
Прымі ж сыноў родных
У вашу сямейку
Рэспублік свабодных!
Удзельнікі сесіі сустрэлі выступленне А.С.Малевіча ўсхвалявана, апладысментамі і выклікамі «Ура».
Сесія прыняла Закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР. 12 лістапада 1939 года Нечарговая 3-я сесія Вярхоўнага БССР пастанавіла: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і аб’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве.»
У выніку аб’яднання тэрыторыя БССР на той час павялічылася са 125,6 тыс. кв. км да 225,6 тыс., насельніцтва рэспублікі – з 5 млн. 562 тыс. чалавек да 10 млн. 239 тыс. На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі было ліквідавана ранейшае адміністрацыйнае дзяленне і створана пяць абласцей: Баранавіцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і Беластоцкая.
Вілейка – ціхі правінцыяльны гарадок – па ўказе Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 снежня 1939 года становіцца абласным цэнтрам. У горадзе пачынаюцца сацыялістычныя пераўтварэнні. Перш за ўсё нацыяналізуюцца друкарні (іх было дзве), аптэкі, уладанні прамысловікоў і гандлёўцаў, гасцініцы з такімі гучнымі назвамі «Асторыя», «Бельгія», «Англія», «Еўропа»і іншыя.
Ліквідуецца панскае землеўладанне. Беззямельныя і малазямельныя сяляне атрымліваюць надзелы, якія раней належалі панам, асаднікам і кулакам. Ствараюцца першыя калгасы і саўгасы. З усходу пачынаюць паступаць трактары, машыны, тэхнічнае абсталяванне.
У Вілейцы наладжваюць вытворчасць два лесапільныя заводы:»Беларусь» і «Перамога» (цяпер ААТ «Буддэталі»). Магутнасць завода «Беларусь» – 20 000 кубічных метраў лесу ў год. Пры заводзе быў млын, магутнасць якога – 2,5 тоны мукі ў суткі. Млын перапрацоўваў жыта для горада і навакольных вёсак. На заводзе «Беларусь» у 1940 годзе працавала 50 рабочых. Завод планавалася пераабсталяваць пад выраб буддэталяў для будаўніцтва горада. Магутнасць лесапільнага завода «Перамога» ў 1940 годзе складала 20 000 кубаметраў лесу ў год. Пры заводзе таксама быў млын, магутнасць якога – 4 тоны мукі ў суткі. На заводзе працавалі 45 рабочых.
У Вілейцы арганізоўваецца аўтакалона, якая мае некалькі дзясяткаў аўтамашын. Наладжана пасажырская сувязь з адной трэцяй раёнаў вобласці. У Куранецкі і Ільянскія раёны аўтамашыны ходзяць двойчы ў дзень – раніцай і вечарам. Адкрыта пасажырская сувязь з Мінскам.
З устанаўленнем Савецкай улады ў заходніх абласцях Беларусі пачынаецца сапраўды культурная рэвалюцыя. У 1940 годзе на асвету, ахову здароўя, культуру выдзяляюцца асігнаванні. У Вілейцы пачынаюць працаваць беларуская школа, Дом піянераў, дзіцячая тэхнічная станцыя.
Горад Вілейка як абласны цэнтр становіцца своеасаблівым паказчыкам таго, як ідзе будаўніцтва новага жыцця. 4 сакавіка 1940 года ў прысутнасці прадстаўнікоў партыйных, савецкіх і грамадскіх арганізацый адкрываецца новы кінатэатр, разлічаны на 150 месцаў і абсталяваны новай гукавой апаратурай. З 5 сакавіка ён адчынены для наведвальнікаў, дэманструецца мастацкі фільм «Наезднік з Кабарды». Вілейская бальніца бясплатна (а тады гэта была здзіўляючая навіна) лечыць людзей. У 1940 годзе на ахову здароўя было зрасходавана ў вымярэнні таго часу 23 рублі 50 капеек на аднаго чалавека.
З лістапада 1939 года пачала выходзіць абласная газета «Вілейская праўда», яна мела двайную нумарацыю як працяг сваёй папярэдніцы «Віленскай праўды». Рэдакцыя размяшчалася ў доме №7 па вул. Георгіеўскай (цяпер – Вадап’янава , будынак Палаца культуры), друкарня побач – у доме № 13. Газета вяла палітычную і агітацыйную работу сярод насельніцтва, змяшчала матэрыялы пра грамадскае і культурнае жыццё ў горадзе і павеце. Так, 2 снежня 1939 года было надрукавана рашэнне Часовага ўпраўлення павета аб перайменаванні вуліц у Вілейцы. Больш за 30 гарадскіх вуліц памянялі назвы: 11 лістапада – 17 Верасня, Рачкевіча – Молакава, 3 Мая – Кастрычніцкая, Арлоўскага – Дзяржынскага, плошча Георгіеўская – пл. Свабоды, гарадскому парку прысвоілі імя Чкалава.
З 17 лютага 1940 года газета змяніла назву на «Сялянская газета» і пачала выходзіць з новай нумарацыяй. У рэдакцыі газеты працуе 30 чалавек, 15 з іх тэхнічныя работнікі. У штаце рэдакцыі ўжо склаўся даволі прафесійны, творчы калектыў, вядомыя ўжо на той час паэты: Максім Танк, Алесь Дубровіч, Мікалай Вішнеўскі, Наталля Арсеньева. Як успамінаў Максім Танк, рэдакцыю абласной газеты наведваў і вядомы мастак Язэп Драздовіч і, нібыта, некаторы час працаваў у штаце рэдакцыі.
«27/XI. Як хутка Вілейка мяняе сваё аблічча! Быццам нехта разбудзіў гэты горад, і ён ажыў, пачаў раптам будавацца, як не будаваўся за ўсю сваю гісторыю. Кожны дзень перавозяць сюды апусцелыя асадніцкія ды панскія асабнякі. Трэба было б некаму запісваць і ўчарашні, і сённяшні дзень Вілейкі, найбольш слаўныя даты, імёны былых падпольшчыкаў-рэвалюцыянераў. А то агледзімся мы, ды будзе позна, калі ўсё пакрыецца пылам забыцця. У кожным горадзе, пасёлку трэба, каб быў свой летапісец, каб нічога, вартага ўвагі, не загінула. Бо ніводная газетная хроніка не можа ахапіць усяго, ды часта яе аб’ектыў бывае пастаўлены толькі на парадную старану жыцця…», – пісаў Максім Танк у сваіх дзённіках.
Час ішоў, адзіная Беларусь мацнела ў складзе СССР, а зараз займае дастойнае месца ў свеце як суверэнная дзяржава. Дата 17 верасня 1939 года – бадай, адна з самых неадназначных у найноўшай гісторыі Беларусі. І з вышыні сённяшніх дзён гістарычная падзея ўз’яднання беларускіх зямель у 1939 годзе бачыцца як лёсавызначальная.
Шмат цікавых звестак пра той час можна знайсці на старонках гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Вілейскі раён», а таксама ў Вілейскім краязнаўчым музеі.
Вольга КОЛАСАВА,
навуковы супрацоўнік
дзяржаўнай ўстановы «Вілейскі
краязнаўчы музей»

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 146 queries