Адбыўся IV раённы дзіцячы пленэр імя Н.Ю. Сілівановіча, прысвечаны 100-годдзю пачатку Першай сусветнай вайны. Традыцыя пачалася ў 2011 годзе. Першы пленэр быў прысвечаны знакамітаму земляку мазаіцысту Нікадзіму Юр’явічу Сілівановічу – гонару Вілейскага раёна. Яго мазаікі ўпрагожваюць Ісакіеўскі сабор у Санкт-Пецярбургу. Апрача мазаік, Н. Ю. Сілівановіч пісаў палотны, вялікая колькасць якіх знаходзіцца ў Літоўскім мастацкім музеі. А карціна «Салдат з хлопчыкам» – у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. У гэтым годзе нашы юныя мастакі працавалі над тэмай 100-годдзя з пачатку Першай сусветнай вайны. На працягу амаль што тыдня яны наведвалі месцы, звязаныя з яе падзеямі. Вёскі Заброддзе, Рускае Сяло і горад Смаргонь, які амаль 800 дзён быў у блакадзе падчас Першай сусветнай вайны. У пленэры прыняло ўдзел 18 чалавек. Гэта навучэнцы УА «Вілейскай гімназіі №1 «Логас» і дзеці, якія займаюцца ў студыі выяўленчага мастацтва Эдуарда Уладзіміравіча Мацюшонка.
Вынікам IV раённага дзіцячага пленэра стала выстава лепшых работ удзельнікаў пленэра, прэзентацыя якой адбылася 14 чэрвеня падчас яго ўрачыстага закрыцця. Усе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі.
Хочацца сказаць словы ўдзячнасці раённаму выканаўчаму камітэту і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру», якія аказалі падтрымку ў правядзенні IV раённага дзіцячага пленэра.
Надзея АЎДЗЕЙ,
навуковы супрацоўнік Вілейскага
краязнаўчага музея



