За першае месца спаборнічалі тры маладыя пары. Удзельнікі – сем’і Святланы і Васіля Занкавічаў-Місюль, Кацярыны і Дзмітрыя Бандарэнкаў, Святланы і Сяргея Ролічаў – моцныя і надзейныя. Падчас візіткі яны шчодра паказвалі свае таленты, спявалі, прытанцоўвалі. Сваімі творчымі магчымасцямі ўразіла сям’я Бандарэнкаў – яны стварылі сапраўдную літаратурна-музычную кампазіцыю: Кацярына прадставіла карціну, якую намалявала сама, і чытала верш, а муж Дзмітрый у той час акампанаваў ёй на гітары… Дамашнім заданнем была фірменная страва ад кожнай сям’і, а вось самую «тоўстую» сям’ю вызначалі падчас жартаўлівых конкурсаў – з дапамогай вяроўкі. Вызначалі і тое, як кожная жонка клапоціцца пра свайго мужа. А ўсе тры мужчыны, дарэчы, працуюць у лясгасе. Потым было ўсё – і «Танцавальны вінегрэт», і музычныя нумары ў выкананні работнікаў Дома культуры, і цікавы конкурс «Пабудуй дом», калі мужу прапаноўвалася надзьмуць паветраны шарык, а жонцы – размаляваць яго і «засяліць» членамі сваёй сям’і… Адным словам, членам журы, у якім былі старшыня сельвыканкама Валянціна Навасёлак, медыцынская сястра бальніцы сястрынскага дагляду Алеся Дзевяцень і дырэктар школы Святлана Хадановіч, было за што ацаніць канкурсантаў, якія на ўсе сто праявілі сябе і свае таленты. А паглядзець на прыгожых маладых людзей і падтрымаць іх прыйшлі не толькі равеснікі, але і людзі сталага ўзросту.
Пераможцамі, якія атрымалі суперпрыз – дрэва шчасця, стала сям’я Занкавіч-Місюль. Між іншым, стаж іх сумеснага жыцця большы, чым у астатніх удзельнікаў. І дзетак таксама ўдвая болей – падрастаюць два хлопчыкі. Другой стала сям’я Бандарэнкаў, а трэцяй – сям’я Ролічаў. У іх пакуль – па адной дачушцы. Але наконт такога размеркавання месцаў на пераможным п’едэстале нараканняў не было – усе сем’і атрымалі добрыя падарункі для дома. Вось і скажыце, ці сумна жывецца на вёсцы?
Таццяна ШАРШНЁВА
Чыя сям’я самая «тоўстая»?
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов