Настаўнік з вялікай літары, «Выдатнік адукацыі Беларусі», чалавек адданы сваёй працы, які прысвяціў больш сарака гадоў выхаванню дзяцей. У яе адзінае месца працы за ўсё жыццё, адзіны запіс у працоўнай кніжцы – усё гэта пра Марыю Анатольеўну Дзяруга, намесніка дырэктара па навучальнай рабоце Вілейскай спецыялізаванай агульнаадукацыйнай школы-інтэрнат.
Калегі Марыю Анатольеўну Дзяруга характарызуюць як высокаадукаванага кампетэнтнага педагога, прафесіянала, які валодае высокай адказнасцю, творчым падыходам да справы і прафесіяналізмам. Яе любяць вучні, паважаюць калегі і бацькі, да яе звяртаюцца за парадай і дапамогай сённяшнія вучні і штогод прыязджаюць і тэлефануюць выпускнікі. А як інакш – чатыры дзясяткі гадоў з дзецьмі на роўных, слухаць іх і ўмець чуць патрэбы і перажыванні кожнага.
Сваё дзяцінства Марыя Анатольеўна ўзгадвае з вялікай пяшчотай. Родная вёска Арпа, бацькоўская хата ў былым панскім двары, вясковыя краявіды і той лад жыцця, калі ніхто не замыкаў дзвярэй, калі жанчыны збіраліся разам мяць лён у двары, а яны, малыя дзеці, побач круціліся каля мяліц ў гэтым паветры, поўным пылу і кастрыцы, але лепш за гэтыя бесклапотныя часы не было нічога…
– Кожны дзень я хадзіла шэсць кіламетраў у школу і назад у Касцяневічы, – узгадвае Марыя Анатольеўна. – За дарогу вывучыш верш ці тэарэму, якую задавалі, бо, прыйшоўшы дадому, трэба рабіць хатнюю работу: нанасіць дроў, дапамагчы бацькам даглядзець скаціну, а было дзве каровы і конь, усё лета варочаць і прыкладаць сена, палоць дзялкі буракоў, ды якой работы толькі не было ў вёсцы.
Сапраўды, вясковыя дзеці шмат працавалі, але заўжды знаходзілі час і пазабаўляцца.
– Неяк я спытала ў сваіх маладых калег, ці ведаюць яны, што такое дрында. Не – прагучала ў адказ. А мы дзецьмі з вялікай «Віктаравай гары» каталіся на дрындзе – прыстасаванні накшталт выгнутых жалезных палазоў, на якія станавіліся, бывала, і ўтрох.
Касцяневіцкая школа вывела ў жыццё не адзін дзясятак вядомых урачоў, інжынераў, педагогаў. Дзеці смела паступалі ва ўніверсітэты – такі высокі ўзровень падрыхтоўкі быў і ў тыя часы. Вось і наша гераіня, скончыўшы дзесяць класаў, без цяжкасцей паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Леніна, а неўзабаве прыйшла працаваць у школу-інтэрнат.
– Я пачынала спачатку піянерважатай, выхавальнікам, затым была прызначана намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце і вось да гэтага дня працую намеснікам па навучальнай рабоце. Усё жыццё прайшло тут – і аб гэтым ніколькі не шкадавала. Былі прапановы перайсці ў іншыя ўстановы, на іншыя пасады, але я па сённяшні дзень застаюся адданай сваёй установе. Гэта маё жыццё… Падсвядома ты 24 гадзіны на працы, бо, нават калі пайшоў дадому, у думках ты на працы. І па-іншаму не атрымоўваецца, – прызнаецца Марыя Анатольеўна.
Як адзначае наша гераіня, ёй вельмі пашанцавала з калектывам. «Гэта ўсе, як адзін, адданыя сваёй справе прафесіяналы», – адзначае Марыя Анатольеўна. І сапраўды, за гэтыя гады калектывам школы-інтэрната назапашаны такі вялікі вопыт, што ўстанова па праву лічыцца адной з лепшых не толькі ў вобласці, але і краіне. А якая матэрыяльна-тэхнічная база ў школе, можна толькі пазайздросціць і парадавацца за навучэнцаў. Кожны клас абсталяваны камп’ютарамі, тэлевізарамі, у школе адзінаццаць інтэрактыўных дошак. Усё гэта вынік штодзённай мэтанакіраванай працы калектыву і кіраўніцтва школы па арганізацыі навучальнага і выхаваўчага працэсу. Ужо не кажучы пра базу для карэкцыйнай дапамогі выхаванцам інтэрната, для іх пражывання і адаптацыі ў самастойнае жыццё. Да таго ж, у Мінскай вобласці гэта самая вялікая школа – 169 навучэнцаў, з якіх 75 сірот. Кожнага ведае Марыя Анатольеўна асабіста і з многімі не губляе кантактаў і праз дзесяць, дваццаць год.
– Вось нядаўна тэлефанаваў былы вучань, падзяліцца навіной, што яго дачка скончыла педуніверсітэт. Сам займаецца прадпрымальніцтвам, вырошчвае памідоры, нават перыядычна прапаноўвае даслаць насенне. Прыемна, калі прыходзяць, тэлефануюць, каб параіцца, пагаварыць, падзяліцца навінамі – значыць, мы працуем не дзеля галачкі… Есць адзін вучань, які жыве ў ЗША, абавязкова раз на год тэлефануе нам. Аднойчы сказаў, што калі б не вілейская школа, магчыма, не стаў бы тым чалавекам, якім з’яўляецца зараз.
І гэта найлепшая адзнака працы ўсяго калектыву і асабіста Марыі Анатольеўны, якая кожны дзень на працягу апошняга паўвека свайго жыцця пераступае парог вілейскай школы-інтэрната.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара