Жнівень. Лета, якога дзеці чакалі з такім нецярпеннем, заканчваецца. А здаецца, толькі ўчора адклалі хлопчыкі і дзяўчынкі падручнікі і з вялікай радасцю акунуліся ў пару адпачынку, вандровак і адкрыццяў… Эх, як хутка ляціць час! І вось ужо многае з запланаванага збылося, а цікавыя вандроўкі — у мінулым. Засталіся прыемныя ўспаміны аб іх, а таксама – новыя веды, уражанні, фізічная загартоўка, уменне пераадольваць выпрабаванні і… неадольнае жаданне новых падарожжаў і адкрыццяў.
Вось і ў хлопчыкаў і дзяўчынак з турыстычнага клуба «Чарапашкі» пры цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якімі на працягу многіх гадоў кіруе апантаны сваёй справай чалавек Міхаіл Петух, такіх уражанняў шмат. Разам з Міхаілам Мікалаевічам яны пабывалі ў розных месцах нашай краіны і на свае вочы ўбачылі прыгажосць роднага краю, даведаліся шмат цікавага пра мінуўшчыну, пранікліся клопатам за заўтрашні дзень радзімы. Якім ён будзе, у многім залежыць ад іх, сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ў турыстычным клубе вучацца любіць родны край, берагчы прыроду, шанаваць усё жывое і нежывое, што знаходзіцца вакол іх.
Наша газета не раз расказвала пра цікавыя вандроўкі «Чарапашак». Нястомныя, цікаўныя, яны заўсёды ў пошуку нязведанага. Вось і зусім нядаўна яны вярнуліся з паходу па Пастаўскім і Мядзельскім раёнах. Дзевяць дзён доўжылася вандроўка, у якую адправіліся юныя турысты-даследчыкі ва ўзросце ад васьмі да чатырнаццаці гадоў разам з педагогам Міхаілам Петухам.
– Мае падарожнікі многае ўбачылі, аздаравіліся – адпачылі ды накупаліся, а галоўнае – многаму навучыліся, – расказаў ён. – Узяць, да прыкладу, Рамана Мікуліча з пятай гарадской школы і Аляксея Усаценку, які вучыцца ў першай. Ды яны ж, удзельнічаючы ў вандроўках, у тым ліку і шляхам графа Тышкевіча, сталі сапраўднымі даследчыкамі Віліі! Усё, калі трэба, раскажуць пра чысціню яе вады, раслінны свет…
Падарожнічаючы па Пастаўшчыне, турысты адпачылі ля возера, наведаліся на месца былой ракетнай базы ў гэтым раёне, пабывалі ля ракетнай шахты. А хіба забудзецца, як, ходзячы па лесе, «выпадкова» (для педагога гэта, канешне ж, не было выпадковасцю) натрапілі на мемарыял, ля якога, нібыта кропелькі крыві, «рассыпаліся» суніцы!
Незабыўныя ўражанні засталіся ў юных ад прыгожага гарадка Паставы, які стаіць на рэчцы Мядзелка. Уразілі тутэйшыя храмы і, безумоўна, галоўная знакамітасць горада – палац Тызенгаўза, будаўніцтва якога ішло з другой паловы XVIII і ўсю першую палову XIX стагоддзяў. Тут жыў знакаміты род Тызенгаўзаў, які праславіў гэтыя мясціны. Адзін з самых адукаваных людзей таго часу граф Антоній Тызенгаўз, яго пляменнік Канстанцін, які пабудаваў палац у стылі класіцызму… Юныя падарожнікі, напэўна, будуць памятаць гэтыя імёны, як не забудуць і сам палац, прыгожы парк ля яго, дзе растуць экзатычныя расліны.
Каб чытачы не падумалі, што юныя турысты толькі захапляліся хараством прыроды ды знакамітымі мясцінамі гарадоў і вёсак, адзначу, што хлопчыкі і дзяўчынкі ў час паходу вялі даследчыцкую работу. Так, бываючы ў вёсачках, правяралі якасць пітной вады. У нейкіх гаспадароў зусім блізка ад калодзежа ўбачылі кучу смецця – і ўжо без праверкі можна было меркаваць, якая тут вада. А вось суседскі калодзеж размяшчаўся па ўсіх правілах, таму нараканняў на якасць пітной вады не было. Мясцовыя жыхары цёпла прымалі турыстаў. гутарылі з імі, запрашалі ў госці. Вось як напісалі пра гэта пасля вандроўкі Раман Мікуліч і Антон Каляга: «На бліжэйшым хутары з дазволу гаспадыні мы зрабілі свой палатачны гарадок. Гаспадыня частавала нас гароднінай, ягадамі, а яе вялізны сабака Амур быў зусім не страшны, а вельмі добры. Мы дапамагалі бабулі насіць сена, кармілі яе каня і карову. Самым дзіўным было тое, што 85-гадовая бабуля касіла сама… Наступнай раніцай мы з ёй развіталіся, і яна запрасіла наведацца да яе яшчэ».
Гэтыя ўражанні юных турыстаў прачытала я ў іх маленькіх справаздачах аб вандроўцы, дзе размова ідзе пра азёры і гістарычныя помнікі, расліннасць і жывёльны свет, якія вельмі запомніліся. І не менш – такія вось кароценькія сустрэчы з працавітымі людзьмі, жывой гісторыяй нашага краю. Што і казаць, важныя выхаваўчыя моманты «выпадкова» прадугледзеў педагог для сваіх выхаванцаў…
Ёсць у Юрася Свіркі такія радкі:
А ўсё ж вінаваты і я:
Суладдзе ў прыродзе парушана…
Так могуць сказаць многія. Толькі не юныя даследчыкі з клуба «Чарапашкі» і іх вопытны педагог. Якраз жа яны робяць усё магчымае, каб гэтае прыроднае суладдзе не парушылася. А яшчэ – знаёмяцца з багатай мінуўшчынай, без ведаў пра якую не ўяўляецца і будучыня.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена Міхаілам ПЕТУХАМ