Іван Сяліцкі, фермер з Даўгінава, – адзін з кагорты тых, хто некалі на свой страх і рызыку асмеліўся заняцца сваёй справай. А гэта, не сакрэт, зусім не гарантуе лёгкіх шляхоў, тым больш што справай жыцця чалавек выбраў не бізнэс «купі-прадай», а адвечную нялёгкую працу на зямлі. Гэта не абяцае лёгкага. Зразумела, што патрэбна вельмі многа працы ўкласці ў зямельку, каб атрымаць ад яе, карміцелькі, аддачу.
– Чаму стаў фермерам? – перапытаў мяне Іван Францавіч і, на хвілінку задумаўшыся, адказаў: – Не буду гаварыць высокіх слоў, як нярэдка здараецца чуць. Маўляў, не мог паступіць інакш, хто, калі не я… У мяне прычына стаць фермерам і атрымліваць дастойны заробак ад сваёй працы была даволі празаічная – нам з жонкай Марынай Іванаўнай трэба было падымаць траіх сыноў, думаць пра іх далейшую вучобу. Трэба сказаць, што праца на зямлі мне, вясковаму чалавеку, была знаёма з дзяцінства. Ды і адукацыю маю адпаведную – Мар’інагорскі тэхнікум, дзе нас вучылі на загадчыкаў падраздзяленняў. Грунтоўная была падрыхтоўка, многа патрэбных ведаў далі мне тыя гады… Пасля вучобы працаваў у мясцовай гаспадарцы, у сельсавеце, а ў 2001 годзе ажыццявіў сваю задумку і стаў фермерам. На той час меў самаробны трактарчык, такія-сякія сельгаспрылады. З гэтым і пачынаў.
Традыцыйная сялянская гаспадарка – так характарызуе Іван Францавіч сваю, калі можна так сказаць, структуру. Асноўная праца выконваецца членамі сям’і Сяліцкіх (балазе, сёння ўжо набыта ў гаспадарцы сучасная тэхніка, што дазваляе гэта рабіць), на сезонныя ж работы запрашаюцца памочнікі. Сорак гектараў зямлі ў фермера, на якіх вырошчваецца гародніна, без якой мы, беларусы, не ўяўляем свайго існавання. Хрумсткая капустачка, барвовыя бурачкі, кладоўка вітамінаў морква, разварыстая бульбачка – усім гэтым багата зямелька Сяліцкіх. У апошні час фермерская гаспадарка набыла крыху і жывёлы.
– Як сёлета ўраджай гародніны і дзе яе рэалізоўваеце? – пацікавілася ў Івана Францавіча.
– Ураджай нармальны, грэх скардзіцца, – пачула ў адказ. – Мая мама Ірына Іванаўна звычайна перажывае, калі ўбіраем гародніну: толькі б збыць яе, маўляў. Збываем. Рэалізоўваем звычайна па базах спажыўкааперацыі, вазілі гародніну і на кірмаш у Вілейку. Свая сям’я, родныя, знаёмыя таксама спажываюць нашу прадукцыю, якасць якой магу гарантаваць.
Прыхільнік традыцыйнага вядзення сельскай гаспадаркі, Іван Сяліцкі прытрымліваецца вопыту продкаў ва ўсім. Калі сеяць, убіраць, араць, уносіць угнаенні вучыць яго мудры дзедаўскі каляндар. Калі яго прытрымлівацца, то хапае часу на ўсё. Што датычыць угнаенняў, то фермер аддае перавагу арганіцы, стараючыся як найменш выкарыстоўваць «хіміі» – так больш надзейна. Жаданне карміць людзей сапраўды вітаміннай, карыснай прадукцыяй – адно з галоўных у майго субяседніка. І тут ужо на першы план выходзіць сваё – уяўляюцца свае дзеці, якія жывуць і працуюць у гарадах. Хіба не хочацца бацькам, каб на іх стале была толькі карысная прадукцыя? Уклад гаспадаркі Сяліцкага ў гэту справу адметны.
– Вось і сёлета я атрымаў той жа, напрыклад, капусты недзе сто тон, – разважае ён. – Гародніны чыстай, добрай. Па статыстыцы, адной беларускай сям’і на зіму трэба ў сярэднім сто кілаграмаў капусты. Вось і лічыце, колькі сямей забяспечыла гэтай гароднінай толькі мая гаспадарка…
Увогуле ж, лічыць Іван Францавіч, будучыня ў падобных невялікіх і сярэдніх гаспадарак вялікая. Чаму? Ды таму, што прасцей убіраць ураджай – за некалькі дзён спарадкуеш вырашчанае без страты. З другога боку, многа значыць пачуццё гаспадара, які сам вырашае, як і калі яму сеяць і ўбіраць, дзе збываць і чым апрацоўваць. Урэшце, у іншых краінах свету на такія дробныя гаспадаркі арыентуюцца ўжо даўно.
– Прыходзім да гэтага і мы, – разважае Сяліцкі. – Вунь і ў раёне ўжо колькі фермераў. Падтрымліваем сувязь з калегамі, сустракаемся, дзелімся вопытам. Канешне ж, няпростая наша справа, адказная. Напачатку было рознае, ды, мусіць, пакуль гузоў не наб’еш і не навучышся пераадольваць перашкоды, нічога добрага не атрымаецца.
І ўсё ж, сказаў на развітанне мой субяседнік, інакшай жыццёвай дарогі сабе і не ўяўляе. Ён, як і належыць сапраўднаму мужчыну, змог забяспечыць сваёй сям’і нармальнае жыццё; дапамог дзецям разабрацца ў няпростым дарослым свеце, даўшы кожнаму права самастойна вызначыцца з выбарам прафесіі; з задавальненнем робіць сваю справу і ўпэўнены, што яна – самая лепшая і патрэбная. У яго многа планаў і задумак, якія абавязкова ажыццявяцца. Бо пяцьдзясят – гэта узрост са сплаву вопыту, прафесіяналізму, сілы і жыццёвай мудрасці. І невялікай гаспадарцы Сяліцкага, якая робіць вялікую справу, расці і развівацца.
Ірына БУДЗЬКО
У ТЭМУ
На тэрыторыі Даўгінаўскага сельсавета зарэгістравана і працуе сем фермерскіх гаспадарак. Усе яны, як адзначыла кіруючы справамі сельвыканкама Галіна Ханашчак, займаюцца раслінаводствам. Бульба, буракі, капуста, морква, цыбуля – вось асноўныя культуры, якія вырошчваюць фермеры.
– А ў бягучым годзе яшчэ і памідоры дадаліся да гэтага пераліку, – удакладніла Галіна Іванаўна. – Сын нашага фермера Аляксандр Жаўток з жонкай Крысцінай гэтай нялёгкай справай заняліся. Зусім маладыя яшчэ людзі, маюць дзвюх дачушах, а вось жа ёсць і час, і жаданне для нялёгкай працы. Вось і сёлета зайшла да іх на ўчастак, паглядзела на плантацыю памідораў. Моцныя, адзін у адзін, аж блішчаць на сонейку… Прыгажосць! Крышку далей – прыгажуны-перцы, баклажаны. Гэта ж столькі працы ўкладаецца ў гэта!
Прыемна, што ўсё больш і больш маладых людзей, як і іх бацькі, звязваюць сваё жыццё з працай на зямлі, далучаюць да гэтай высакароднай справы і сваіх дзетак. А зямелька накорміць і апране, абавязкова аддзячыць працавітым і руплівым.



МОЛОДЦЫ !ОЧЕНЬ ХОРОШИЕ ,ОТЗЫВЧИВЫЕ ЛЮДИ . ДАЙ БОГ ИМ СЧАСТЬЯ ,ЗДОРОВЬЯ И СИЛЫ ПРОДОЛЖАТЬ СВОЕ ДЕЛО . ПОКА ЕСТЬ ТАКИЕ ЕЩЕ ЛЮДИ ДЕРЕВНЯ НЕ УМРЕТ .