Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Бульба пачалася

Жнівеньскія ранкі, затканыя павуціннем, неўпрыкмет змяніліся на вераснёўскія, ахінутыя туманам. Першы званок у школах, лістота, што прыкметна ўжо пачынае жоўкнуць, і горка-салодкі пах спаленага бульбоўніку – тое, што яскрава сведчыць пра пачатак верасня. У гэты час людзі, сутыкаючыся з пэўнымі нязручнасцямі ў рабоце гарадскога транспарту, таму, хто скардзіцца на гэта і падымае гвалт, спакойна тлумачаць: “Бульба ж пачалася”. І чалавеку, які хоць нейкім чынам знаёмы з працай на зямлі, гэтых слоў павінна быць дастаткова. Бо, пакуль надвор’е спрыяе, трэба паспець спарадкаваць тое, чым шчодра ўрадзіла. У гаспадарках раёна пачалася ўборка бульбы. І штораніцы, пачынаючы з мінулага панядзелка, на пляцоўцы каля мэблевага магазіна ўжо мнагалюдна. Аўтобусы чакаюць, пакуль будуць вырашаны ўсе неабходныя арганізацыйныя фармальнасці, каб везці сваіх пасажыраў туды, дзе праца іх рук запатрабаваная, – у Сцешыцы, Любань, Нарач, Асіпавічы, Язні, Чурлёны, Іжу…
Падышоўшы да групы жанчын, даведалася, што іх брыгада накіроўваецца якраз туды, у Іжу. Пяцьдзясят чатыры чалавекі – менавіта столькі налічвала яна ў гэты панядзелак, і такой колькасцю “кіруе” брыгадзір Наталля Сухаплешчанка. Людзі яе хваляць, кажуць, дысцыпліну трымае. А без дысцыпліны – якая работа, такі і заробак. Працуючы “за працэнт”, усе гэта разумеюць. Таму і стараюцца. “Нікуды з баразны не выходзім, пакуль не скончым”, – так кажа адна з жанчын. А іх рабочы дзень, дарэчы, канчаецца а палове пятай, а то і ў пяць гадзін вечара. У Іжу гэта брыгада ездзіць ужо з пятніцы, а да ўборкі бульбы працавала “на цыбулі” ў Любані. У складзе яе і пенсіянеры, і “біржавікі”, і тыя, хто спецыяльна ўзяў адпачынак, каб запасціся на зіму агароднінай. Між тым,людзі, якія ездзяць “на бульбу”, ведаюць, як і чарніц, брусніцаў ды лісічак знайсці ў вольны час. “Зіма вялікая – усё пад’есць”, – у народзе так кажуць нездарма. Таму і лічаць жанчыны з “іжанскай” брыгады, што тым, у каго магчымасць і жаданне працаваць ёсць, грэх гэтага не скарыстаць.
А працавітых людзей у нас шмат. Як расказала Таццяна Цітуленка, начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, сёлета колькасць жадаючых працаваць на ўборцы гародніны дасягнула прыкладна шасцісот чалавек. У жаданні працаўладкавацца не адмовілі яшчэ нікому. Усе заяўкі сельгаспрадпрыемстваў на сёння таксама цалкам выконваюцца. І пакуль месяц-паўтара будзе доўжыцца “ўборачны ажыятаж”, як расказала Таццяна Чаславаўна, каля двухсот чалавек унесены ў дадатковы спіс і чакаюць, пакуль гарачая пара спадзе. Бо на чарзе – уборка буракоў, морквы, капусты. Адным словам, тэмп на працу ўзяты актыўны. І без дапамогі сезонных рабочых наўрад ці можна было б пахваліцца своечасовасцю ўборкі гародніны.
Таццяна ШАРШНЁВА
Фота аўтара

Фото

Фото

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries