Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Будуць сваты па-вілейску і гарачыя бліны

І яшчэ шмат чаго адметнага і каларытнага будзе на абласным фестывалі-кірмашы. Пра гэта гаварылася на чарговым пасяджэнні абласнога штаба па правядзенню дажынак, якое правёў першы намеснік старшыні аблвыканкама Ігар Макар. Час прыспешвае арганізатараў, напружвае гаспадароў фестывалю. Вілейшчына павінна запомніцца гасцям, а яны будуць прадстаўляць усе рэгіёны сталічнай вобласці, сваім адметным абліччам. На трасах, якія вядуць у Вілейку, плануецца ўстанавіць тэматычныя кампазіцыі, у самім горадзе – банэры, бігборды, элементы святочнага дызайну. Усе абласныя службы і падпарадкаваныя ім раённыя інфармавалі членаў штаба аб ступені сваёй гатоўнасці да адказнага мерапрыемства.

Хочацца супакоіць жыхароў вуліцы Кастрычніцкай, узрушаным яе сённяшнім станам пасля замены цеплатрасы. «Фініш» на ёй будзе, – адназначна было заяўлена на пасяджэнні штаба. Ужо сёння можна назіраць, як паслядоўна вядуцца работы па пракладцы вулічнага пакрыцця. Устанаўліваюцца бардзюры, плануецца ўладкаванне ліўнёвай каналізацыі. Наогул жа, па кожнаму намечанаму аб’екту распрацаваны свой план мерапрыемстваў. Пры абмеркаванні Ігар Макар рэкамендаваў асаблівую ўвагу ўдзяліць стану сядзіб прыватнага сектару. Платы, фасады, тэрыторыі – усё павінна выглядаць належным чынам.
Рыхтуецца да дажынак і сапраўдная віноўніца ўрачыстасці – вёска. У праграме мерапрыемстваў – рамонт выгульных двароў, домікаў для маладняку, размешчаных пры малочнатаварных фермах. Парадак на мехдварах, сельскіх вуліцах і падвор’ях – усё гэта клопат кіраўніцтва сельгасарганізацый і мясцовых улад, разлічаны на ўзаемаразуменне з людзьмі. Плануецца работа падвор’яў ад рэгіёнаў на цэнтральнай плошчы, гандлёвыя рады па вуліцах 17 Верасня, Вадап’янава і ў гарадскім парку. Ужо атрыманы заяўкі на ўдзел у фестывалі ад сарака гандлюючых арганізацый вобласці і рэспублікі. Гэта пакуль. Будзе ж іх прадстаўлена значна болей..
У сцэнарыі – тэатралізаванае прадстаўленне «Сватаўство па-вілейску», прамыя ўключэнні радыёстанцыі «Мінская хваля», дэфіле арыгінальных касцюмаў, выступленне ансамбля «Купалінка» і іншых творчых калектываў.
Удзельнікаў і гасцей фестывалю будуць частаваць шашлыкамі, смажанымі парасятамі, гарачымі блінамі.
Адным словам, жывём у чаканні 13 лістапада.
Марыя КУЗАЎКІНА.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries