Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Будуць дровы, дайце час

Апошнія жнівеньскія дні нагадалі, што не за гарамі халады. А гэта значыць, што нашы дамы трэба будзе ацяпляць. Ці ўсе паклапаціліся пра своечасовае набыццё паліва?
Аб забеспячэнні жыхароў раёна палівам нядаўна ішла размова ў райвыканкаме. Як паведаміў галоўны інжынер Вілейскага філіяла ДП «Мінаблпаліва» Аляксандр Радзівановіч, стварылася пэўная чарга з жадаючых набыць дровы – на дзень размовы яна складала больш за 180 чалавек. Чаму так атрымалася? Прычына, у прынцыпе, знаёмая: заяўкі ад насельніцтва на набыццё дроў пачалі паступаць толькі з мая. А раней задумвацца пра наступную зіму пачалі толькі адзінкі.
– Цяпер працуем на ўхіленне чаргі, – паведаміў Аляксандр Радзівановіч. – Узмацнілі гэты ўчастак дадатковымі работнікамі, каб справа ішла хутчэй. Адкрылі ўчастак у Іжы. Так што без дроў ніхто не застанецца. Звяртаюся і да домаўладальнікаў, і да кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія набываюць у нас дровы: надалей не пакідайце гэту справу на «потым», думайце пра наступную зіму ўжо ранняй вясной. І не будзе дадатковых хваляванняў напярэдадні ацяпляльнага сезона.
Як паведаміў Аляксандр Радзівановіч, на набыццё брыкету чарга параўнальна невялікая – за тыдзень-два закрываецца. А што датычыць дроў, то з імі так хутка не атрымаецца. Прадпрыемства выкарыстоўвае ўсе свае рэзервы, каб хутчэй ліквідаваць чаргу. І без дроў, запэўніў галоўны інжынер, ніхто не застанецца. Ды ўсё ж варта памятаць кожнаму, што дбайны гаспадар думае пра будучы ацяпляльны сезон як толькі закончыцца папярэдні. А інакш нярэдка атрымліваецца як у вядомай байцы пра страказу, што «лета краснае прапела…»
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries