Анатоль Цыбульскі ў пажарнай службе працаваць не марыў ніколі, а хацеў, як некалі яго дзед, быць машыністам поезда. А жыццё распарадзілася інакш…

Але яго працоўнае жыццё склалася менавіта так. І герой гэтай публікацыі не пашкадаваў ні аднаго дня, аддадзенага гэтай адказнай і патрэбнай людзям справе. У пачатку сакавіка Анатоль Анатольевіч адзначаў сваё пяцідзесяцігоддзе і выйшаў на заслужаны адпачынак. Яго працоўны стаж складае 26 год. А гэта значыць, што значная частка жыцця
аддадзена справе, якую ён заўсёды выконваў нераўнадушна.
Пажарны аварыйнавыратавальны пост у Куранцы быў заснаваны ў 1995 годзе. Сюды дваццаціпяцігадовы Анатоль Цыбульскі быў накіраваны камандзірам аддзялення. Невялічкі пакойчык у адміністрацыйным будынку – тады гэта быў увесь пост. І адна пажарная машына – «газон». Пасля ўжо ўвесь будынак, рамонт у якім рабілі сваімі намаганнямі, перайшоў да пажарнай службы, павялічылася і колькасць машын…
Да гэтага ў жыццёвай біяграфіі была вучоба ў тэхнічным вучылішчы №87 у Маладзечна – горадзе, дзе ён нарадзіўся. Потым – армейская служба, якую праходзіў далёка ад радзімы – у Казахстане, і праца слесарам на маладзечанскім радыёзаводзе «Спутнік». Былі на старонках яго жыцця і вучоба ў сталічным політэхнічным інстытуце, і праца ў Маладзечанскім камбінаце будаўнічых матэрыялаў. А пасля пераезду ў Вілейку пачалася новая старонка біяграфіі, звязаная з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях…
У 2012 годзе Анатоль Цыбульскі ўзначаліў пажарны аварыйна-выратавальны пост №11 у вёсцы Куранец – на працу ездзіў туды з Вілейкі. Падчас яго службы зонай адказнасці былі тэрыторыі Куранецкага, Крывасельскага і часткі Любанскага сельсаветаў – усяго 64 вёскі. Абыходзіў пешшу ўвесь жылы сектар, правяраючы стан электраправодкі і пячнога ацяплення, звяртаючы ўвагу, як клапоцяцца дзеці пра састарэлых бацькоў, ці дапамагаюць ім своечасова выправіць няспраўнасці, якія могуць стаць прычынай трагедыі. Як начальнік паста, рассылаў лісты з напамінам дзецям паклапаціцца аб бяспецы бацькоў, з задавальненнем адзначаючы потым, што заўвага, дадзеная ім, выканана…
На жаль, не заўсёды прафілактычная работа знаходзіла свайго адрасата – і мірны агонь станавіўся небяспечным ворагам, у полымі якога знікалі не толькі маёмасць, але і жыцці людзей. У празмернай самаўпэўненасці і бяздумнага ігнаравання правіл бяспекі высокі кошт – адпрацаваўшы больш за два дзясяткі год у пажарнай службе, гэта Анатоль Цыбульскі ведае дакладна.
Прафесіянала з вялікім вопытам на заслужаны адпачынак урачыста праводзіў увесь калектыў – павагу кіраўніцтва і калег ён заслужыў службовымі і чалавечымі якасцямі.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота Веранікі СТАЦІНА








