Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Берка Берман — фатограф і фоталетапісец Вілейшчыны

Гісторыя Вілейкі насычана рознымі падзеямі, якія маюць далёка не мясцовае значэнне. Памятаць пра гістарычную спадчыну наш абавязак, аднак, і не забывацца на тых, хто ствараў і стварае гэту гісторыю, не менш важны момант.
Адной з важкіх і цікавых фігур гісторыі Вілейкі з’яўляецца фатограф Берка Берман, у гэтым годзе адзначаем 135 год з яго дня нараджэння. Па гістарычным дакументам і іншай інфармацыі паспрабуем аднавіць гісторыю жыцця выдатнага фатографа і фоталетапісца Вілейшчыны.

Вілейскі мадэрніст у фотамастацтве

Наш горад славіўся мадэрнам у фатаграфіі – і гэта заслуга аднаго з першых сталых фатографаў Вілейкі пачатку 20 стагоддзя – Беркі Дов Берл Бермана. У той час фотамайстэрні меліся ва ўсіх губернскіх беларускіх гарадах і прагрэсіўных мястэчках. У Мінску гэта былі салоны А. Прушынскага, Е. Адамовіч, Якава Брафмана і іншых. Не адставала ад губернскіх цэнтраў у фотамастацтве і правінцыйная Вілейка. Цікава заўважыць, што высокатэхналагічным, па тых часах, рамяством на ўсёй перыферыі Беларусі займаліся ў большасці выключна фатографы-яўрэі: Сомор Юхнін ў Слуцку і Біна Шляпаберскі ў Воршы, Юды-Лейба Бродкін і Лейба Берман у Барысаве і г.д.
Цяпер практычна ў кожнай сям’і маецца лічбавы фотаапарат, у кожнага ёсць мабільны тэлефон, у шматлікіх – планшэт з убудаванай фота- і відэакамерай. Працэс атрымання здымка максімальна аўтаматызаваны і амаль не патрабуе ўдзелу чалавека. А ранней?
Да сярэдзіны 19 стагоддзя фотаздымак атрымаў шырокае распаўсюджванне як у Еўропе, так і ў Амерыцы. На тэрыторыю Расійскай імперыі фотаздымкі праніклі адразу пасля іх вынаходніцтва. Беларусь была на хвалі агульнасусветных тэндэнцый у гэтай галіне.
Пачатак фатаграфіі на тэрыторыі сучаснай Беларусі звязаны з сям’ёй Прушынскіх, якія ў 1850 годзе адкрылі ў Мінску дагератыпную майстэрню. Самая ранняя беларуская фатаграфія, пра якую сёння вядома, датуецца 1858 годам.
У пачатку 20 стагоддзя фатограф для кожнай мясцовасці быў надзвычай паважаным чалавекам. Наш горад, таксама меў сваю адметную фігуру. Абыходлівага фатографа Берку Бермана ведала ўся даваенная Вілейка. Ды і як іначай, кожны жыхар Вілейкі і ў большасці Вілейскага раёна хоць раз заглядаў па адрасе «вуліца Пілсудскага, дом 47», каб замовіць фотаздымкі. Для гэтага ў фотамайстэрні Бермана было ўсё – прыгожая дэкарацыя з пейзажамі ці антычнымі калонамі, мудрагелістыя крэслы, вытанчаная ампірная мэбля. А галоўнае, прафесіянал фатограф, які рабіў па-мастацку выдатныя фотапартрэты і дзіцячыя здымкі, прыгожыя вясельныя фота і адметныя падзейныя здымкі гарадскога жыцця.

Так пачыналася…

Берка Берман ці, як запісана ў яго асабістай справе, Барыс Гендэлевіч Берман нарадзіўся ў 1881 годзе ў мястэчку Іўе Лідскага павета ў яўрэйскай сям’і, дзе традыцыйнай сямейнай справай быў гандаль коньмі. У Іўе скончыў сямігадовую школу, дзе выкладалі на ідышы, гэта сярэдняя адукацыя, якая павінна была быць у габрэйскага хлопчыка. Але сярод сваіх аднагодак і шматлікіх братоў Берка вы-дзяляўся апантанным захапленнем фотасправай, да якой маглі далучыць яго суродзічы-майстры, што працавалі ў іншых гарадах. Фатаграфія была справай дарагой. Да прыкладу, у пачатку стагоддзя заказчыку дагератыпны партрэт абыходзіўся ў 25 царскіх рублёў, а гэта не заўсёды было па кішэні прадстаўнікам дробнай, а то і сярэдняй шляхты. Таму дазволіць сабе аматарскае захапленне фатаграфіяй, а ўжо тым больш мець сваю справу ў гэтай галіне маглі толькі забяспечаныя людзі. Магчыма, настаўнікамі Беркі былі на той час масцітыя фатографы – не здарма, лепшыя першыя фатографы Мінска, Барысава маюць прозвішчы Берман. Так, гэта можа быць супадзенне, а можа быць і гіпотэза. Вядома, што выдатнейшым фатографам ў Барысаве на канец 19 – пачатак 20 стагоддзяў быў Лейба Берман. А браты Элья і Янкель Берманы мелі ўжо ў 1903 годзе сваю фотамайстэрню ў Мінску па вуліцы Захар’еўскай, 58. Фотастудыя братоў Берманаў вядомая яшчэ тым, што ў іх ў 1908 годзе фатаграфаваўся Якуб Колас.
З часам захапленне перарасло ў прафесійны занятак для Беркі Бермана, верагодна на той час ён ужо зарабіў грошы на фотаабсталяванне і вырашыў пераехаць туды, дзе гэтае поле дзейнасці было не занята. Так, было выбрана мястэчка Вілейка. У пачатку стагоддзя, скарэй за ўсё, у нашым горадзе былі аматары-фатографы і фотаздымкі 1905 года вілейскага гараднічага, пажарных чыноўнікаў, духавенства і мясцовай улады пацвярджаюць гэта. Але добрай фотамайстэрні не было – гэтую нішу і заняў Берка Берман.
У мястэчка Вілейка Берка Берман прыехаў да рэвалюцыі, нейдзе прыкладна ў 1910 – 1912 годзе. Неўзабаве тут пазнаёміўся з прыгожай мясцовай дзяўчынай Гітэль з роду Капаловіч, на якой і ажаніўся. Менавіта, тут у Вілейцы ў сям’і Берманаў нарадзілася чацьвёра сыноў – Міша (1914), Арон (1919), Муля (1921) і Мордух (1922). Сям’я Берман, у хуткім часе, набыла добры каменны дом у цэнтры Вілейкі, дзе на першым паверсе быў аптэкарскі магазін, якім займалася жонка Гітэль, а на другім драўляным паверсе было абсталявана фотаатэлье.
На пачатку стагоддзя момант здымкі займаў некалькі хвілін, але фатаграфуемы ўвесь гэты час павінен быў заставацца нерухомым. Святлоадчувальнасць фотаэмульсіяй была нізкай, таму здымка патрабавала моцнага асвятлення і доўгай вытрымкі. Для дадатковага асвятлення фатографы рабілі студыі са шкляной столі або выкарыстоўвалі ўспышкі.
Дарэчы, на фотаздымку Б. Бермана «Кірмаш у Вілейцы. 1930-я гг.» мы бачым яго фотамайстэрню з часткай зашклёнага даху. Першыя фотаапараты-камеры былі такія вялікія, што ўнутры іх мог улегчыся чалавек.
У павільёне звычайна стаялі фоны – палотны з намаляванымі салонамі, летнімі і зімовымі краявідамі. Негатывы, знятыя на «зімовым» фоне, апырсквалі звычайна тушшу, якая павінна была адлюстроўваць снег. Акрамя фона да абстаноўкі павільёна далучалася мэбля. Вось, для прыкладу, апісанне Мінскай студыі – «…тут стаялі столікі з разьбой, драўляная лаўка, размаляваная пад мармур. Тут жа стаяла балюстрада з пап’е-машэ, прыхінуўшыся да якой здымаўся заказчык. …Гэтая дэкаратыўная мэбля лічылася абавязковай прыналежнасцю ўсіх фотастудый …» Усё гэта мы бачым і на фотаздымках Беркі Бермана – фоны, мэбля, балюстрада (менавіта, па адметнай балюстрадзе можна вызначыць фотаздымак Бермана) – Вілейка мела вельмі прафесійны фотасалон.
Акрамя павільёна ў майстэрні Бермана існавала яшчэ адно памяшканне – цёмны пакой, лабараторыя, дзе адбываўся выраб і праява пласцінак. У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя фатографам даводзілася рабіць самім пласцінкі. На асаблівым станку шкло будучай пліткі старанна ачышчалася ад самых маленькіх плямак або парушынак. Затым шкло аблівалася тонкім пластом калодзія і апускалася ў так званую сярэбраную ванну (у раствор, які змяшчае срэбра), пасля чаго трэба было спяшацца зрабіць здымак, пакуль пласцінка не высахла. Негатыў праяўлялі і замацоўвалі ў адпаведных растворах ці гіпасульфітам.

Летапісец эпохі

Падрастаючыя сыны Міша і Мордух пачалі прафесійна дапамагаць бацьку. Прыбраныя сяляне і шляхта з навакольных вёсак і мястэчак Вілейшчыны, заўжды цэлымі сем’ямі прыходзілі ў фотаатэлье за здымкамі для сямейных фотаальбомаў. Яшчэ не адзін дзясятак такіх фотаздымкаў сёння можна ўбачыць ў старых альбомах віляйчан і жыхароў Вілейскага раёна, а адрозніць іх ад іншых вельмі проста – кожны здымак Беркі Бермана меў свой вельмі прыгожы фірменны фотабланк. Між тым, фатаграфічны бланк – гэта асаблівы свет, са сваёй мовай і сімволікай, дзе нічога не намалявана проста так, для прыгажосці: усё падпарадкавана сваім строгім правілам. Фотобланк Беркі Бермана – гэта таксама своеасаблівы «паслужны спіс» фатографа, дзе літаграфічным спосабам надрукаваны яго імя, назва майстэрні і, нарэшце, усе ўзнагароды і рэгаліі, атрыманыя ўладальнікам установы на розных выставах. Пасля 1910-х гадах вытворчасць бланкаў значна скарацілася. І ўжо «за польскім часам» фатограф Берман выкарыстаў штамп «Фатаграфія Б. Бермана. Вілейка павета».
Зняцца «на картку» жадаючых у Вілейцы было больш, чым у іншых павятовых гарадах. Па-першае, у сілу прысутнасці ў горадзе прафесійнага фатографа, а па-другое, да таго ж у пачатку 20 стагоддзя і «за польскім часам» горад быў багаты на катэгорыю людзей у форме, якія эфектна глядзеліся на фота – ваенных, чыноўнікаў, паліцэйскіх, пажарных, потым салдат і афіцэраў Аховы Пагранічнай. Берман стараўся для віляйчан з усёй моцы, усведамляючы сваю місію летапісца эпохі.
Вышэйшай ступенню прызнання для фатографа, напэўна, былі словы: «Мы тут як жывыя!». Быццам магло быць інакш… Кожны сваё фота устаўляў ў рамачкі, змяшчаў у альбомы, пасылаў родным і сябрам па пошце. Не было цікавей занятка, чым разглядаць з гасцямі, напрыклад, здымкі, успамінаючы той дзень, той год, калі яны былі зробленыя.
Што тычыцца фарматаў фатаграфій, то самым папулярным была, вядома, візітная – і з-за кошту, і з-за выгоды фармату. Гэтыя здымкі заказвалі і дарылі сваякам і сябрам. Таксама адбіткі фармату «візіт-партрэт» часцей за ўсё змяшчалі ў альбомы. Наступнымі па папулярнасці былі кабінетныя фота ( «кабінет-партрэт»): іх змяшчалі ў альбомы і ставілі ў рамкі на стол, вешалі на сцяну. Калі заказчык замаўляў паўторнае капіяванне з гатовых негатываў, то такія здымкі каштавалі яшчэ танней. Дарэчы, большасць фатографаў у 1880–1910-х гадах размяшчалі на фатаграфічных бланках надпіс аб тым, што негатывы ў фотаатэлье захоўваюцца і магчыма паўторны зварот да іх. Гэты надпіс ёсць і на бланку берманаўскай фатаграфіі. Для таго, каб палегчыць наступны пошук, лабаранты часам прастаўлялі на абароце фатаграфіі дробнымі лічбамі нумар негатыву і год здымкі.
Берман не абмяжоўваўся звычайнай выявай чалавека, які глядзіць у аб’ектыў камеры, ён стараўся стварыць вобраз, які дазваляе адлюстраваць род заняткаў кліента. Напрыклад, святар мог трымаць у руках Біблію, гімназіст – кнігу. Фатограф эксперыментаваў над тым, каб паказаць характар, унутраны свет чалавека, яго сутнасць.
Асаблівую нішу займала фотапаштоўка з выявамі відаў гарадоў. Такіх паштовак даволі шмат ёсць і з відамі Вілейкі – і на ўсіх іх фотаздымкі Бермана. Дзякуючы ім, мы сёння маем відавочнае паданне, як выглядала Вілейка на пачатку 20 стагоддзя.
А яшчэ Берка Берман любіў не толькі салонную здымку, але і выхады з фотаапаратам ў народ, на пленэр. Дзякуючы гэтаму захавалася шмат фотаздымкаў вілейскіх шэсцяў, кірмашоў, архітэктурных адметнасцяў горада і будаўніцтва новых будынкаў. Цэлы фоталетапіс Вілейкі.
Актыўна займаўся Берман і грамадскім жыццём. У 1921 годзе, калі наша тэрыторыя далучылася да Польскай дзяржавы, ён арганізаваў у Вілейцы драматычны кружок, які ставіў пастаноўкі на сцэне польскай гімназіі, клуба польскіх афіцэраў і ў будынку пажарнай аховы ў падтрымку бедных дзетак. Жыццё вілейскага фатографа кіпела – работы было шмат.

Справа жыцця – стала справай абвінавачвання

Вілейка жыла да вайны насычаным грамадскім жыццём. Нават, тое што ў 1930-м годзе ў Вілейку прыехаў высокі госць – прэзідэнт Польшчы Ігнацый Масціцкі, гаворыць пра многае. Берман не мог не зафіксаваць гэты момант у жыцці павятовага горада, а таксама зрабіў і асобны партрэт прэзідэнта, які адаслаў потым у Варшаву, а другую копію размясціў у вітрыне сваёй майстэрні. Аднак, гэта стала ракавой памылкай, а можа і тым, што дало магчымасць застацца ў жывых потым…
Берман Берка Гендэлевіч быў арыштаваны органамі НКУС 18 кастрычніка 1939 года – праз месяц пасля таго, як у Вілейку прыйшла савецкая ўлада. Па матэрыялах яго асабістай справы вядома, што пры вобыску ў доме Бермана былі канфіскаваныя два фотаапараты «Вельт», бінокль, радыёмнік «Тэлефункен», гадзіннік кішэнны, 900 рублёў грошай і медаль пад нумарам 1203 – «3 траўня». Калі судзіць па дакументах, следчыя досыць аб’ектыўна запісвалі тое, што падсудны паведамляў пра сябе: » …У царскіх і белых войсках не служыў, у бандах не ўдзельнічаў, пад судом не знаходзіўся, да антысавецкіх партый і арганізацый не прымыкаў… Вось, хіба што ў 1925 годзе ўступіў у арганізацыю «Хіс-Астус», якая праіснавала крыху больш за два гады і ставіла сваёй мэтай прыцягнуць габрэяў да занятку земляробствам. Тым не менш, следчыя сваю справу ведалі добра і хоць прозвішча польскага прэзідэнта пісалі «Мошчіцкій» замест Масціцкі, пра адпраўлены з Вілейкі ў Варшаву партрэт выпытвалі Берку Гендэлевіча асабліва. Партрэт польскага прэзідэнта – гэта ўжо кампрамат, асабліва разам з выяўленым пры вобыску польскім медалём. За што габрэя-фатографа польскія ўлады пашанавалі такой узнагародай? Вось што адказаў на гэтае пытанне сам Берман: «У 1925 годзе польскім урадам я быў узнагароджаны медалём «3 траўня» – за добрую працу як фатографа, што дапамагаў польскай фашысцкай дзяржаве ва ўмацаванні польскай фашысцкай улады. Гэты медаль я атрымаў па хадайніцтве мясцовай паліцыі і старасты горада Вілейкі». Канешне, гэта былі не яго словы, а спецыяльна прыпісаныя для сфабрыкаванай справы. Канфідэнт (давераны чалавек, шпіён) – гучыць ужо паўгады, калі меркаваць па пратаколах допытаў. Берман сядзіць у турме шэсць месяцаў і адказвае на пытанні следства – пра біяграфію і сямейнае становішча і пра супрацоўніцтва з польскай паліцыяй. Аказваецца, быў у яго біяграфіі такі факт: выклікалі адзінага на ўвесь горад фатографа для здымкі арыштаваных асоб. Берка як на духу далажыў чэкістам і яшчэ адну падрабязнасць: «Пасля гэтага да мяне прыйшоў камендант паліцыі, прозвішча яго я не памятаю, і прапанаваў мне навучыць паліцэйскіх фатаграфаваць. Я даў згоду і… двух паліцэйскіх навучыў, за што атрымаў сто злотых». Менавіта, гэта натхніла следчых на галоўнае для абвінавачвання пытанне: «Калі вы былі завербаваныя канфідэнтам тайнай паліцыі і на каго даносілі ў паліцыю?» Аднак, Берман упарта даказваў адваротнае: «Канфідэнтам паліцыі я ніколі не прыцягваўся і ў паліцыю ні на каго не даносіў». Тым не менш яго спрабуюць выкрыць у тым, што ён дапамагаў паліцыі без вярбоўкі, а заадно працаваў для польскай «разведпляцувкі», але арыштаваны начыста адмаўляе і гэтыя абвінавачванні.
Следства, вядома ж, не прамінула дапытаць суседзяў і знаёмых сям’і Бермана. І пачула праўду пра сціплага вілейскім фатографа – » …палітыкай не займаўся, жыў ціха і захапляўся толькі сваёй фатаграфіяй. Здымаў шэсці, парады, ганаровых гасцей горада, паколькі да 1925 года быў адзіным у Вілейцы фатографам. А калі з’явіўся ў яго польскі канкурэнт, ды яшчэ пасяліўся з ім на адной вуліцы, то справы Бермана пайшлі горш. Даводзілася яму і грошы пазычаць па знаёмых, прычым вяртаць хутка не заўсёды атрымлівалася. А потым Берка Гендэлевіч і зусім захварэў на сухоты…» Усе апытаныя дружна падкрэслілі: мясцовае насельніцтва да фатографа адносілася выключна станоўча.
У красавіку 1940 года справа абвінавачанага Беркі Бермана па артыкулу 74 Крымінальнага Кодэкса БССР была накіравана на разгляд Асобай нарады пры НКУС СССР з наступнай фармулёўкай: «Вінаватым сябе прызнаў часткова, але досыць доказаў іншага выкрываюць матэрыялы следства». І толькі 10 жніўня 1940 года Асобая нарада вынесла, нарэшце, абвінаваўчы прысуд – «Сацыяльна небяспечнага элемента Бермана варта заключыць у папраўча-працоўны лагер тэрмінам на восем гадоў, лічачы тэрмін зняволення з 18 кастрычніка 1939 года». Ёсць у справе і яшчэ адзін цікавы дакумент: акт нацыяналізацыі дома Беркі Гендэлевіча, датаваны 5 студзеня 1940 года. На падставе пастановы Вілейскага абласнога выканаўчага камітэта камісія гарадскога Савета ацаніла асабняк фатографа па Савецкай вуліцы (былая Пілсудскага) у 40 тысяч даваенных рублёў і зрабіла яго нацыяналізацыю.
Як вядома, па ўспамінах старажылаў, усе шкляныя негатывы фатографа Бермана былі разбіты і скінуты ў кучу каля ракі Плеснянкі, дзе месцілася яго фотамайстэрня. Сям’я Бермана, яго жонка і чацвёра сыноў, была вымушана з’ехаць, а пазней яны за невялікія грошы купілі маленечкую драўляную хатку ў Воўкаўшчыне, дзе туліліся да пачатку вайны.

Сканчэнне эпохі Бермана

Так, з фармулёўкай «за сувязь з польскай разведкай і контррэвалюцыйную дзейнасць» Берка Гендэлевіч Берман быў накіраваны на 8 год у Цемнікаўскі папраўча-працоўны лагер пасёлка Явас Мардоўскай АССР.
Праз год пачалася вайна і ўжо 24 чэрвеня ўся Вілейшчына была акупавана нямецкімі захопнікамі. Усім габрэям было загадана здаць каштоўныя рэчы, насіць спецыяльную нашыўку на адзежы, якую немцы прыцаплялі і на сваіх сабак, забаранялася хадзіць па тратуары і г.д. А потым пачаліся яўрэйскія пагромы, арышты і забойствы. Такі лёс напаткаў і сям’ю Бермана – усе былі схоплены. У Вілейцы былі забіты – 3 жніўня 17-цігадовы сын Муля, а 12 ліпеня 1942 года 57-мі гадовая жонка Гітэль і 20-ці гадовы сын Мордух. 23-х гадовага сына Арона перавезлі ў Баранавічы ў гетта, дзе ён загінуў у 1942 годзе. Старэйшага сына Мішу вывезлі ў Люблін, лагер смерці «Майданэк», дзе яго забілі ў 1944 годзе.
Адкуль такія падрабязнасці пра лёс сям’і Бермана – а гэта выпадак, які даў магчымасць заўважыць у базах дадзеных анкеты пра забітых вілейскіх яўрэяў падчас Халакоста. Усе Лісты сведкавых паказанняў былі запоўнены з фотаздымкамі самім Беркам Берманам 9 лютага 1956 года. Дзіва, так. Як аказалася па дадзеным іншай базы па рэпрэсіраваных – Берка Берман быў вызвалены з працоўнага лагера ў першыя месяцы вайны 1941 года. Дзе і як ён жыў далей невядома. Але па запоўненых справах яго сям’і можна меркаваць, што ў 1956 годзе ён яшчэ быў жывы і знаходзіўся, магчыма ў Ізраілі. Нездарма, некаторыя мясцовыя старажылы, быццам бы памяталі, што ў Вілейцы пасля вайны казалі, што вярнуўшыся ў родны горад з-за кратаў фатограф прыходзіў глядзець на свой рэквізаваны дом. Раней, гэта падавалася мясцовымі прыдумкамі, а зараз ёсць усе падставы меркаваць, што так магло быць. Берман мог сустракацца з мясцовымі і распытваць пра лёс яго сям’і, бо большасць дадзенных у анкеце мае дакладныя даты і падрабязныя апісанні. Магчыма, прыйдзе час і мы даведаемся пра далейшы лёс Фоталетапісца Вілейкі – Беркі Бермана.

Берка Гендэлевіч Берман быў рэабілітаваны 6 чэрвеня 1989 года Пракуратурай БССР. Дом-майстэрня Беркі Бермана захавалася да сённяшняга часу – ранней гэты будыначак называлі «керасінкай», а зараз ён амаль не выкарыстоўваецца і месціцца каля Плеснянкі воддаль ад бара «Дубочак». Даўно існуюць планы зрабіць у былым доме Бермана музей гісторыі фатаграфіі…
Але галоўнае памятаць пра фоталетапісца Вілейкі. Архітэктар і краязнаўца Анатоль Капцюг распрацаваў памятную шыльду ў гонар 135-годдзя Б. Бермана, якую, магчыма, знойдуцца спонсары вырабіць і змясціць на былым асабняку майстра, які практычна цалкам захаваўся, толькі ў вайну згарэла яго драўляная надбудова, а каменная аснова цэлая па-ранейшаму.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва краязнаўчага музея

Георгіеўская плошча (пл Свабоды) 1930-я гг

916334_1Гітэль Берман

 

img503 img504 LyebX1FPdac Вул. П¦лсудскага (Савецкая) 1930-я ггФотаатэлье Бермана

 

 

 

Вул. Пілсудскага (Савецкая) 1930-я гг

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 134 queries