З Аленай Балуш я пазнаёмілася выпадкова і апасрэдавана. Пачула, як у кніжнай краме супрацоўнікі казалі, што прыходзіў іх любімы пакупнік – настаўніца з гімназіі «Логас». Зразумела, чаму любімы – бо купляе шмат кніг.
Для мяне гэты факт – дакладны сігнал: на гарызонце цікавы і хутчэй за ўсё апантаны чымсьці чалавек. Таму Дзень настаўніка стаў добрай нагодай сустрэцца і пазнаёміцца асабіста. Вядома ж, мая ўласная прыкмета спраўдзілася – Алена Чаславаўна аказалася настаўнікам, якога любяць і паважаюць дзеці. З тымі, хто любіць кнігі і сапраўдную літаратуру, па-іншаму і не бывае. Пагаварыць нам удалося нядоўга, бо настаўніцу чакалі дзеці, але, як мне здаецца, ёмка. Натуральна, што пачалі мы з кніг.
– У Вас ёсць звычайны маршрут па кнігарні?
– Так. Спачатку наведваю паліцы з беларускай літаратурай. Я падпісаная на сацсеткі сучасных беларускіх аўтараў,таму ведаю пра ўсе навінкі і шукаю іх у кнігарні. Канешне, часта бывае, што і засумуеш, гледзячы на цэны, але я імкнуся набываць літаратуру. Кнігі свайго любімага аўтара Людмілы Урублеўскай маю ўсе. Вось з вялікай асалодай прачытала пра прыгоды Пранца Вырвіча і вельмі чакаю магчымасці паглядзець кінастужку па кнізе. З паэтаў – Вера Бурлак. Яе кнігу «Фантазюркі» вельмі хачу набыць ва ўласную бібліятэку. Алесь Разанаў, Рыгор Барадулін. Лічу іх паэзію ўзорнай,бо так сцісла і адначасова ёмка, дакладна, па-мастацку ўдаецца пісаць нямногім. З празаікаў таксама Ганна Севярынец – «Дзень святога Патрыка» і «Гасцініца «Бельгія». Гэта я вам кажу пра тое, што з апошняга прачытанага ўразіла мяне. Потым наведваю паліцу педагагічнай літаратуры,цікаўлюся кнігамі па красамоўстве, бо гэта мне патрэбна на тэатральных занятках. Затым з цікавасцю гляджу на дзіцячую сучасную літаратуру. Надзея Ясмінска вось мне вельмі падабаецца.
Я шмат чытаю ўсё сваё жыццё і раю дзецям. Кажу, той, хто чытае, акрамя асалоды чытання атрымлівае досвед. Прачытаў пяць гісторый пра каханне – ужо ведаеш значна больш пра гэта пачуццё. І калі яно агорне і цябе, ты ўжо больш падрыхтаваны. Асабліва тое важна, калі каханне не ўзаемнае, калі яно прыносіць душэўныя пакуты. Вось тут атрыманы досвед і падтрымае.
– Колькі год Вы ўжо настаўнічаеце?
– Дванаццаць, хаця прыйшла ў гімназію ў 2000-м, але тры разы была ў адпачынку па доглядзе за дзіцём. Таму «паўнацэнны» выпуск у мяне пакуль быў толькі адзін.
– Сёння наш час так імкліва змяняецца, што 2000 год здаецца ўжо «сівой даўніной», архаічнай эпохай «да сацсетак»? А дзеці мяняюцца?
– Не, яны аднолькавыя. Праблемы тыя самыя: сяброўства, крыўды, ён мяне абражае, ён – спісвае. Такія самыя ў іх пачуцці: першыя поспехі, каханне, здрады, няўдачы. Я ў шостым класе бачу, якімі яны будуць у дзявятым.
А вось што змянілася, дык гэта адносіны бацькоў да школы. Раней, калі дзіця атрымала дрэнную адзнаку, бацькі гаварылі яму, што ён недапрацаваў, трэба больш старацца,зараз жа – пытаюць з настаўніка. Чаму вы паставілі дрэнную адзнаку? Ёсць такая тэндэнцыя.
Увогуле я за тое, каб бацькі гаварылі з настаўнікамі, каб яны не закрываліся, вялі дыялог. Бо як у жыцці: настаўнікі з аднаго боку, бацькі з другога, а вучні – між двух бакоў. А для выхавання трэба, каб мы ўсе разам былі, на адным баку. Таму я заўжды за дыялог.
– Не магу не запытаць пра тэлефоны ў школе. Настаўніку яны перашкаджаюць?
– Калі вучню цікава, ён ніколі не будзе карыстацца тэлефонам на ўроку. Я не кажу пра сітуацыю, калі гэта неабходна. Без тэлефонаў цяпер нікуды. Мне вельмі зручна, што ў нас ёсць сацсетка, мы так кантактуем. Мне зручна і хутка давесці дзецям інфармацыю.
Я не лічу, што ёсць праблема з тэлефонамі ў нашай гімназіі. У час адукацыйнага працэсу яны не выкарыстоўваюцца. З бацькамі ў нас дамова: калі ў мяне ці ў іх ёсць патрэба – мы стэлефаноўваемся. Таму тэлефон дзецям асабліва і не патрэбны. Зараз гэта так актыўна абмяркоўваецца ў грамадстве: насіць-не насіць тэлефон у школу. Як на маю думку, гэта зусім не тое, што трэба абмяркоўваць з такім імпэтам.
– А што тады?
– Пра ўзаемаадносіны гаварыць трэба, пра сяброўства. Ёсць шмат цікавых фільмаў, кніг, якія трэба паглядзець, прачытаць і абмеркаваць дзецям з бацькамі. Я, дарэчы, так і раблю – рэкамендую сваім вучням абавязковы для прагляду спіс. Напрыклад, тройка замежных кінакарцін выглядае так: «Іншапланецянін», «Мост у Тэрабітыю», «Прывітанне, Джулія». Паціху глядзяць, абмяркоўваем. Увогуле, мы шмат гаворым з дзецьмі.
– Ёсць у Вас педагагічныя аўтарытэты?
– Аднаго няма. І ў Антона Макаранкі, якога сёння не прынята ўспамінаць, ёсць шмат слушных думак: эфект ад выхавання працай пакуль не адменены. І Ушынскі мне блізкі. І яшчэ шмат прызнаных педагогаў і псіхолагаў. Урэшце, я б сваё педагагічнае крэда абазначыла словамі рускага класіка: «Кто не взял лаской, не возьмет и строгостью». Ведаеце, зараз так шмат разважаюць наконт таго – дзяцей трэба любіць ці паважаць? Думкі розныя, аргументы і за тое,і за тое. А хтосьці любіць і зневажае адначасова. Ну вось упэўнены ён, што любіць дзіця, а сам прыніжае яго годнасць кожны раз…
– А што абіраеце Вы?
– Любіць. Дзяцей трэба любіць.
– Ведаю, што акрамя выкладання беларускай філалогіі, Вы займаецеся тэатральнай студыяй? Чаму Вы ўзяліся за гэты напрамак?
– Калісьці тэатр дапамог мне, і я ўпэўнена, ён дапаможа і дзецям раскрыць свае здольнасці, праявіць талент. Я вучылася ў педагагічным унівесітэце імя Танка. У нас быў тэатр «Жывое слова», якім кіравалі Алена і Юрась Чарэнкі. Студэнцкі тэатр мяне «раскрыў», зрабіў такой пазітыўнай. Я зразумела тады, што ў сённяшні час мала ведаць, трэба яшчэ умець презентаваць сябе. Сучасныя дзеці гэтага не ўмеюць. Напісаць паведамленне могуць, праз тэлефон пазнаёміцца – таксама, а вось выйсці і распавесці штосьці – праблема. Школьны тэатр пачынаюць наведваць дзеткі з пятага класа, паціху мы працуем: вучымся дэкламаваць, ставім спектаклі, удзельнічаем у КВЗ, агітбрыгадах. Атрыманныя ўменні падаць сябе вельмі дапамагаюць дзецям надалей. Для мяне гэта важна.
Ірына ТРУБАЧ/Фота Веранікі СТАЦІНА