Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Андрэй Дударчык – чалавек творчы

Жыццё, хуткацечнае, непрадказальнае, дорыць кожнаму з нас не толькі станоўчыя эмоцыі. І нават ці не болей у штодённай мітусні такога, што раздражняе, выводзіць з сябе, даводзіць да стрэсу… Людзі па-рознаму стараюцца супрацьстаяць негатыўнаму: адны ўдараюць па стрэсе спортам , ёсць і такія, хто «расслабляецца» спіртным, а нехта знаходзіць душэўную раўнавагу і спакой у цікавым занятку.
Намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Андрэй Дударчык – чалавек творчы і неабыякавы. Урэшце, гэта зразумее кожны, хто пабывае ў кабінеце Андрэя Мікалаевіча, пазнаёміцца з карцінамі, дыпломамі і фотаздымкамі на сценах, з цікавымі вырабамі, якія тут расстаўлены.
– Захапленняў у мяне нямала, – расказвае Андрэй Дударчык. – Вось, дапусцім, збіраю фуражкі, якія некалі насіў. Цікава, кожная нагадвае пра штосьці перажытае. А яшчэ ў мяне мноства бутэлечак з-пад туалетнай вады, дэзадарантаў, якімі некалі карыстаўся – гэта таксама своеасаблівы напамінак пра важныя падзеі і дарагіх мне людзей. Паглядзіш – і штосьці прыгадаецца.
А яшчэ Андрэй Мікалаевіч аплятае баначкі, бутэлечкі прыгожых формаў шпагатам. Пачалося з таго, што некалі прывёз з Крыма аліўкавую галінку. Паставіў дома ў шклянку – прыгожа. Але ж «ваза», што называецца, не адпавядае… Выпадкова ўбачыў шпагат – і рука сама пацягнулася да яго.
– Тая першая работа і зараз стаіць на балконе, – усміхаецца мой суразмоўца. – З таго і пачалося. Цяпер у мяне іх мноства. Ды і сябрам раздарыў нямала. Вялікіх выдаткаў на маё захапленне не трэба – мешкавіна, шпагат ды прыгожыя баначкі ці бутэлечкі. А затым ужо ўключаеш фантазію і працуеш…
Так што, паважаныя нашы чытачы, да шклянак ды бутэлек можна цягнуцца з рознымі мэтамі. Андрэй Дударчык стараецца, каб яго работы былі арыгінальнымі, не падобнымі на іншыя: крышачкі абавязкова аздобіць «спаднічкамі», дно ніколі не пакіне адкрытым, упрыгожыць баначку адмысловым гербам. І атрымліваецца так прыгожа!
– Не столькі для прыгажосці ўсё гэта раблю, – прызнаўся Андрэй Мікалаевіч, – а для зняцця стомы, нервовага напружання. Такая вось рэлаксацыя атрымліваецца….
І вынікі гэтай рэлаксацыя, трэба прызнаць, ствараюць выдатны настрой не толькі творцу.
Ірына БУДЗЬКО

Андрэй Дударчык і яго работы

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries