Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Альковіцкая талака

І зноў мы на раёне ў пошуках актыўных і дзейных людзей, якія сваёй працай, запалам і энергіяй падштурхоўваюць сваіх аднавяскоўцаў да лепшага, да дзейнасці. На гэты раз прыехалі ў вёску Альковічы, цяпер ужо Ільянскага сельскага Савета, хаця яшчэ нядаўна – цэнтра самастойнай тэрытарыяльнай адзінкі. Аднак, час заўжды ўносіць свае карэктывы, што ж зрабіць, ён ідзе і ўсё змяняецца. Крочым па вясковай вуліцы з намеснікам старшыні Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Таццянай Цітуленка.

Першае, што яшчэ на пад’ездзе да вёскі паўстае ў краявідзе – гэта старажытны і велічны касцёл, які сваім строгім выглядам, нагадваючы вытрыманы сілуэт скандынаўскай архітэктуры, але з уласцівымі арыгінальнымі рысамі беларускага дойлідства, сустракае кожнага падарожніка, кожнага аднавяскоўца. Ён, як вартавы,стаіць на абароне сваёй тэрыторыі ўжо больш стагоддзя, праўда, зведаўшы і занядбанне, і пажар, і сваё аднаўленне. Чаго, на жаль, нельга сказаць пра многія “манументальныя” будынкі самой вёскі. Канешне, у свой час, калі ў вёсцы кіпела і вірыла жыццё, кожны новы будынак быў надзённай патрэбай. А цяпер… не. Больш няма ў Альковічах клуба, спусташэлым выглядае і месца, дзе некалі стаяла кнігарня, больш не сустракае сваіх пакупнікоў памяшканне прамтаварнага магазіна і харчовай крамы. Цяпер невялікую колькасць карэнных жыхароў абслугоўвае аўталаўка, на дзень вёскі прыязджаюць самадзейныя артысты з канцэртамі, а састарэлым людзям дапамагаюць сацыяльныя работнікі. Час уносіць свае карэктывы, і ў такой вялікай інфраструктуры ўжо няма патрэбы.
Каля касцёла сустракаем мясцовага пробашча – ксяндза Анатоля. Ён чалавек неабыякавы, ініцыятыўны, нават, як прызнаюцца прыхаджане, часам строгі, але справядлівы.
– Колькі разоў бачыла,як ксёндз Анатоль з бензакасой скошваў тэрыторыю, – расказвае Таццяна Чаславаўна,– і не толькі каля касцёла, але і каля нядзеючага будынка сельсавета, вакол мясцовага вадаёма. Паглядзіце, у якім стане тэрыторыя касцёла – стромкія туі ўпрыгожваюць акаляючую будынак сцежку, тут ён шчыруе разам з вернікамі. За апошнія гады касцёл вярнуў свае старажытныя святыні, якія былі некалі скрадзеныя, ці проста вывезеныя, цяпер жа некаторыя з іх сумеснымі намаганнямі з мецэнатамі адрэстаўраваны і занялі сваё першапачатковае месца. А паглядзіце, у якой колькасць кветак патанае плябанская тэрыторыя.
– Тут жывуць добрыя і працавітыя людзі, – падтрымлівае размову ксёндз Анатоль, – таму сумесна мы робім шмат. Не так даўно пачысцілі сажалку, зараз у планах акультурыць навакольную тэрыторыю. Вакол хапае месца і, мяркую, мы тут высадзім невялікі скверык, каб было больш утульна ў вёсцы. Хоць Альковічы не мая малая радзіма, але за столькі год служэння тут я прырос душой да мясцовасці. Зараз для мяне ўсё тут блізкае, знаёмае і роднае. З цікавасцю займаюся вывучэннем гісторыі дадзеных мясцін, а яна вельмі багатая, адна шляхецкая культура, а тут было шмат маёнткаў, чаго каштуе. І ў Стайках, і ў Мацькаўцах, Зацемені, Юнцавічах, Забалацці былі сядзібы, усё навокал дыхае гісторыяй. Падтрымліваем сувязі і з некаторымі нашчадкамі былых уладальнікаў двароў.
Размаўляючы, мы падышлі да мясцовых могілак.
– Вось і тут шчыруем з мясцовымі, – працягвае аповед ксёндз. – На жаль, не кожнае пахаванне мае нашчадкаў, якія б маглі прыбіраць тут. Нешта раблю самастойна, калі-нікалі арганізоўваем суботнікі. Так і падтрымліваем парадак. Вось за панскімі пахаваннямі даглядаю сам. Шмат робіць старшыня сельсавета, на многія прапановы адгукаюцца мясцовыя. Супольна можна вырашыць многае.
Ад’язджаючы далей па маршруце, падумаў, што: заўжды на зямлі знойдуцца тыя, каму неабыякавы справы свайго мястэчка, а самае голоўнае, што людзі талакой могуць “звярнуць горы”.
Сяргей ГАНЧАР, фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 131 queries