Паважаныя Вілейчане, людзі добрай волі!
Разам з Марыяй і Юзафам, пераймаючы іх прастату і пакору, мы становімся на калені перад Езусам Хрыстом, нашым Збаўцам. У маўклівай малітве мы схіляемся перад вялікай таямніцай Божага Нараджэння, якая напаўняе радасцю і супакоем кожнага, хто прымае ў сваім сэрцы Дзіцятка Езус.
Бог неспасцігальны ў сваёй любові! Вось Ён прыходзіць да ўсіх нас, хоць мы гэтага не заслугоўваем, Ён дае нам Сябе і запрашае да жыцця вечнага.
На Божае Нараджэнне мы адчуем Яго асаблівую прысутнасць, але мы верым, што Ён прыходзіць да нас пастаянна ў кожнай малітве, парыве сэрца, і перш за ўсё ў Святой Імшы. Ён хоча толькі аднаго: каб мы прынялі яго з такой любоўю, на якую здольнае нашае сэрца.
Дзелячыся каляднай аплаткай, жадаю вам, дарагія парафіяне, каб Нованароджаны Хрыстус напоўніў вашыя сэрцы непахіснай надзеяй, якая дазволіць вам пераадолець усе цяжкасці, моцнай верай, якая асвятліць нават самыя змрочныя дні, любові, якая можа бачыць пробліск дабра ў кожным чалавеку і заўсёды гатовая дараваць.
Жадаю усім, каб Каляды прайшлі ў атмасферы любові, радасці і дабрыні сярод родных і блізкіх. І няхай благаслаўленне Божага Дзіцяці суправаджае вас на працягу ўсяго Новага 2023 года.
Дзекан Вілейскі кс. канонік Аляксандр Барыла