У віляйчанкі Веры Каўзановіч у Маладзечанскім Палацы культуры адкрылася персанальная выстава акварэльных работ «22 адценні шэрага». Мы пагутарылі з мастачкай і даведаліся, за што яна любіць акварэль, што дае ёй энергію працаваць і чаму нельга змяняць свайму прызванню.
Мне падабаецца празрыстасць акварэлі
Гэты накірунак у мастацтве я выбрала, яшчэ калі вучылася ва ўніверсітэце культуры. Памятаю, як мяне ўразілі працы Уладзіміра Іванавіча Рынкевіча, вядомага беларускага акварэліста. Ён выкладаў у нас, і мы часта наведвал і яго майстэрню. Яго малюнкі здзівілі мяне сваёй вобразнасцю, арыгінальнасцю, шырынёй думкі. Я неяк адразу зразумела, што добрая акварэль – гэта не толькі тое, што намалявана на паперы, значна важней тыя думкі і пачуцці, якія нібы за рамкамі.
Акварэль вельмі своеасаблівы матэрыял. Калі для жывапісу адназначна важны колер, для графікі – лінія, пляма, то акварэль арганічна сумяшчае гэтыя асаблівасці кожнага віду выяўленчага мастацтва. Пры гэтым, па традыцыі, акварэльны малюнак адносяць да графікі. Калі прыгледзецца да маіх работ, стане зразумела, што спачатку я імкнулася да колеру ў акварэлі, але апошнія тры гады – зрабіла паварот да манахрому. «22 адценні шэрага» якраз гэта і дэманструе.
Чаму я люблю акварэль? Мяне натхняе яе празрыстасць. Папера, вада, фарба, пляма, лінія – усё гэта гарманічна, лёгка ўжываецца, падтрымліваючы і ўзмацняючы адзін аднаго, ствараючы эмоцыю, настрой. Акварэль – жывая, яна дыхае. Яна заўсёды розная, непрадказальная. Наогул, мастак ведае, што павінна атрымаецца ў выніку, ва ўласным ўяўленні ён ясна бачыць аб’ект, які стварае. Але з акварэллю так не заўсёды атрымліваецца. Водная фарба – сапраўдная сааўтарка. Яна можа так легчы на паперу, так расцячыся, утвараючы неверагодную гульню ценяў, што ты сам у здзіўленні – так нечакана і свежа атрымліваецца. І такі эфект у працы над акварэллю мне вельмі падабаецца. Хоць ён і дадае складанасці ў працы, бо на паперы немагчыма, як на палатне, счысціць шмат разоў фарбу і пачаць нанова. У акварэлі ёсць нават такі прыём а-ля прыма: калі пішаш працу за адзін прыём. Вядома, тут патрабуецца вялікая падрыхтоўчая праца, шмат эскізаў. Затое, калі я пабудавала кампазіцыю, пішу хутка. Такія працы ёсць, праўда, іх няшмат…
За 12 гадоў, якія я працую з акварэллю, поспрабавала шмат тэхнік, але ўпэўнена, што акварэль яшчэ тоіць шмат магчымасцяў.
Энергія – у прыродзе
Мае акварэльныя працы – гэта пейзажы, але пейзажы, прапушчаныя праз мяне, праз маё бачанне і ўспрыманне. Я раблю вельмі шмат акварэльных эцюдаў на прыродзе: на світанку, у сонечны поўдзень, у пахмурны дзень. Ствараючы іх, актыўна выкарыстоўваю колер, так спыняю для сябе імгненне існавання гэтага прыроднага ландшафту, яго колер, святло, стан. Вобразы назапашваюцца, трансфармуюцца ў маёй свядомасці і выходзяць у свет станкавай акварэллю. Праца з натурай – гэта заўжды жывыя эмоцыі. Прырода дае энергію, яна ніколі не падманвае, гэта не бутафорыя, гэта заўжды адкрытая чыстая крыніца.
Мы з мужам вярнуліся ў Вілейку са сталіцы цалкам свядома. Не хацелася ўсё жыццё быць уключанымі ў шалёны рытм «праца, заробкі, спажыванне», які культывуе любы вялікі горад. Хацелася блізкасці да прыроды. Тут у акрузе Вілейкі ў мяне ёсць нямала любімых месцаў, дзе прырода раскрывае сваю сапраўдную прыгажосць.
Не здраджваць жаданню пісаць
Я не магу не пісаць. Гэта для мяне цалкам натуральная патрэба, такая ж, як есці і спаць. Людзі, не звязаныя з мастацтвам, нярэдка думаюць, што хлеб мастака лёгкі. Маўляў, мастак займаецца тым, што яму падабаецца, ды яшчэ і зарабляе. Гэта не так ва ўсіх адносінах.
Праца мастака цяжкая ў інтэлектуальным плане, дадайце да гэтага пастаянную самакрытыку і незадаволенасць вынікам і амаль поўную адсутнасць трывалага попыту на працы, бо твая творчасць не адпавядае густам масавага гледача. І ўсё-такі іншага жыцця я для сябе не ўяўляю, без радасці (і цяжкасцяў) творчасці не магу існаваць.
Адзін з мастакоў на адкрыцці маёй выставы так і сказаў: вашы працы «непрадажныя». Гэта адначасова і высокая ацэнка своеасаблівасці маіх акварэляў, але і канстатацыя факту, што акварэль мяне не пракорміць. У тым ліку і па гэтай прычыне я працую цяпер у цэнтры эстэтычнага выхавання, а раней вяла школу малявання для дарослых у Мінску. Хачу падзяліцца некаторымі назіраннямі.
Сярод дарослых людзей, што займаліся на курсах, было шмат такіх, якія ў маладосці не звярнулі ўвагі на сваё жаданне маляваць, змаглі заглушыць магутны ўнутраны творчы паток, пайшлі па патрабаванні бацькоў у бухгалтары. І толькі цяпер, у сталым узросце, дараслі да разумення – усё важнае, сутнаснае ўнутры нас, знешняе – зменліва і зманліва. І зараз, калі мае юныя выхаванцы кажуць, што бацькі арыентуюць іх на атрыманне прафесіі, якая б грошы прыносіла, і не звяртаюць увагу на жаданне дзіцяці, я разумею: далёка не заўжды матэрыяльны дабрабыт з’яўляецца сацыяльным сінонімам шчасця. Бо займацца нелюбімай справай – цяжка, і гэта прамая дарога да стрэсу і дэпрэсіі.
Творчасць дапамагае мне напоўнена пражываць кожны свой дзень, быць у ім тут і цяпер. Мне здаецца, такое права (а можа, нават і абавязак!) ёсць у кожнага.
Ірына ТРУБАЧ/Фота Веранікі СТАЦІНА