“Купалінка, Купалінка, цёмная ночка. Дзе ж твая дочка? Мая дочка ў садочку ружу поліць, белы ручкі коліць”.
Няма ў Беларусі такога кутка, дзе б з 6 на 7 ліпеня не гучалі словы гэтай песні. Купалле – старадаўні звычай, абрад, пра які не забудзецца ніхто. З малых год мы ведаем пра гэтае свята, з вялікім нецярпеннем яго чакаем і ідзём, каб прыняць удзел у вечарыне.
У Нарачы адзначаць гэтае свята стала непарушнай традыцыяй. І на гэтым тыдні, як і кожны год, у цэнтры аграгарадка, каля сельскага Дома культуры, паціху збіраецца народ: усе, ад мала да вяліка. Пачынаецца прадстаўленне – першы этап святкавання. Дзяўчаты ў прыгожых убраннях спяваюць песні, танцуюць, водзяць карагоды, запрашаюць людзей прыняць удзел у іх. І, канешне ж, плятуць вянкі. Такіх вянкоў вы больш не ўбачыце нідзе. Але не толькі артысты з вянкамі. Вельмі прыемна, што сярод натоўпу ёсць і простыя дзяўчаты, якія спецыяльна для купальскай ночы сплялі сабе вянок.
Затым распальваецца вогнішча. Сімвалічна пачынаецца гэтая дзея спаленнем кола з лентамі дзяўчатак. У нас у гэтым годзе было 2 вогнішчы: большае і меншае. Нашыя хлопцы скакалі праз агонь, калі дагарала меншае вогнішча.
Канешне ж, Купалле не абышлося і без чорта з кікімарамі, якія з вялікай ахвотай аблівалі людзей вадой. Смех чуўся, напэўна, на ўсю вёску.
Пасля ўся моладзь адправілася на пошукі папарць-кветкі.
А затым дыскатэка на ўсю ноч.
Помнім мы нашыя старажытныя святы, шануем традыцыі продкаў. Яны ў праве намі ганарыцца.
Кацярына Плёска