Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

«Афганістан» – сінонім «болю»…

Гэтыя дзве настаўніцкія сям’і, што жывуць у Лыцавічах на Іжаншчыне, аб’ядноўвае не толькі прафесія і месца пражывання.  Ёсць і яшчэ адно падабенства: праз маладосць Віктара Іосіфавіча Баравога і Івана Станіслававіча Косача прайшоў Афганістан, пакінуўшы пасля сябе боль і незабыўную памяць. Урэшце, гэту старонку  гісторыі памятаем усе. Але адна справа – проста ведаць і памятаць і зусім іншая – самому прайсці тымі вогненнымі сцежкамі, бачыць гібель таварышаў, глядзець у вочы смерці. І гэта ўсё – зусім маладому хлопцу, кінутаму з мірнага жыцця ў тое пекла… Аднак людзі,  пра якіх хачу расказаць, не з тых, хто любіць смакаваць перажытае, расказваць падрабязнасці страшных падзей. Было рознае. І, канешне ж, страшнае. Яны гублялі баявых сяброў і там, у далёкай чужой краіне, жылі верай і надзеяй, што дастойна вытрымаюць лёсам наканаванае іх пакаленню выпрабаванне  і вернуцца дамоў. Хлопцам пашчасціла – абодва вярнуліся ў свае вёскі жывымі і нават не параненымі. Значыць, трэба дастойна жыць, радавацца кожнаму мірнаму дню і блакітнаму небу над галавой. І любіць, шанаваць, кахаць, цаніць… Яны, афганцы, усё гэта адчуваюць па-асабліваму. Бо бачылі і перажылі іншае. Не дай Бог зведаць гэта нікому…

Віктар

Чамусьці так атрымалася, што некалькіх воінаў-інтэрнацыяналістаў дала нашаму краю Іжаншчына. З маленькай радзімы  гераічна загінуўшага Мікалая Каляды і герой гэтай публікацыі Віктар Баравы.

1

– Праўда, асабіста з Мікалаем мы не былі знаёмыя, – расказвае Віктар Іосіфавіч. – Ён быў крышку старэйшы за мяне, нарадзіліся ў розных вёсках і вучыліся мы ў розных школах, таму лёс не звёў да арміі.

Малая радзіма Віктара – вёсачка Баравыя. Да арміі паспеў закончыць вілейскае вучылішча № 124 пры заводзе «Зеніт», набыць спецыяльнасць. І тут прызвалі ў армію. Як звычайна бывае ў такіх выпадках, родныя і сябры, праводзячы на службу, жадалі дастойна яе несці і вярнуцца дадому. У той час усе ўжо ведалі пра Афганістан і пра тое, што там нашы хлопцы нясуць службу.
– Ды што там гаварыць пра чуткі – мой аднавясковец там служыў, – удакладніў Віктар Іосіфавіч. – Так што і мы, навабранцы, і бацькі нашы ўсё ведалі.

Віктар трапіў у пагранічныя войскі і першы год служыў на іранскай граніцы. А пасля хлопец трапіў непасрэдна ў месца, дзе было горача ва ўсіх сэнсах.

– Давялося ўдзельнічаць у дзвюх аперацыях, бачыць смерць нашых салдатаў, – голас Віктар Іосіфавіча задрыжаў. – Пра што тады думалася? Выконвалі загад, рабілі сваю справу, мы ж былі салдатамі… Ды і маладыя былі, гарачыя… Канешне ж, было цяжка. Затое там, у арміі, я па-сапраўднаму навучыўся цаніць сяброў. А дамоў доўга не пісаў, дзе служыў – не хацеў лішні раз хваляваць бацькоў. Праўда, яны расказвалі, што  ўсё даведаліся самі. Хваляваліся, верылі і чакалі.
І вось ён, доўгачаканы «дзембель». Як на крылах ляцеў Віктар у родную вёску.

– Як цяпер памятаю гэту карціну, – расказаў ён. – Заходжу ў хату, а дома толькі бабуля з малымі ўнукамі. Сядзяць тыя на ложку, падушкамі абстаўлены з усіх бакоў, гуляюць… Бабуля – у слёзы… «А дзе тата з мамай?» – пытаюся. Яна расказала, што бацька ў Мінску на курсах, а мама на ферме. Я, нават не распранаючыся,– туды. Кінулася мама на шыю, тут і слёзы, і радасць… А ўвечары ўжо ўся радня ў хаце сабралася, нібы ў свята.

Не стаў былы салдат дарэмна марнаваць час і вырашыў паступаць вучыцца. Падаўся на падрыхтоўчае аддзяленне медыцынскага і хутка зразумеў: не яго гэта прызванне. Падаў дакументы ў Віцебскі  педінстытут. Тут, на вучобе, сустрэў і сваё вялікае каханне – Алу. Пасля заканчэння вучобы маладая сям’я прыехала ў Лыцавічы. Так у Чурлёнскай школе з’явіліся два выдатныя настаўнікі хіміі і біялогіі.

– Вельмі камфортна працаваць у нашым калектыве прафесіяналаў, аднадумцаў, творчых людзей, – разважае Віктар Іосіфавіч. – Школа – гэта маё, і нічога іншага сабе не ўяўляю. З дзецьмі адчуваеш сябе, як і яны, маладым і няўрымслівым.

Іван

Свой у нейкім сэнсе незвычайны адыход у армію і дзень, калі гэта адбылося, Іван Косач памятае і сёння.

– Я тады вучыўся ў Гродзенскім  фізкультурным тэхнікуме, – прыгадаў ён мінулае. – Справа была ў панядзелак, 13 мая. Памятаю, прыйшоў да нас на заняткі падпалкоўнік, назваў прозвішчы некаторых з нас і коратка сказаў: «Сёння пойдзеце служыць. Даю чатыры гадзіны на зборы». Праўда, родным я паспеў пазваніць, і маці з бацькам на машыне хуценька прыехалі з нашых Бакштаў у Гродна. Вось так атрымалася: у дзевяць раніцы атрымаў павестку, а днём ужо адправіўся на службу.

Як і належыць, першыя паўгода была вучэбка, якую Іван праходзіў у Латвіі. А затым іх, танкістаў дванаццатай мотастралковай роты, «кінулі» на Туркменію. Тут на працягу двух месяцаў была адаптацыя да мясцовасці, «знаёмства» з гарамі. А пазней – сваім «танкавым» ходам узялі курс на Афганістан. Ці было страшна?

– Нас жа браня ахоўвала, – з усмешкай адказаў Іван Станіслававіч, а затым ужо сур’ёзна дадаў: – Было нялёгка, асабліва, калі гублялі таварышаў. У адным з баёў загінуў і наш камбат… Такое не забудзецца.

Як і Віктару Баравому, Івану Косачу пашчасціла прыйсці з той страшнай вайны жывым і здаровым. Хлопец вярнуўся на вучобу ў тэхнікум. Размеркавацца пасля яго пажадаў не ў горад,  а ў сельскую мясцовасць з прыгожай прыродай. Так ён трапіў на Вілейшчыну, у Іжскую школу.  А на год пазней сюды прыехала пасля вучобы Алена, маладая настаўніца нямецкай мовы. Так утварылася і гэта настаўніцкая сям’я.

– Усім сэрцам палюбіў гэтыя мясціны, што сталі маёй другой радзімай, – прызнаўся Іван Станіслававіч. – Тут такая прырода! І людзі добрыя, спагадлівыя.  А педкалектыў, у якім я працую (Любанская школа – аўт.), – гэта асобная тэма. Добразычлівыя, спагадлівыя людзі і высокакласныя прафесіяналы. І з дзецьмі мне падабаецца займацца. Яны ў нас і лыжнікі адмысловыя, і шахматысты, і стралкі. Вось і ў раённай спартакіядзе паказваюць добрыя вынікі. Так што праца ў школе прыносіць мне вялікае задавальненне.

Баравыя і Косачы жывуць у Лыцавічах амаль па-суседску і нярэдка сустракаюцца сем’ямі. Ім, вясковым настаўнікам, ёсць пра што пагаварыць: пра дзяцей (у кожнай сям’і – па дачцэ і сыну), іх дасягненні і поспехі; пра школу, без якой не ўяўляюць свайго жыцця; пра гаспадарку, якой не чураліся і не чураюцца. А мужчыны не-не ды і ўзгадаюць сваю маладосць, баявых сяброў і выпрабаванні, якія ім выпала дастойна прайсці ў той далёкай горнай краіне, назва якой яшчэ доўга будзе нагадваць усім нам пра боль і страты.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота з сямейных альбомаў Баравых і Косачаў

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 39 queries