Заходзіш у гэту кватэру, і адразу апынаешся ў свеце ўтульнасці. Не столькі ад ідэальнай чысціні і парадку гэта адчуванне, а ад мноства самых разнастайных работ гаспадыні-майстрыхі. Вышываныя пакрывалы, ручнікі, навалачкі, сурвэткі і, канешне ж, карціны і іконы – гэта ўсё, прызнацца, здзіўляе. Адкуль у жанчыны гэты талент і як знаходзіць час на любімы занятак?
Ганна Субач, пра якую ідзе гаворка, толькі сціпла ўсміхаецца, маўляў, многія вышываюць, вяжуць, шыюць, тут не толькі пра талент трэба гаварыць, а пра цярпенне і вялікае жаданне тварыць.
– Нехта ўвесь свой вольны час прысвячае тэлевізару, другому карціць збегаць на сяло, – разважае Ганна Анатольеўна, – а я не магу без вышывання. Асабліва ўзімку, калі хапае вольнага часу.
Любоў да рукадзелля ў Ганны Анатольеўны з дзяцінства. Мама, вясковая настаўніца, заўсёды знаходзіла час на вышыванне. І дачушак старалася захапіць гэтай справай. Мудра так, не пад прымусам, а з лагодаю: то нітачку папросіць уцягнуць, то ўзор прыгожы пакажа, а то даверыць малой сваімі ручкамі зрабіць шывок-другі.
– І першай карцінай, якую я вышыла самастойна, была вось гэта, – Ганна Анатольеўна паказала на работу ў зале – тройку коней.
– Некалі такая вісела ў нас дома – мама вышывала, вось і мне захацелася.
Цяпер у кватэры карціны гаспадыні ў кожным пакоі. Пейзажы, кветкі, нацюрморты… А яшчэ – іконы, над якімі жанчына шчыравала з асабліва трапяткімі пачуццямі. І ў сынавай сям’і, якая жыве няблізка, ёсць маміны работы. Яны, ведае жанчына, – як напамінак пра родны дом, як часцінка яе мацярынскага сэрца. Як грэлі і грэюць цяпер яе работы мамы, якой ужо няма на гэтым свеце. Але застаўся бацькоўскі дом на Вязыншчыне ў вёсачцы Паняцічы, якая патанае ў лясах. Летам Ганна Анатольеўна кожныя выхадныя спяшаецца сюды, каб пабыць у лесе (я яна вялікі аматар збіраць грыбы і ягады), пакорпацца ў агародзе. Для яе гэта такое задавальненне!
– І зімовую прыроду люблю! – дзеліцца жанчына. – Ёсць у мяне сяброўкі, з якімі вельмі любім катацца на лыжах. Столькі эмоцый даюць такія сустрэчы з зімовай прыродай, столькі сіл прыбаўляюць…
Акрамя вышывання, Ганна Анатольеўна яшчэ і шые, і вяжа. Некалі, прыгадвае, калі яшчэ быў невялікім сын і жылося даволі няпроста, гэтыя ўменні нярэдка выручалі. Магла яна сваімі рукамі справіць абнову сабе ці сыну, вось і эканомія атрымлівалася.
На ўсё жыццё мне запомніліся некалі прачытаныя радкі: «Никто в этот мир не приходит всезнающим, никто – всемогущим, никто – всеумеющим…» Вось-вось, а майстрамі ў нейкіх справах нас робяць бацькі, жыццё і мы самі. Так атрымалася і ў Ганны Анатольеўны.
Ірына БУДЗЬКО
На здымках: работы віляйчанкі Ганны Субач
Фота аўтара






