Рознае. Так коратка можна аб’яднаць звароты нашых чытачоў, якія паступілі ў рэдакцыю ў апошні час.
Гаспадары дома сямейнага тыпу Марына і Генадзь Шаўцовы прыйшлі ў рэдакцыю з падзякай. Іх шматдзетнай сям’і вельмі не хапала пясочніцы ў двары. Дзе ўзяць пясок, на чым яго прывезці? Адказы на пытанні давялося б шукаць доўга, каб не добрыя людзі.
– Літаральна на працягу двух дзён пытанне вырашылася, – расказалі Марына і Генадзь. – Дзякуй за ўвагу да нас і неабыякавасць псіхолагу сярэдняй школы № 3 Таццяне Васільеўне Грынцэвіч, начальніку ААТ «Аўтабаза г. Заслаўя» Пятру Станіслававічу Пастэрнаку. Цяпер нашы дзеці з такім задавальненнем гуляюць у сваёй пясочніцы!
Жыхары вёскі Рэдзькавічы Вязынскага сельсавета звярнуліся з просьбай дапамагчы ў рамонце дарогі праз іх вёску. Яны ўдакладнілі, што размова ідзе не пра новую, а пра старую вуліцу. Тут быў брук, які пасля быў засыпаны гравіем. Цяпер тут з’явіліся выбоіны, якія трэба было б падсыпаць. Ці плануецца гэта ў бліжэйшай перспектыве?
– Згодны, вуліцу трэба пагрэйдзіраваць, – адказаў старшыня Вязынскага сельсавета Ігар Судніковіч. – Разам з ДРБУ-162, на балансе якога вуліца, мы будзем вырашаць гэта пытанне.
Віляйчанка Валянціна Пятроўна Шкуранава пазваніла ў рэдакцыю і выказалася вось на якую тэму. Было б вельмі добра і ўсім зручна, лічыць яна, каб дзе-небудзь у людным месцы, магчыма, у парку, устанавілі дошку аб’яў,у тым ліку і прыватных,дзе б размяшчалася цікавая і патрэбная людзям інфармацыя. Так калісьці было і да гэтага, на думку Валянціны Пятроўны, не шкодзіла б вярнуцца.
Стараста вёскі Лукавец Хаценчыцкага сельсавета Іосіф Шахрай наведаўся ў рэдакцыю асабіста. Па даручэнні сваіх аднавяскоўцаў і ад сябе асабіста Іосіф Яўстаф’евіч выказаў падзяку дырэктару мясцовай гаспадаркі «Стайкі» Уладзіміру Лучанку.
– Нядаўна звярнуўся да Уладзіміра Міхайлавіча ад жыхароў вёсак Лукавец і Мардасы з просьбай дапамагчы ў апрацоўцы «сотак», – расказаў вясковы стараста. – Літаральна на другі дзень пасля звароту дырэктар выдзеліў тэхніку, і людскія «соткі» былі апрацаваны. Дзякуй нашаму кіраўніку за клопат пра людзей і належны падыход да справы. Ад усіх нас дзякуй.
Людмілу Сяргееву, якая патэлефанавала ў рэдакцыю з раёна, турбуе пытанне зусім іншага кшталту.
– Так склалася жыццё, што я адна выхоўваю дваіх дзяцей, – падзялілася жанчына. – Дачка ўжо студэнтка, а сын яшчэ школьнік. Каб падлетак не займаўся непатрэбным, гады два назад купіла яму камп’ютар, а пазней падключылі інтэрнэт. На сваю галаву, бо цяпер не ведаю, як сына адцягнуць ад манітора. І днюе, і начуе за ім. Баюся, што хлопец ужо залежны ад гэтай «цацкі»…
Пытанне жанчыны я адрасавала псіхолагу цэнтра здароўя падлеткаў і моладзі цэнтральнай раённай бальніцы Андрэю Чарняўскаму.
– Так, – пацвердзіў ён, – праблема інтэрнэт-залежнасці існуе. Некаторыя настолькі захапіліся, што, можна сказаць, жывуць у віртуальнай прасторы. І гэта праблема многіх краін свету. Урачы б’юць трывогу, бо некаторыя з інтэрнэтзалежных кідаюць школу, работу, каб болей часу сядзець за камп’ютарам. І найболей хвалюе, калі падобнае адбываецца з дзецьмі і моладдзю. Што рабіць, каб справіцца з праблемай? Па-першае, трэба яе прызнаць. Падлетак не зможа з ёй змагацца, пакуль гэтага не зробіць. А пасля трэба абавязкова знайсці сабе нейкае іншае захапленне (спорт, музыка, танцы і іншыя). Больш бывайце на свежым паветры, гуляйце. І яшчэ адна парада: не ешце за камп’ютарам – харчаванне ў асобным месцы дапаможа адключыцца ад рэжыму онлайн. Дарослыя ж павінны сачыць за тым, колькі часу бавіць іх дзіця за маніторам і, калі гэта трэба, адрэгуляваць графік заняткаў і адпачынку дзіцяці. Гэта вельмі важна, бо размова ідзе пра самае галоўнае – здароўе.
Такія вось рознабаковыя праблемы хвалююць нашых чытачоў. Праблемы надзённыя, жыцейскія.
Ірына БУДЗЬКО
Ад «сотак» і да інтэрнэта – людзей турбуе ўсё гэта
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


