Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

А праца – усіх асноў аснова…

Чалавек, пра якога хочацца расказаць, мае вельмі важную рысу ў характары – любую давераную яму работу выконваць сумленна і якасна. Так было заўсёды: і калі працаваў у колішнім калгасе «XXI з’езд КПСС» (цяпер гэта ААТ «Нарачанскія зоры»); і калі на працягу некалькіх гадоў нёс вахты на поўначы; і цяпер, працуючы машыністам аўтагрэйдэра ў ДРБУ №162, дзе стаж яго таксама немалы – дзесяць гадоў. Размова пойдзе пра віляйчаніна Уладзіміра Каркотку (на здымку), адказнага работніка, добрага сем’яніна і гаспадара, сціплага чалавека.

Хлопец з вялікай вясковай сям’і, Уладзімір з дзяцінства ўсвядоміў, што галоўнае ў жыцці – праца, без якой не ўяўляецца яно само. Яна і неабходнасць для існавання, і, што тут хаваць, магчымасць самарэалізавацца, паказаць, чаго ты варты, і нават хоббі. Было б у чалавека жаданне і стымул (чым часцей за ўсё з’яўляюцца блізкія людзі – сям’я), і навучыцца можна ўсяму. У гэтым Уладзімір Каркотка перакананы. Не, зусім не лішнія яны, веды і навыкі, якія ў жыцці не-не ды і спатрэбяцца. Нездарма ж нашы мудрыя продкі гаварылі: давай Бог усё ўмець, але не ўсё рабіць. Вось і Уладзімір Уладзіміравіч без праблем спраўляецца не толькі са звыклымі мужчынскімі абавязкамі накшталт «абкасіць, пасекчы, падладзіць, прынесці», але і па-майстэрску рабіць тое, што пад сілу прафесіяналам – мулярам, сантэхнікам, столярам. І робіць усё старанна, ад душы, як і належыць сапраўднаму гаспадару.

Кожныя выхадныя Уладзімір Уладзіміравіч спяшаецца ў родныя Камарышкі, што ў Нарачанскім сельсавеце, дзе застаўся бацькоўскі дом і дзе ўсе яны, шасцёра дзяцей ужо са сваімі дзецьмі, збіраюцца. Тут, прызнаецца мой суразмоўца, ён адпачывае душой, тут яшчэ, здаецца, захавалася цеплыня рук яго бацькоў. Дзеці падтрымліваюць свой хутар (так характарызуе Уладзімір Уладзіміравіч бацькаўшчыну) у належным парадку, апрацоўваюць зямлю, вырошчваюць усю гародніну для сваіх сямей. Нядаўна пасадзілі малады сад, бо дрэвы, калісьці пасаджаныя продкамі, ужо састарэлі. А яшчэ агульнымі намаганнямі выкапалі тут ставок, зарыбілі яго карпам, амурам ды шчупаком, і цяпер у рэдкія хвіліны адпачынку можна пасядзець з вудай.

– Сапраўдныя святы бываюць, калі мы збіраемся ў вёсцы ўсе разам, – расказвае мой суразмоўца. – Працуем, размаўляем, успамінаем мінулае, плануем. Наш хутар размяшчаецца ў маляўнічым месцы, недалёка рэчка працякае. Тут проста адпачываеш душою…

З асаблівай цеплынёй гаварыў Уладзімір Уладзіміравіч пра сваіх блізкіх – жонку, Людмілу Барысаўну, якая працуе музыкальным кіраўніком у дзіцячым садку №7; дзяцей, Рамана і Бажэну. Сын, ужо закончыўшы вышэйшую навучальную ўстанову, працуе, мае сваё жыллё. Засталося, жартуе бацька, толькі ажаніцца. А малодшая дачушка, Бажэна, сёлета закончыць школу, будзе таксама выбіраць шлях у самастойнае жыццё. Яна, як і мама, любіць музыку, іграе на цымбалах. На маю заўвагу, што, маўляў, ім з жонкай стане сумнавата, калі Бажэна паедзе на вучобу, Уладзімір Уладзіміравіч адрэагаваў без роздумаў: за працай сумаваць няма калі.

Так атрымалася, што і пачыналі, і закончылі размову мы працоўнымі момантамі. Уладзімір Каркотка, адчуваецца па ўсім, любіць сваю работу, калектыў, у якім працуе. Тры гады назад яму выдзелілі новы аўтагрэйдэр, на якім ён выконвае работы па дарожным будаўніцтве і рамонце. Што і казаць, справа адказная і вельмі патрэбная людзям, таму робіць яе Уладзімір Уладзіміравіч старанна і па-гаспадарску. Урэшце, па-іншаму ён проста не можа.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries