Чаго не хапае для шчасця?
Напэўна, кожнаму свайго. Але ж абавязкова чагосьці не хапае. У калісьці папулярнай песні былі такія словы: «Не рвитесь на части, стараясь чего-то достать: для полного счастья чего-то должно не хватать…» А яно і сапраўды так.
У Марыны Пятроўны адзіны сын вывучыўся на праграміста, паехаў жыць і працаваць у ЗША. Раз у некалькі гадоў наведвае маці з дарагімі падарункамі, расказвае пра сваё жыццё. Аднойчы пабывала ў яго і маці. Пасля дзялілася ўражаннямі: «Усё ў яго выдатна, зарплаты такія, што нам і не сніцца… Жывуць з каханай дзяўчынай у шыкоўнай кватэры, падарожнічаюць, ні ў чым сабе не адмаўляюць. Ну проста рай!»
Зусім іншыя клопаты ў сяброўкі Марыны Пятроўны, Святланы Сяргееўны: выгадаваўшы траіх дзяцей, яна ў свае пяцьдзясят з хвосцікам мае ўжо сямёра ўнукаў. Падворак гэтай мнагадзетнай сям’і ніколі не сумуе без дзіцячых галасоў і смеху.
– Шчаслівая ты, Марынка, – пры рэдкіх сустрэчах з сяброўкай уздыхае Святлана. – Сын вунь як уладкаваўся, ніякіх праблем… І ў кватэры ў цябе – бы ў музеі. А тут кожную капейку лічым, з крэдытаў не вылазім. А што ж – такая сям’я… І ў доме – пастаянна дзіцячы сад.
– Дзіцячы сад, – задуменна паўтарае за сяброўкай Марына Пятроўна, а вочы ў яе сумныя-сумныя.
І чаго не хапае ёй для поўнага шчасця?
Не кукуй, зязюля…
Сваю Алесю Кацярына Іванаўна гадавала адна. Не склалася ў яе сямейнае жыццё, муж пакінуў іх з малой і з’ехаў у горад. Кацярына не стала яго шукаць, не патрабавала ад гора-бацькі і аліментаў. Жанчына заўсёды многа працавала, на калгаснай ферме была ў лідарах, і на дзіця ёй заўсёды хапала. Ды і бацькі-пенсіянеры заўсёды дапамагалі. І расла Алеся прынцэсай, якую стараліся захінуць ад усіх клопатаў і непрыемнасцяў. Жывучы ў вёсцы, дзяўчына не вырвала ні травінкі ў агародзе, не ведала, з якога боку падыйсці да каровы. Больш таго, маці аберагала дачку і ад пасільных дамашніх клопатаў, лічыла, што справа дзіцяці – вучоба. І Алеся вучылася, была адной з лепшых вучаніц у школе. Пасля паступіла ў вышэйшую навучальную ўстанову. На апошнім курсе выйшла замуж, нарадзіла дзіця, развялася. Стараючыся ўладкаваць сваё асабістае жыццё, малога сына пакінула маці ды надоўга «забылася» забраць… Усе гэтыя гады Кацярына Іванаўна чула ад сваёй Алесі толькі «дай», «дапамажы», «ты павінна». І ні разу маці, якая выбівалася з сіл, не дачакалася ад яе ні слоў падзякі, ні суцяшэння.
Прайшлі гады. Зусім старэнькай і нямоглай стала Кацярына Іванаўна. А дапамогі ад дачкі як не было, так і няма.
– Чаму яна вырасла такой? – задаецца пытаннем і не знаходзіць адказу бабуля. – Гэта ж так яе любілі, даглядалі… Памятаю, паклала неяк спаць, а насупраць на дубе зязюля ўсё кукуе ды кукуе. Не дай Бог, думаю, разбудзіць маю прынцэсу. Пабегла да дуба, пачала ганяць птушку…
Нехта мудры калісьці сказаў: не рабіце з дзіцяці куміра: калі яно падрасце, то абавязкова будзе патрабаваць ахвяру. Так яно ў жыцці і бывае.
Ірына БУДЗЬКО