На парозе сустрэлі двое мужчын, бравых, з той выпраўкай, якая заўсёды выдае вайскоўцаў. Па крайняй меры, наконт аднаго з іх, апранутага ў мундзір палкоўніка, і здагадак можна было не строіць.
– Юрый, – працягнуў ён для знаёмства руку. Злавіўшы мой дапытлівы позірк, кінуты на пагоны, дадаў: супрацоўнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі. А гэта мой брат Леанід, падпалкоўнік запасу, прыехаў на бацькаў юбілей з Яльца (Расія. – Аўт.) Размова не паспела завязацца, як парог хаты пераступіў яшчэ адзін мужчына, пажылы, у святочным гарнітуры, лацкан якога ўпрыгожвалі баявыя ўзнагароды. Іпаліт Аляксандравіч Хаванскі збіраў сям’ю не толькі з нагоды свята Вялікай Перамогі, але і па прычыне свайго 90-гадовага юбілею.
Усявышнім пазначаны шлях ад нашага нараджэння да адыходу ў вечнасць. І выпрабаванні чалавеку даюцца для яго самасцвярджэння, для ўсталявання ў свядомасці асобы тых духоўных пачаткаў, якія ўзнімаюць яе над усімі жывымі істотамі, што насяляюць акаляючы свет.
– Многа пражыта, многа перажыта, – ва ўнісон маім думкам разважае Іпаліт Аляксандравіч. Мы прыселі на лавачку перад палісаднікам, адкуль нясецца духмяны пах вясны. Пяшчотны, няўтольны. Яго дваццацігадовы Іпаліт з асаблівым хваляваннем удыхнуў у майскі дзень таго пераможнага 1945-ага. У ваколіцах Прагі бушавала вясна. І калі адхлынуў усплеск эйфарыі пасля весткі аб поўнай і безагаворачнай капітуляцыі Германіі, якую найперш разнеслі па Еўропе ваенныя радыёстанцыі, салдаты нібы ўпершыню ўбачылі майскую квецень і адчулі ў сабе неўтаймаваную прагу жыцця.
…У наваколлі, як гарэзнае хлапчаня, сваволіць вецер. То сыпане на дол жменю яблыневых пялёсткаў, то заскрыпіць весніцамі, глушачы гукі вясковай вуліцы. А да іх прыслухоўваюцца ў доме Хаванскіх. Чакаюць са Смаргоні Соф’ю, шматдзетную маму і дачку Іпаліта Аляксандравіча. Ала, якая жыве побач у Людвінове і працуе там у мясцовай школе, накрывае святочны стол. Двое сыноў, дзве дачкі, унукі… Шчаслівы бацька і дзед…
Іпаліт Аляксандравіч нарадзіўся таксама ў вялікай сям’і: меў брата і дзвюх сястрыц.
– Вось там мой пупок, – узмахвае ён убок адной з сядзіб ерхаўскай вуліцы. І тлумачыць простую геаграфію сваіх уздоўж яе вандровак. У гэту хату ён прыйшоў да сваёй каханай дзяўчыны прымакам. Бярвенне, што шчацінілася шэрым мохам, аздобіў белай сілікатнай цэглай. Атрымалася дыхтоўна і вабна. Хата і сёння – на ўсю вуліцу. Хоць колькі гадоў ужо мінула. І мілая адзіная яго Валя-Валечка два гады прайшло, як пакінула гэты свет. Толькі штодня наведвае яе Іпаліт Аляксандравіч на вясковым могільніку. Тут ляжаць ужо практычна ўсе карэнныя жыхары Ерхаў.
– Нас мясцовых мо пару сямей засталося… – У вачах майго суразмоўцы – той глыбока ўсталяваны сум, з якога бывае ніколі не выбрацца чалавеку. Бо якой бы высокай моцы не была яго натура, ёсць жыццёвыя абставіны, над якімі ён не ўладар.
– Мне чатыры гады было, як ад мамы застаўся. А Зоня, сястрычка, была на два за мяне меньшая. І, ведаеце, я маму помню. Нас, малых, прывялі да яе ложка. Калі яна памірала. У мамы, на ілбе, на хусцінцы, ляжаў кавалак лёду. Вось як бы хто уклаў у маю памяць гэты малюнак.
І ўсё ж сірочая доля – гэта не пра яго. Бацька жаніўся на такой жа гаротнай удаве, што таксама была абсыпана дзецьмі. Сям’я выйшла вялікая. Толькі пакрыўджаным ніхто не быў. І мачаха не дзяліла дзетак на сваіх і чужых, нікога кавалкам не ўпікала. Пэўна, мужная і светлая была жанчына, не абмінутая боскай міласэрнасцю. Але жылося тады цяжка. І падлетку Іпаліту давялося і на чужых валоках араць, і скаціну людскую пасвіць. Год служыў у гаспадара з суседняга хутара, які вярнуўся з еўрапейскіх заробкаў. Жыў заможна, як пан. Вяскоўцы ставіліся да яго насцярожана, але без асаблівай зайздросці. А калі нястача вельмі напружвала, знаходзілі на яго хутары работу. У гэту кагорту трапіў быў і Іпаліт. Вучыцца хлопцу не было магчымасці. Таму і закончыў, прызнаецца, усяго чатыры класы польскай школы.
– Калі пачалася вайна, Іпаліту было ўжо сямнаццаць гадоў. У суседніх Касцяневічах стаяў нямецкі гарнізон. Аднойчы паміж партызанамі і акупантамі завязалася перастрэлка, у хатах трэсліся шыбы, маці бліжэй ціснула да сябе дзяцей. А ў тых да натуральнага прыроднага страху далучалася і звычайная дзіцячая дапытлівасць. І невядома яшчэ, што пераважала ў гэтым букеце пачуццяў. Злавіўшы супярэчлівы настрой нашчадкаў, бацька загадаў ім легчы на падлогу і не ўставаць, пакуль будуць гучаць стрэлы.
А сапраўдная вайна пачалася для Іпаліта летам 44-ага. Пасля мабілізацыі яго накіравалі ў дывізійную разведку (гэта быў чацвёрты Украінскі фронт). У падраздзяленні – чатыры разведчыкі, трысувязісты.
– Мы былі, як браты, – успамінае Іпаліт Аляксандравіч. – Бывала, адной лыжкай елі, міскай кашы дзяліліся…
Глыбокія карані людской памяці. Чым глыбей капаеш, тым выразней абліччы і сюжэты мінулага. Асабліва, калі паўстаюць яны ў кантэксце сённяшніх рэалій. Нешта падобнае адбываецца і з памяццю Іпаліта Аляксандравіча. Хутка 70 год міне, як з сувязістам па прозвішчу Налівайчык, што быў родам з Украіны, яны вобмацкам, па-пластунску, прабіраліся па пярэдняму краю абароны, сярод баявых умацаванняў непрыяцеля. Іх задача – сабраць разведданныя для маючай адбыцца артпадрыхтоўкі. Здавалася, у іх было адно дыханне на дваіх і нібыта нават адно сэрца. А яно, як на злосць, не тахкала ціха, а грукацела ў падманнай начной цішыні, якая штохвілінна магла разарвацца кулямётнай ці аўтаматнай чаргой пасля кожнага неасцярожнага руху разведчыкаў…
Дык няўжо нашчадкі яго баявога сябра, з якім яны каля Прагі «падчышчалі» недабіткаў здрадніка Власава, а ўжо пасля перамогі,ва Украіне,змагаліся з бандэраўцамі, няўжо яны могуць прагнуць паўтарэння? Той трагедыі вялікай некалі краіны, якая можа прывесці і да больш маштабных наступстваў…
Мы колькі хвілін маўчым. І ў далейшай размове ўжо не кранаемся тэмы, што аднолькавым болем адгукаецца ў нашай свядомасці, уплываючы на ўрачысты настрой сённяшняга дня, у якім супалі чарговая гадавіна Вялікай Перамогі і юбілей салдата, што як мог, набліжаў гэты дзень. У жыцці было так, як у песні. І яе спявалі яны ўдваіх з Валянцінай. Хораша гучаў іх сямейны дуэт. На чорна-белых фотаздымках яны,абое маладыя, прыгожыя, далікатна горнуцца адно да аднаго, са стрыманасцю сапраўды высокага пачуцця. На больш позняй, ужо каляровай фатаграфіі, Іпаліт і Валянціна ў сталым узросце стаяць на фоне дружна зарунеўшага поля. Яшчэ адзін здымак занатаваў сямейнае застолле, дзе яны ў пары спяваюць. І ўсё ўдваіх, усё разам. Чыста і светла ішлі яны па жыцці. Шлюб бралі на пачатку пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Паспелі і залатое вяселле адзначыць. І зноўку, захоўваючы традыцыю, павянчацца ў мясцовым касцёле.
Іпаліт Аляксандравіч колькі часу працаваў у кааперацыі, узначальваў Касцяневіцкае сельпо. Быў загадчыкам мясцовай свінафермы. Тыя ліпы і таполі, што сёння шалясцяць тут буйнымі кронамі, пасаджаны яго рукамі.
– Ну, знайдзіце мяне вось тут, – Іпаліт Аляксандравіч паказвае фотаздымак, дзе перад аб’ектывам пазіруюць маладыя салдаты. Твары напружаныя, застыўшыя, не вельмі прывычныя да падобных сюжэтаў. Ды і выпадковы фатограф наўрад ці меў прафесійныя навыкі. Шчыра прызнаюся суразмоўцу ў сваёй бездапаможнасці.
– Дык вось жа, недалёка ад гарманіста… – Са старой фотакарткі, з далёкага 45-ага, нібы пазірае ў новы век юнак. Ён яшчэ і не здагадваецца аб тым, наколькі абавязаны яму будзе гэтай чыстай майскай квеценню свет.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара і з сямейнага архіву Хаванскіх