Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

9 мая ставіў на стол фотаздымкі сыноў і моўчкі плакаў…

Мацвей Кажура, дзевяцікласнік сярэдняй школы №3 ім. В. Л. Сасонкі:

– Я заўсёды з асаблівым хваляваннем гляджу фільм грузінскага рэжысёра Рэза Чхеідзэ «Бацька салдата», калі падчас Вялікай Айчыннай вайны стары грузінскі селянін вырашае знайсці свайго сына на фронце і падчас гэтых пошукаў трапляе ў дзеючую армію, з баямі дабіраецца да Берліна. Ён знаходзіць сына, але той, паранены, памірае ў яго на руках…

Гэтая гісторыя пра майго прапрадзеда Нічыпара Емяльянавіча Сярчэню – бацьку салдата, дакладней трох салдат – якая адбылася ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, дваім сынам, Мікалаю і Васілю, не суджана было сустрэць перамогу і вярнуцца дадому.

…У Нічыпара і Кацярыны было дзевяць дзяцей: пяць хлапцоў і чатыры дзяўчыны. Дружна жылі, шчыра працавалі, мелі нядрэнную на той час гаспадарку. Марылі паставіць новую хату, бо старая была зусім маленькая. Чакалі з арміі старэйшага сына Мікалая…

Між тым, другому сыну, Васілю, 3 чэрвеня 41-га споўнілася 18 гадоў. Ён атрымаў позву з Любанскага райваенкамата і 20 чэрвеня быў прызваны ў армію. А праз два дні пачалася Вялікая Айчынная вайна.

25 верасня 1941 года – роўна ў той дзень, калі яму споўнілася 53 гады, – Сярчэня Нічыпар Емяльянавіч добраахвотнікам пайшоў на фронт за сынамі, і ўжо 14 лістапада ў яго быў першы бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Што-што, а ваяваць ён умеў. Прайшоў Першую сусветную вайну, меў узнагароды.

На фронце бацька знайшоў двух старэйшых сыноў. Папрасіў, каб яго залічылі з сынам Васілём у адзін гарматны разлік. Яны хутка асвоілі сваю ваенную спецыяльнасць. Бацька навучыў Васіля не толькі падносіць снарады, але і быць наводчыкам. У красавіку 1945 года дывізіён накіравалі пад Кенігсберг і паставілі ахоўваць чыгуначны мост. 9 красавіка 1945 года адзін з самалётаў праціўніка наблізіўся да моста, зенітчыкі адкрылі агонь. Асколкам нямецкага снарада Васіль быў смяротна паранены.

Агонь спыняць было нельга. У гэты час фашысцкія самалёты рваліся да аб’екта. Нічыпар з байцамі зняў цяжка параненага сына з сядзення зенітнай устаноўкі, палажыў яго на бруствер акопа, а сам сеў на месца наводчыка і павёў агонь па варожых самалётах. Толькі пасля бою ён, атрымаўшы цяжкае раненне ў руку, ледзьве падышоў да цела сына. Стогн вырваўся з грудзей бацькі: зразумеў цяжар сваёй страты. Сыхо­дзячы крывёй, страціў прытомнасць і прыйшоў у сябе толькі ў шпіталі.

Пасля месяца лячэння Нічыпара дэмабілізавалі. Пераможным маем ехаў дадому і не ведаў, як сказаць родным, што не змог уратаваць сына. Аднак не ведаў бацька, што 9 красавіка не стала і Мікалая. Ён вая­ваў кулямётчыкам у 4-й стралковай роце І Прыбалтыйскага фронту. Падчас абароны Кенінгсберга быў забіты і пахаваны ў брацкай магіле в. Гадрынен Кенігсбергскай вобласці.

Сэрца аблівалася крывёй і захо­дзілася ад болю: недзе на фронце ваяваў сын Іван. Да гэтага ён, кінуўшы школу, разам з такімі ж хлапчукамі, рыў акопы, супрацьтанкавыя рвы. Позва прыйшла 11 лютага 44-га, калі да 18-годдзя яму заставалася яшчэ два месяцы. Іван ваяваў старшыной мінамётнай роты на
3-м Украінскім фронце. 20 ліпеня 1945 года вярнуўся ён дадому. На грудзях зіхацеў медаль «За баявыя заслугі».

Прапрадзядуля за мужнасць быў узнагароджаны 4 ордэнамі і 18 медалямі. Пражыў больш за восемдзесят гадоў. Але не расказваў ні дзецям, ні ўнукам,
за што атрымаў узнагароды.

А 9 мая ставіў на стол фотаздымкі сыноў і моўчкі плакаў…

На вялікі жаль, не толькі вайна, але і час забірае ў нас любімых лю­дзей. Тых, хто на свае вочы бачыў, наколькі жудасная вайна, становіцца ўсё менш. І таму важна разумець, што наша будучыня – у нашых руках. І менавіта таму важна захоўваць гэты жудасны, але бясцэнны вопыт аб нялюдскасці вайны. Вопыт, які час не павінны ў нас адабраць. Вопыт, які прымусіць нас рабіць усё магчымае, каб не дапусціць паўтарэння трагедыі. Мы памятаем пра вайну, каб жыць. Жыць варта, не пакрываючы ганьбай перамогу тых, хто аддаў сваё жыццё ў абмен на светлую будучыню сваіх нашчадкаў.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 147 queries