Шмат працалюбівых і адораных людзей нарадзілася на Вілейшчыне. Гонар і славу складаюць імёны многіх нашых землякоў як на Беларусі, так і далёка за яе межамі. Імя ўраджэнца вёскі Касута Расціслава Герасімовіча вядома сярод архівістаў і гісторыкаў, людзей, якія цікавяцца краязнаўствам і гісторыяй сваёй малой радзімы. Расціслаў Фёдаравіч Герасімовіч больш за 40 гадоў свайго жыцця прысвяціў служэнню маладзечненскаму архіву, які першапачаткова ствараўся як архіў Вілейскай вобласці, на пасадзе яго дырэктара. У верасні гэтага года Расціславу Герасімовічу, Заслужанаму работніку культуры БССР, Ганароваму архівісту Беларусі, былому дырэктару ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Маладзечна» споўнілася б 80…
Якімі б ні былі ўнікальнымі гістарычныя дакументы – без людзей ім наканавана ляжаць нікчымным грузам. Дапамагчы дакументам прынесці карысць грамадству і ёсць задача архівістаў. Як правіла, у архіве працуюць людзі, адданыя сваёй справе і тыя, хто любіць гісторыю. Выпадковыя людзі надоўга не затрымліваюцца ў падобных установах. 40 (!) гадоў нязменна заставаўся дырэктарам Занальнага дзяржаўнага архіва ў Маладзечна Расціслаў Фёдаравіч Герасімовіч. Нарадзіўся ён 11 верасня 1938 года ў вёсцы Касута Вілейскага раёна. Працоўную дзейнасць пачаў у 1956 годзе на Амурскай чыгунцы, а з 1957 па 1959 гады праходзіў службу ў радах Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі Расціслаў Фёдаравіч прыехаў у горад Маладзечна, дзе пачаў працаваць старшым навуковым супрацоўнікам Мінскага абласнога краязнаўчага музея, што размяшчаецца ў гэтым горадзе. У музеі ён прапрацаваў некалькі гадоў, і з 1963 года перайшоў на працу ў архіў, на пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка, які ў той час называўся Філіял Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці ў г.Маладзечна. І ўжо 8 студзеня 1964 года Расціслаў Герасімовіч быў прызначаны дырэктарам архіва і прапрацаваў на дадзенай пасадзе да чэрвеня 2004 года. А ў 1965 годзе Расціслаў Фёдаравіч скончыў Маскоўскі дзяржаўны гісторыка-архіўны інстытут па спецыяльнасці «гісторыка-архівазнаўства».
Праца архівіста толькі на першы погляд можа паказацца не складанай. На самой справе – гэта штодзённая карпатлівая работа, важнасць якой цяжка пераацаніць – як для гісторыі ўсёй краіны, так і для гісторыі простага чалавека, што шукае свае карані і вывучае радавод. Наколькі гарманічнай і суладнай была праца калектыву маладзечненскага архіву, якім кіраваў Расціслаў Фёдаравіч, можна меркаваць па шматлікіх ганаровых граматах. За перыяд работы ў архіўнай сістэме Расціслаў Герасімовіч зарэкамендаваў сябе сапраўдным прафесіяналам, дасканала дасведчаным у архіўнай справе.
– Свой шматгадовы вопыт, веды ён паспяхова перадаваў маладым архівістам, – падзялілася сваімі ўспамінамі супрацоўніца ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Маладзечна» Аксана Адамовіч.
– Менавіта таму, вопыт калектыву маладзечненскага архіва неаднаразова абагульняўся на калегіях і семінарах у Мінскай вобласці і БССР і быў рэкамендаваны для распаўсюджвання ў архіўных установах рэспублікі. У многім гэта заслуга выдатнага спецыяліста і высокапрафесійнага калегі Расціслава Фёдаравіча Герасімовіча. Дарэчы, у 1972 годзе Расціслаў Фёдаравіч быў дэлегаваны ад Беларусі на Міжнародны кангрэс архіваў, які праходзіў у Маскве, – адзначыла Аксана Адамовіч.
За працоўныя дасягненні Расціслаў Герасімовіч неаднаразова ўзнагароджваўся: ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Галоўархіваў СССР і БССР, архіўнага аддзела Мінаблвыканкама. У 1987 годзе рашэннем калегіі Галоўнага архіўнага кіравання пры Савеце Міністраў СССР і прэзідыума ЦК прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў Расціслаў Герасімовіч быў узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік архіўнай справы». А ў 1991 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ён быў удастоены звання «Заслужаны работнік культуры БССР». У 2003 годзе Расціславу Фёдаравічу было прысвоена званне «Ганаровы архівіст Рэспублікі Беларусь» з уручэннем нагруднага знака. Дарэчы, уручаны Камітэтам па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь нагрудны знак мае № 003 і ўручаны ў 2003 годзе.
На жаль, 9 студзеня 2009 года Расціслава Герасімовіча не стала, але прынцыпы работы архіва, закладзеныя ім – выкарыстанне на практыцы вельмі каштоўнага багажу атрыманых ведаў, скрупулёзнае стаўленне да нязначных дробязей і дэталяў, перадача назапашанага вопыту работы маладым, адданасць абранай прафесіі – і цяпер з’яўляюцца неад’емнай часткай працы маладзечненскіх архівістаў. Усе, хто працаваў з Герасімовічам Расціславам Фёдаравічам, проста меў зносіны з ім, назаўсёды захаваюць пра яго добрую памяць.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота і звесткі прадстаўлены Занальным дзяржаўным архівам у г. Маладзечна