21 верасня ў 7.00 ён звыкла мінуе прахадную і апынецца на тэрыторыі Вілейскага рамонтнага завода. Праз паўгадзіны, як і заўсёды, пачнецца новы працоўны дзень. Для Аляксея Анатольевіча Валынца, наладчыка штампаў шостага разраду, дзень адметны – 40-годдзе яго працоўнай біяграфіі. 21 верасня 1978 года пасля службы ў Савецкай Арміі ён прыйшоў працаваць на завод. Прыйшоў – і застаўся, не здрадзіў ні сабе, ні прафесіі, адрабіў на адным месцы практычна чатыры дзесяцігоддзі і працуе сёння. Згадзіцеся, так здараецца не часта.
Яго маленькая радзіма – вёсачка Горнае. Сёння яе нібыта і не існуе: з усіх жыхароў – толькі адна сям’я, бацька з сынам. А больш за шэсць дзясяткаў год таму вёска жыла. Бацькі Аляксея Валынца працавалі ў калгасе. Дзяцей у сям’і падрастала двое – ён, старэйшы, і сястра, малодшая. Калі яму споўнілася трынаццаць, а сястрычцы было ўсяго паўтра месяцы, трагічна загінуў бацька.
– Бацька ўтапіўся 2 жніўня, – успамінае няпросты час Аляксей Анатольевіч, – а мама рабіла ў калгасе, трэба было ёй дапамагаць. Першы год дзед прылоўчыў мяне касіць, паказваў, як іншую работу выконваць. Ужо на наступны год я рабіў усё, што па гаспадарцы трэба. Тым больш сястра зусім малая была – трэба было і яе глядзець, і маме дапамагаць. На канікулах – дзеці гуляюць, а я з сястрой. Вось так мы жылі.
Школу, 9-10 клас, Аляксей Валынец заканчваў у Касцяневічах. Яго класным кіраўніком, а потым і дырэктарам школы, у той час быў Іван Казіміравіч Чайкоўскі. Ён раіў свайму вучню паступаць у Горацкую акадэмію, але той адмовіўся – разумеў, што быў патрэбен сям’і на месцы. Паступіў у Маладзечна, на фрэзероўшчыка. Адвучыўся. Пасля вучобы працаваў некаторы час у калгасе фрэзероўшчыкам, а потым яго запрасілі на працу ў сельсавет. Лічбаводам-касірам адпрацаваў гады паўтара, а пасля пайшоў служыць у армію. Служыў у сталіцы Эстоніі – Таліне.
– Вярнуўся з войска – хлопцы знаёмыя падказалі, што на рамзавод людзі патрабуюцца, – расказвае Аляксей Анатольевіч. – Я фрэзероўшчыкам устройваўся, але часова папрасілі папрацаваць на штампоўцы. Згадзіўся – ды так і застаўся. Пяць год штампоўшчыкам адрабіў, а потым вывучыўся на наладчыка… Так усё жыццё наладчыкам штампаў і працую.
Камусьці работа з металам і абсталяваннем для вытворчасці з яго розных вырабаў можа падацца нецікавай, але гэта – не пра героя нашай публікацыі. З металам ён на «ты». Пра свае штодзённыя працоўныя абавязкі Аляксей Валынец можа расказваць шмат. І гэтак жа дакладна, выверанымі за многія гады рухамі, дэманструе, як на шматкілаграмовым прэсе ажыццяўляцца замена штампа. Ад яго адладжанасці і своечасовай замены залежыць якасць будучых дэталяў. Калі штамп заменены, у некалькі імгненняў з металічнага ліста атрымліваецца дэталь «на пробу». Сёння гэта так званыя «банкі» – ёмістасці пад манометры, побач складзены іншыя дэталі, што ўяўляюць сабой металічную аснову пад будучыя тэрмометры. За гады працы на заводзе Аляксей Валынец асвоіў і іншыя прафесіі, нават у кузні, калі ёсць у гэтым неабходнасць, спраўляецца – падмяняе каваля.
На рамонтным заводзе працавала і яго жонка, Людміла Іосіфаўна. Пазнаёміліся, яшчэ калі яна працавала на пошце. Пасля аказалася, што і жывуць па-суседству – на здымных кватэрах па вуліцы Пушкіна, насупраць адзін аднаго. Знаёмства аказалася з працягам – у выніку яго ў 1980 годзе нарадзілася маладая сям’я. Распісваліся ў Касцяневічах, таму што родам былі з аднаго сельсавета, вяселле гулялі таксама там – Людміла Іосіфаўна родам з Добравічаў. Лёс зноў тады звёў Аляксея Валынца з былым класным кіраўніком, які ў той час стаў ужо старшынёй сельсавета і ў гэтай якасці рэгістраваў іх шлюб.
Жылі ў Вілейцы на здымнай кватэры, а хацелася мець, як кажуць, і свой куток. Калі быў пабудаваны інтэрнат па вуліцы Шубіна, 3а, Аляксей Валынец пайшоў да дырэктара рамзавода – прасіў, каб ім выдзелілі жыллё. На пытанне, ці не вырашыць ён у будучым работу памяняць, як бы абяцанне даў, што да пенсіі будзе на заводзе працаваць.
– Вось і атрымліваецца, – расказаў Аляксей Анатольевіч, – што сумленнем я чысты – на заводзе да пенсіі прарабіў і зараз яшчэ працую. Слова сваё стрымаў.
У інтэрнат засяліліся ў 1984 годзе. Паспартысткай, а потым і касцяляншай, тут працавала і жонка, Людміла Іосіфаўна. Пасля некаторы час яна працавала і ў адміністрацыйным будынку рамзавода – адказвала за чысціню ў службовых памяшканнях. Пазней сям’і ад завода далі дом на «Шанхаі»,там жывуць яны сёння разам з сям’ёю сына Аляксея. У гэтым жа мікрараёне сваё жыллё пабудавалі і дачка Таццяна з зяцем. Дзве унучкі і ўнучак – менавіта яны радуюць сваімі поспехамі дзядулю з бабуляй.
«Няўжо ні разу не ўзнікла жадання пайсці на іншую работу, змяніць прафесію?» – задаю правакацыйнае пытанне. Амаль не раздумваючы, Аляксей Валынец адказвае:
– Не, гэта – маё. У маладосці падабалася працаваць з металам, падабаецца і зараз. З гадамі прыходзіць вопыт. Робячы, ведаеш усё па памяці. І каб па-іншаму жыццё склалася – не хацеў бы. Колькі ў свой час нашых вырабаў і ў Расію, і на Дальні Усход вазілі! Прадукцыя была вядомая на ўвесь Саюз. Не раз бывала: фільм які гляджу – бачу, наш вагончык пацягнулі! Вагончыкамі мы называлі вагон-дамы рознага прызначэння, яны шырока выкарыстоўваліся і пад бытоўкі для будаўніцтва, і пад жыллё, былі вагон-сталовыя і вагон-інтэрнаты. Цяпер другі накірунак вытворчасці запатрабаваны – металаканструкцыі.
Дачка Аляксея Валынца стала педагогам – працуе лагапедам у адзінаццатым садку. А сын, як і бацька некалі, выбраў рабочую спецыяльнасць, хоць былі і іншыя варыянты, – сёння ён працуе станочнікам на мэблевай фабрыцы.
У паўсядзённым жыцці Аляксей Валынец знаходзіць час для захапленняў. Рыбалка – абавязкова, калі ёсць магчымасць, хіба толькі вялікі дождж перашкодзіць.
– Зімой – не, не хаджу, я толькі «летні» рыбак. Рыбачу не дзеля нажывы, а, як кажуць, болей для «спартыўнага інтарэсу», – расказвае Аляксей Анатольевіч. – У выхадныя гадзін у пяць устаю – і на рыбалку. Люблю сустрэць узыход сонца, паназіраць за прыродай – як парадкуюць свае справы бабры, як уздымаюцца качкі. Недалёка ад нашага дома ёсць пруд, дзе сёлета ўпершыню вывелі маладняк лебедзі – да гэтага года яны толькі прыляталі сюды жыраваць. Назіраць за прыродай – задавальненне, гэта мой адпачынак.
А яшчэ Аляксею Валынцу падабаецца «ціхае» паляванне – грыбы. Любімыя – падасінавікі, ну і, канечне, белыя, баравікі.
Такі ён, чалавек, які ўсё жыццё працуе з металам, але ўмее бачыць у жыцці прыгожае.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара і з архіва Вілейскага рамонтнага завода