Аляксандр Бядрыцкі – з натур апантаных, пра якіх кажуць, што яны гараць на рабоце. Тым і імпануе многім. Хаця, што хаваць, у іншых выклікае здзіўленне падобная няўрымслівасць. Колькі даводзілася назіраць, кіраўнік райаграсэрвісу да ўсяго жадае дайсці, што называецца ўласнаручна, кожную з’яву самастойна прааналізаваць, а кожную ідэю асабіста данесці да падначаленых.
Ён узначальваў падсобную гаспадарку «Асіпавічы». Сёння пад яго кіраўніцтвам – увесь шматгаліновы аграсэрвіс. А ён, акрамя вытворчасці сельгаспрадукцыі, займаецца яшчэ і абслугоўваннем сельскагаспа-дарчай галіны раёна. Больш функцый – болей галаўнога болю. Сёння, напрыклад, Аляксандр Яўгенавіч выношвае ідэю абслугоўвання новых сучасных трактараў маркі «Беларус 3022». Памятаецца, адной з першых у раёне набыла гэту тэхніку падсобная гаспадарка «Асіпавічы». Тады ў навіну яшчэ была электроніка. Механізатары жахаліся камп’ютара. І кіраўніку даводзілася мабілізоўваць усю сваю дыпламатыю, каб пераканаць людзей у безумоўных перавагах тэхнічнай навінкі. Цяпер ніхто ўжо ў іх не сумняваецца. «Беларусы» бараздзяць нівы Вілейшчыны, і ўсе машынна-трактарныя паркі маюць на ўзбраенні гэту высокапрадукцыйную тэхніку. Райаграсэрвіс рамантуе для ўсёй Мінскай вобласці ільнокамбайны, займаецца вапнаваннем глебы, прадстаўляе паслугі механізаванага атрада. Сёлета ў вілейскім караваі – важкая скібка яго сельгасвытворцаў. У падсобных гаспадарках намалочана 5 тысяч 300 тон збажыны. Ураджайнасць склала 32 цэнтнеры на круг. Такой райаграсэрвіс яшчэ не меў. Праўда, малюнак намалотаў даволі пярэсты. У падсобнай гаспадарцы «Талуць» атрымана ўсяго па 22 цэнтнеры з гектара. І гэта акалічнасць вельмі хвалюе кіраўніка. Аляксандр Яўгенавіч усяго паўтара года на пасадзе дырэктара. Падагнаць адстаючыя структуры пад планку лепшых – такі яго найпершы намер, які спакваля пачынае ажыццяўляцца. Сёлета ў гаспадарцы ўжо назапашана 24,4 цэнтнера кормаадзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Гэта без уліку кукурузнага сіласу, які сёння закладваецца на ўсіх фермах, дзе ўтрымліваецца буйная рагатая жывёла.
– Прыйшоў час, калі мы не будзем ні купляць, ні пазычаць кармы, – задаволены кіраўнік. Дойны статак трэба накарміць традыцыйным кормам, тады і канцэнтраты не спатрэбяцца, – перакананы Аляксандр Яўгенавіч. Яго вывад – не галаслоўны, а заснаваны на вопыце. Быў час, калі на МТФ «Асіпавічы» надоі атрымоўвалі на ўзроўні лепшых гаспадарак раёна. Пазіцыі сёння некалькі страчаны, але не ўпушчаны, – лічыць кіраўнік. І ўвасабляе ў жывёлагадоўчую галіну шэраг сваіх ідэй, звязаных з сучаснымі навацыямі.
– Буду займацца асабіста малаком, – запэўнівае Аляксандр Яўгенавіч. А праз некаторы час даводзіць, што асабіста будзе займацца і бульбай. Усё сказанае – у яго характары, асноўныя рысы якога закладзены сялянскімі каранямі. Дзе радзіўся, там і згадзіўся, – гэта і пра яго, мабыць, сказана. Бацькоўская сядзіба ў Ілішчавічах, вёсачцы, што належыць падсобнай гаспадарцы «Асіпавічы», вабіць вока дагледжанасцю і прадуманым хараством. З ранняй вясны да глыбокай восені буяюць у агародчыку кветкавыя кампазіцыі. У цяпліцах выспявае агародніна. Тут – роднае гняздо, якое дало крылы для ўзлёту, тут – пачатак і працяг усяго добрага, што было і ёсць у жыцці.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота Таццяны Шаршнёвай