Ну ніяк не вяжыцца ўнушальна-грунтоўнае слова «ветэран»з выглядам гэтых мілых жанчын, з якімі я вяду гаворку. Марыя Цімафееўна Данільчык, Валянціна Рыгораўна Місюль, Тамара Мікалаеўна Баслык…
Кожная з іх трыццаць пяць гадоў свайго жыцця аддала нялёгкай працы на заводзе будаўнічых дэталяў. Як прыйшлі яны на вытворчасць маладзенькімі прыгажунямі, так і адпрацавалі тут да выхаду на заслужаны адпачынак. А прафесіі станочніцы, загадчыцы склада, кантралёра вельмі нялёгкія… Ды пра лягчэйшае і не думалі. Быў час, прыгадваюць, калі той-сёй звальняўся, кідаўся ў пошуках большай капейкі. А яны не з такіх – як уліліся ў дружную сям’ю буддэталяўцаў, так і засталіся ёй вернымі.
– А мы і сапраўды былі адной сям’ёй, – кажа Марыя Цімафееўна Данільчык. – Бывала, хто якую абнову справіць – адразу ж у брыгадзе пахваліцца пакупкай. Разам і ў радасці, і ў горы. А якая мастацкая самадзейнасць была! Выступалі ўсе разам, адміністрацыя таксама не цуралася калектыву. Шанцавала нашаму прадпрыемству на кіраўнікоў, простыя былі яны, шчырыя, зусім не высакамерныя. Вось і Сяргей Міхайлавіч Жук такі ж. Як сустрэнемся дзе, абавязкова распытаецца пра здароўе, сям’ю, дзяцей. Такога чалавека яшчэ пашукаць.
158 ветэранаў-пенсіянераў, былых буддэталяўцаў, на ўліку прадпрыемства. Усіх іх віншуе адміністрацыя са святамі, выдзяляе грашовую дапамогу, запрашае на разнастайныя ўрачыстасці. А здарыцца ў чалавека якое гора – жыццё ёсць жыццё – роднае прадпрыемства першым прыходзіць на дапамогу.
– Мы ад усяго сэрца ўдзячны і Сяргею Міхайлавічу Жуку, і Генадзю Мікалаевічу Альшэўскаму, які прайшоў на вытворчасці прыступкі ад рабочага да начальніка цэха, а цяпер на ім ідэалагічная работа, – гаворыць Тамара Мікалаеўна Баслык. – Цудоўныя гэта людзі, душэўныя. Але ж разумеем, што грошы тыя, якія выдзяляюцца нам, пенсіянерам, зароблены тымі працаўнікамі, якія шчыруюць ля станкоў, у цэхах. Нізкі паклон усім ім.
– Нехта з мудрых сказаў: хто не паважае немаладых людзей, той не паважае чалавецтва, – далучыўся да гутаркі Генадзь Мікалаевіч Альшэўскі. – На нашым прадпрыемстве стараюцца не забываць гэтага. І нацэльвае на чалавечныя адносіны да ветэранаў вытворчасці дырэктар.
Нядоўгай была гэта размова з цудоўнымі людзьмі напярэдадні іх прафесійнага свята, але пасля яе на сэрцы доўга было неяк цёпла і светла. Нялёгкім быў працоўны шлях былых буддэталяўцаў – гэта бясспрэчна. Але ж хто скажа, што ён не быў шчаслівым?
Ірына БУДЗЬКО
На здымку: (злева направа) Валянціна Рыгораўна Місюль, Тамара Мікалаеўна Баслык, Марыя Цімафееўна Данільчык і Генадзь Мікалаевіч Альшэўскі.
Фота аўтара
Трыццаць пяць гадоў працы на заводзе будаўнічых дэталяў
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов



