Скрыпіць пад нагамі снег…
Тэрмометр паведаміў: сёння мінус 21. А хрусткі ад марозу снег нагадаў пра дзяцінства, у якім снежныя і марозныя зімы не былі выключэннем з правілаў, як цяперашнія. Успомніліся шэранькія валёначкі з чырвонымі галошамі – у іх было зручна і на санках, і з горкі, і, нарэшце, проста таптаць бялюткі снег, які ў яснае надвор’е так адлюстроўваў сонечныя прамяні, што балюча было глядзець.
Маразы былі моцныя – аж замярзалі дома шыбы. На іх з’яўляліся дзіўныя ў сваім харастве ўзоры – нібы чароўны лес, разглядаць які можна было бясконца. Прадыхаўшы ў гэтым інеі акенца, можна было ўбачыць вуліцу…
Скрыпучы снег нагадаў цудоўныя моманты, якія цёплым сонейкам грэюць душу. Яны дапамагаюць ёй не замерзнуць і не ацарсцвець, якое б часам сцюдзёнае надвор’е не здаралася на тваёй “дарослай” вуліцы.
Бывай, ёлачка
Карцінка з жыцця – бацька з сынам-школьнікам нясуць на кантэйнерную пляцоўку невялічкае навагодняе дрэўца. Здаецца, звычайны гаспадарчы рытуал, але чамусьці стала сумна.
Уявілася, як напярэдадні Новага года гэта ёлачка напоўніла сваім лясным водарам кватэру, як яе ўпрыгожвала ўся сям’я, і апоўначы 31 снежня ўсе жадалі адзін аднаму найперш здароўя, а ўжо потым – іншых жыццёвых неабходнасцей…
Такое жыццё, у якім усё ідзе сваёй чаргою. Адбыліся навагоднія і калядныя святы. Не паспелі азірнуцца – адсвяткавалі Вадохрышча. І ўжо прыкметна большае дзень – а значыць, рукой падаць да вясны, якая, хочацца верыць, падорыць усім людзям новыя надзеі.
Таццяна ШАРШНЁВА