Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Я памятаю сінь валошак…

Спякотнае лета 2010 года стала пачаткам маёй працы ў раённай газеце. У жніўні будзе роўна 10 год з таго моманту, як я атрымала першае рэдакцыйнае заданне і, узброеная блакнотам і ручкай, накіравалася ў сярэднюю школу №3. З Інай Віктараўнай Крышкоўскай, у той час – педагогам-арганізатарам, мы размаўлялі пра летні адпачынак школьнікаў. Памятаю, як хвалявалася, аддаючы свой рукапісны матэрыял рэдактару – Марыі Рамуальдаўне Кузаўкінай. І памятаю адчуванне той палёгкі, калі пачула: «Усё добра, ставім у нумар»…

Выпрабавальнага тэрміну ў мяне не было. А вось цікавых заданняў, сустрэч і паездак хапала – тое лета выдалася на іх гарачым. Многія супрацоўнікі рэдакцыі былі ў летнім адпачынку – і геаграфія маіх «падарожжаў» была багатай. Ішла ўборачная, а значыць, былі выезды агітбрыгады райвыканкама на палі – віншавалі працаўнікоў хлебнай нівы і адзначалі перадавікоў. Гучалі падзячныя словы ў гонар тых, чые рукі пахнуць хлебам, і лунала над палеткамі песня… Пакідаючы роўны след, камбайны імкнуліся наперад, а па сцярні ўслед за імі нетаропка ішлі «правяраючыя» – белыя буслы. І такія моманты абавязкова хацелася «схапіць» аб’ектывам рэдакцыйнага фотаапарата, як і валошкі, сінь якіх нясмела прабівалася праз спелае жыта… Згодна плану прыкрыцця, уборачную тэхніку суправаджалі пажарныя машыны, сур’ёзны супрацьпажарны кантроль ажыццяўляўся і на зернесушыльных комплексах – там таксама даводзілася бываць. Як і ў розных населеных пунктах Вілейшчыны – адметных сваім каларытам, і, канечне, людзьмі. Пра іх, працавітых і адказных, гасцінных гаспадароў і клапатлівых бацькоў, пісалі мы ў рубрыцы «Падвор’е». «Па адрасе праблемы» – такімі былі выезды на раён разам з Наталляй Радзевіч, якая была ў той час старшынёю раённага Савета дэпутатаў. Абазначаныя ёю «балючыя кропкі» на карце раёна «лячыліся» дакладна і аператыўна, не адкладваючы на «потым». Памятаюцца мне сустрэчы са сведкамі вайны, людзьмі, якіх загартавала жыццё. І розныя мерапрыемствы, якіх, цікавых і яркіх, было шмат.

Запомнілася, як аднойчы мы з калегам падчас напісання чарговага артыкула спрачаліся на нейкую тэму, сведкам гарачага абмеркавання стала рэдактар. З усмешкай яна заўважыла: «Вось і для вас прафесія стала «сваёю»…

Сваім стаў для мяне і калектыў. Старэйшыя калегі – неабыякавымі настаўнікамі, гатовымі заўсёды падзяліцца прафесійным і жыццёвым вопытам, слушнай парадай. Імклівы лад журналісцкага жыцця – пошук новых тэм і герояў публікацый, фотаракурсаў, разгляд зваротаў нашых чытачоў, цікавыя суразмоўцы – захапіў неяк адразу. Лічу, што мне пашанцавала і на калектыў, і на тых людзей, з якімі мела стасункі за гэты час. Кожны пакінуў свой адбітак не толькі на газетным аркушы, але і ў памяці.

Час ідзе, а гісторыя «раёнкі», ў якой ужо новы адрас, працягваецца. Пішуць яе новы рэдактар і новыя аўтары, размаўляючы з чытачамі друкаванымі радкамі, трымаючы сувязь па тэлефоне і пры асабістых сустрэчах, падчас правядзення дзён падпісчыка. Пашыраецца і наша інтэрнэт-аўдыторыя – людзі рознага ўзросту чытаюць вілейскія навіны, абмяркоўваюць, дзеляцца спасылкамі. Значыць, працуем мы недарэмна, дыялог «чытач-газета» працягваецца…

Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 147 queries