Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

100-гадовы юбілей

Навасёлкі – самая аддаленая вёсачка Людвіноўскага сельскага Савета, што знаходзіцца практычна на мяжы нашага і Мядзельскага раёнаў. Звычайная вёска, дзе калісьці жыло многа людзей. Сёння яна, як і нямала іншых, стала выміраючай: некаторыя хаты ўжо даўно пустыя, у іншых жывуць старэнькія людзі. Сюды, у Навасёлкі, мы ехалі з прыемнай місіяй – павіншаваць са стогадовым юбілеем мясцовую жыхарку Разалію Мякчыла-Талстыка. Мы – гэта дырэктар Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Сляпцова, начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Чаўлытка, старшыня Людвіноўскага сельскага Савета Наталля Шавялёва і аўтар гэтых радкоў.

– А вунь і наша гераіня, чакае нас, – паказала Наталля Шавялёва на бабульку, што сядзела на лавачцы ля сваёй хаціны.
У двары нас сустрэў сын юбіляркі. Ён з жонкай жыве ў Крывічах, а да маці часта наведваецца. На нашу параду жыць адной сям’ёй з матуляй, забраць яе да сябе, мужчына адказаў катэгарычна: «Не паедзе! Ды яе нават у бальніцу са сваёй хаты не адправіць…» Так яно, відаць, і ёсць, з цяжкасцю развітваюцца старыя людзі з роднымі вугламі…
Разалія Станіславаўна – чалавек у сельсавеце адметны, рэдкі. Гэта адзначыла Наталля Шавялёва. Чым адметная? Ды тым, што дасягнула стогадовага юбілею і яшчэ нядрэнна сябе адчувае, і тым, што носіць даволі рэдкае імя ды двайное прозвішча.
Круглатварая, яшчэ даволі рухавая для такога ўзросту, Разалія Станіславаўна і сапраўды не выглядае на свае гады. Яшчэ тупае па хаце і падворку, нават па шчаўе можа схадзіць на абмежак. Ды і ашчаднасці, дбайнасці гаспадыні не губляе, клапоціцца, каб без патрэбы не гарэла святло, каб своечасова былі нарыхтаваны дровы на наступную зіму. Вось і нядаўна з дапамогай сацыяльнага работніка Зінаіды Ляшковіч запаслася бабуля палівам і цяпер ужо ёй не страшныя халады.
Вось толькі са слыхам у Разаліі Станіславаўны праблемы, таму і не чула яна ўсіх тых цёплых слоў і пажаданняў, якія адрасавалі ёй госці.
– Бачу, што нешта гаворыце, а што– не чую, – нібыта апраўдвалася бабуля.
Затое з гордасцю і радасцю прымала падзячны ліст за подпісам старшыні райвыканкама, падарункі – пасцельную бялізну, цёплы абутак, ручнік, ласункі – і кветкі – пахучыя півоні.
Як клапатлівая дачка, ля бабулі завіхалася Зінаіда Генадзьеўна, яе незаменная памочніца і ўжо нібыта член сям’і. Спытай яе – і ўсё ведае пра бабулю: і як на заработкі ездзіла, і як у калгасе працавала, і як сына адна гадавала…
Сваёй падапечнай Зінаіда Генадзьеўна таксама прынесла падарунак і прыгожы пірог, які для такой падзеі пякла сама. Сем такіх вось нямоглых людзей на абслугоўванні жанчыны, і да кожнага яна – з душой і клопатам, за кожнага перажывае, праблемы ўсіх успрымае як свае і стараецца неадкладна вырашаць.
– Дзякуй вам, дзеткі, – шчырымі словамі праводзіла нас бабуля Разалія. – Няхай дае Бог, каб і вы дажылі да маіх гадоў. І каб нічога-нічога вам не балела…
Жадаем гэтага і Вам, паважаная Разалія Станіславаўна.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries