Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Трымаць сябе ў форме дапамагае фітбол

Як і ў любым іншым, у пятым гарадскім садку дзень пачынаецца з зарадкі. Падчас якой дзеткі канчаткова прачынаюцца, атрымліваючы зарад бадзёрасці і добрага настрою на ўвесь дзень. Бо што можа быць найлепей за выкананне фізічных практыкаванняў пад музыку з вясёлай «Цёцяй Зарадкай»? Так, прызналася кіраўнік фізвыхавання Алена Лешчанка, часам яе называюць выхаванцы. Ды і тыя, хто ўжо прамяняў садаўскія клопаты на школьны партфель, сустракаючы Алену Міхайлаўну на вуліцы, вітаюць яе, расказваюць пра свае справы. Часам раяцца з ёю і бацькі – ці варта, напрыклад, аддаваць дзіця ў гімнастыку? Алена Лешчанка – чалавек, які не толькі выглядае прыязна, але і ставіцца так да іншых. Бо каго-каго, а дзяцей падмануць нельга. І ў адказ на дабрыню яны цягнуцца да яе, кожны раз ідучы з усмешкай ў «музыкальны зал», дзе праходзяць заняткі.
Фітбол, або гімнастычны мяч, – рэч карысная і шматфункцыянальная. Акрамя агульнай карысці для дзіцячага здароўя, выкарыстанне такіх прыстасаванняў мае і карэкцыйную функцыю. І гэта толькі некалькі прычын, чаму у свой час фітнес-аэробіка зацікавіла Алену Лешчанку. На яе прапанову набыць для заняткаў гімнастычныя мячы адміністрацыя сада пайшла насустрач – адказала станоўча. А ў лістападзе мінулага года Алена Міхайлаўна, адзіная з Вілейкі, ездзіла на курсы па фітболу. Але не толькі гэта ў полі яе зроку. Увесь час яна ў пошуку новых методык працы з дзецьмі, музычных кампазіцый для спартыўных святаў, розных мерапрыемстваў. Зарадка, фізкультура, заняткі, карэкцыя, індывідуальная работа, гульні і практыкаванні на вуліцы… Адным словам, дзень кіраўніка фізічнага выхавання насычаны і дынамічны. А пасля абеду дзеці старэйшага ўзросту наведваюць гурток, што вядзе Алена Міхайлаўна.
– Калі работа па душы, і калі працаваць па-сучаснаму, развівацца, а не стаяць на месцы, работа будзе прыносіць задавальненне, – такую робіць яна выснову. А так можа казаць толькі той чалавек, які сапраўды жыве работай.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота прадстаўлена ДУА «Яслі-сад №5»


Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries