Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Медыцынскае абслугоўванне

З загадчыцай Куранецкай урачэбнай амбулаторыі Тэрэсай Ліпскай мне даводзілася сустракацца некалькі разоў. Памятаю, падчас нядаўняга майго візіту ў гэту медыцынскую ўстанову Тэрэса Багданаўна зазначыла, што самае галоўнае ў жыцці – здароўе кожнага з нас, нашых блізкіх. Астатняе ж, як кажуць, прыложыцца. А яго, здароўе, трэба берагчы. І ў гэтым дапамагаюць сваім пацыентам медработнікі. Здавалася б, прапісныя ісціны…Памятаю, як прыемна ўразіў мяне выгляд Куранецкай урачэбнай амбулаторыі пасля капітальнага рамонту. Прыгожы будынак ужо нічым не нагадваў той старэнькі, узведзены ў далёкім 1948 годзе. А сучасныя кабінеты амбулаторыі, новае абсталяванне, рэгістратура яшчэ раз пацвярджалі, што ўстанова адпавядае ўсім патрабаванням сённяшняга дня. Тут камфортна і медработнікам, і наведвальнікам.
У амбулаторыі функцыянуе нямала кабінетаў: тэрапеўтычны, стаматалагічны , акушэрскі, прывівачны, здаровага дзіцяці, пакой адпачынку. Ёсць тут добра аснашчаныя фізкабінет, лабараторыя. А яшчэ працуе дзённы стацыянар. Так што цяпер жыхарам аграгарадка і навакольных вёсак зручна папраўляць здароўе на месцы, не губляючы часу на паездкі ў райцэнтр.
Тры дзесяткі населеных пунктаў (а гэта 2039 чалавек) абслугоўваюцца гэтай медыцынскай установай. Прыемная дэталь: у 2008 годзе, калі я наведвала аграгарадок, дзетак да года было 9, сёння ж Тэрэса Багданаўна з гонарам называе лічбу ў два з «хвосцікам» разы большую – 20. А яшчэ, дадала, медработнікамі назіраюцца на сённяшні дзень 11 цяжарных жанчын. Так што жыццё працягваецца.
У загадчыцы амбулаторыі спраў хапае. Трэба прыняць хворых на месцы, выехаць па выкліках. Раз у тыдзень Тэрэса Багданаўна прымае на ФАПе ў Балашах, куды выязджае з аптэкай. Часты госць урач у вароніцкім доме сацыяльных паслуг, дзе сустракаецца з вяскоўцамі, гутарыць, дае рэкамендацыі. Дарэчы, самыя розныя пытанні даводзіцца ёй вырашаць, часам вельмі далёкія ад медыцынскіх.
Больш за два дзесяткі гадоў мінула з таго часу, як Ліпская стала і жыхаркай Куранца, і мясцовым урачом. Гэта цяпер медработнікі, якія ўзначальваюць сельскія амбулаторыі, афіцыйна маюць статусы ўрачоў агульнай практыкі. А былі такімі яны заўсёды, бо доктару на вёсцы трэба быць, што называецца, спецыялістам на ўсе рукі – з любой хваробай і любой траўмай вяскоўцы звяртаюцца перш за ўсё да яго.
Не юнай выпускніцай медінстытута прыехала на Вілейшчыну Тэрэса Ліпская. У яе за плячыма ўжо было сем гадоў працы ў Лельчыцкім раёне, дзе пачынала, набіралася вопыту. Там напаткала жанчыну і яе блізкіх чарнобыльская бяда…
Лёс ніколі не песціў Тэрэсу Багданаўну. Можа, таму навучылася яна глядзець на жыццё па-філасофску: калі выпадаюць выпрабаванні, трэба іх дастойна пераадольваць. І ці бывае ў каго так, каб без цяжкасцей і болю?
Як пра блізкіх людзей, гаворыць Тэрэса Багданаўна пра сваіх калег. Лабарант Ганна Аляксандраўна Дабрыян, урач-стаматолаг Валянціна Іванаўна Сярга, фельчар Галіна Пятроўна Слатвінская, медыцынская сястра Марыя Аляксандраўна Жарыкава і іншыя шчырыя працаўнікі, побач з якімі ёй камфортна і надзейна.
– Самае галоўнае, лічу, што мне пашанцавала працаваць з такімі людзьмі, – дзеліцца Тэрэса Багданаўна. – І адміністрацыя цэнтральнай раённай бальніцы дапамагае і разумее нашы праблемы; і з мясцовай уладай трымаем сувязь і вырашаем усе пытанні; і з калегамі ёсць паразуменне, і дома. А чаго можна яшчэ жадаць?
Яна хвілінку падумала і дадала:
– Таго, з чаго пачыналі гутарку – здароўя. І нам, і нашым блізкім.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 136 queries