Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Школьнік не хоча ехаць у лагер. З такой сітуацыяй сутыкаюцца некаторыя бацькі

Школьнік не хоча ехаць у лагер. З такой сітуацыяй сутыкаюцца некаторыя бацькі.

– Не хоча і ўсё, – заключае адна знаёмая мама дванаццацігадовай дзяўчынкі. – Лепей дома сядзець з тэлефонам. Правільна, там жа дысцыпліна, не дадуць рабіць што ўздумаецца. Кажу ёй: едзь, хоць карыснай справай зоймешся, навучаць цябе дысцыпліне. Упіраецца, да плачу даходзіць.

Хутчэй за ўсё, лета дзяўчынка так і правядзе на пару з тэлефонам. А шкада. Хто ведае, магчыма, пра аздараўленчы лагер у яе было б зусім іншае меркаванне, калі б яна пажыла ў той захапляльнай вірліва-шумна-цікавай атмасферы лета, сяброўства, узаемавыручкі і самастойнасці. Вельмі многія хлопчыкі і дзяўчынкі з нецярпеннем чакаюць канікулаў, каб паехаць у лагер і зусім не разумеюць «хатнікаў».

Дык чаму ж дзеці такім розным бачаць свой адпачынак? Аднаму дастаткова канапы і тэлефона, іншыя ж не ўяўляюць лета без цікавых конкурсаў, спартыўных мерапрыемстваў, песень пад гітару, новых знаёмстваў. І справа тут, напэўна, не столькі ў характарах дзяцей (хоць бывае і такое, і гэта ўжо іншая справа), колькі ў бацькоўскай недапрацоўцы. Думаецца, яшчэ задоўга да канікулаў мамы і таты павінны расказаць дзецям пра адпачынак у аздараўленчым лагеры, цікавыя мерапрыемствы, якія там ладзяцца, і безумоўную карысць для арганізма. І ўжо зусім няправільна робяць тыя дарослыя, хто так апісвае лагер: там табе не дадуць лайдачыць, там табе пакажуць дысцыпліну… Хіба парадуе дзіця такая перспектыва?

Праблема, якую закранула ў гэтым матэрыяле, зусім не дробязная, і яна абмяркоўваецца спецыялістамі на розных узроўнях. Нядаўна, напрыклад, прачытала пра яе ў праекце БелТА «Краіна гаворыць». Кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская раіла, як аблегчыць адаптацыю дзіцяці ў аздараўленчым лагеры. Практычна ў кожнай змене, адзначыла яна, ёсць хлопчык ці дзяўчынка, якім у першыя дні адпачынку тут не па сабе, нязвыкла. І тут ужо слова за выхавальнікамі, якія павінны звярнуць увагу на такіх дзетак і дапамагчы ім у адаптацыі.

Дык чаму ж дзіця не хоча ехаць у лагер, а калі і паехала, то адчувае сябе там некамфортна? Адказваць нам, дарослым.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries