У першы дзень ліпеня ў раёне адбылося чарговае выязное мерапрыемства
з удзелам старшыні Вілейскага райвыканкама Анатоля Завацкага, мэта – ацаніць работу
па добраўпарадкаванні ў канкрэтнай мясцовасці,а таксама функцыянаванне аб’ектаў сацыяльнай сферы. У гэты раз сябе прэзентаваў Куранецкі сельсавет, які налічвае 13 населеных пунктаў і на тэрыторыі якога жывуць 1274 чалавекі.

Знаёмства з ім пачалі з Івонцавічаў, якія, як і аграгарадок Куранец, з’яўляюцца адным з буйнейшых населеных пунктаў. Па дарозе туды старшыня Куранецкага сельвыканкама Віталь Барткевіч даў невялікую характарыстыку тэрыторыі, якая з’яўляецца полем яго адказнасці, і спыніўся на актуальных пытаннях.
Такім, напрыклад, з’яўляецца ўзаемадзеянне з забудоўшчыкамі ў рамках рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №87 «Аб некаторых мерах па скарачэнні не завершаных будаўніцтвам жылых дамоў, лецішчаў». Прыклады ёсць як станоўчыя, так і не вельмі. Адзін з забудоўшчыкаў пачуў рэкамендацыю старшыні сельвыканкама накрыць дах, але выканаў патрабаванне па-свойму – рубероідам. Матэрыял, дарэчы, не вытрымаў выпрабаванняў надвор’я і ўжо парваўся. Такая вось гаспадарлівасць.
На прыкладзе тых жа Івонцавічаў, а таксама Клыняў, Плікавічаў, Сакавічаў, Літвінак была прадэманстравана работа паводле Указа №116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі», а таксама па будаўніцтве жылля для шматдзетных.
У сэрцы сельсавета, аграгарадку Куранец, які налічвае амаль 800 чалавек насельніцтва, удзельнікі выязнога мерапрыемства наведалі дзіцячы садок, які сустрэў добраўпарадкаванай тэрыторыяй і кранальным выступленнем сваіх выхаванцаў. Яны, дарэчы, не ўсе мясцовыя: горад блізка, арганізаваны падвоз дзетак. І бацькі выбіраюць для сваіх маленькіх непасед сельскі дзіцячы садок. Задаволены ўсе – самі дзеці, іх бацькі і выхавацелі.


З прадпрыемстваў на тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць Куранецкае лясніцтва з пітомнікам Вілейскага доследнага лясгаса і дрэваапрацоўчае прадпрыемства «ВудВілія». У лесапітомніку нам прадэманстравалі ўмовы, у якіх вырошчваюцца лясныя культуры ў адкрытым і закрытым грунце, і навінку – спецыяльную рампу для аўтаматычнага паліву айчыннай вытворчасці. Як удакладніў дырэктар лясгаса Дзмітрый Дрозд, кошт усёй сістэмы – 35 тысяч беларускіх рублёў, адной такой канструкцыі для задавальнення вытворчых патрэб хапае.




Што датычыць сельскагаспадарчай вытворчасці на тэрыторыі сельсавета, малочнатаварная ферма «Куранец» уваходзіць у склад ААТ «Новая Любанія», тут знаходзяцца і мехмайстэрні.
Гандлёвае і бытавое абслугоўванне ажыццяўляюць тры магазіны прыватнай формы гаспадарання і комплексна-прыёмны пункт раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Прадавец апошняга Ала Комар расказала, што найбольшым попытам насельніцтва карыстаецца пасцельная бялізна – і кошт, і якасць пакупнікі даўно і станоўча ацанілі.

Куранецкі сельскі Дом культуры прэзентаваў удзельнікам выязнога мерапрыемства сваю работу з насельніцтвам рознага ўзросту і розных запатрабаванняў, а загадчыца Куранецкай урачэбнай амбулаторыі Тэрэза Ліпская, расказваючы пра дзейнасць установы, асобна адзначыла плюсы дыспансэрызацыі насельніцтва: многія сур’ёзныя захворванні ўдалося вынайсці на пачатковай стадыі. А кожны доктар ведае, што для здароўя пацыента гэта значыць многае.

Куранецкая сярэдняя школа вядома сваімі таленавітымі і паспяховымі вучнямі, таму і гасцям тут расказалі пра творчыя і спартыўныя перамогі выхаванцаў. Удалося наведаць і спартыўную трэніроўку юных тэнісістаў, з якімі займаецца перспектыўны настаўнік Яўген Сабінскі. Яго энтузіязм передаецца і юным аматарам настольнага тэнісу – таму і вынікі ў хлопцаў і дзяўчат высокія.

Абмяркоўвалі ўбачанае і абменьваліся меркаваннямі ў Куранецкім сельвыканкаме. Удзельнікі мерапрыемства адзначылі свежы рамонт у будынку – прастора сельскай адміністрацыі змянілася, а значыць, камфортней стала і работнікам сельвыканкама, і жыхарам, якія сюды звяртаюцца. Не абышлі ўвагай і праблематыку: гэта так званыя стыхійныя сметнікі, з якімі «дапамагаюць» уладальнікі лецішчаў на тэрыторыі сельсавета. За цякучы перыяд 2025 года, як адзначыў старшыня сельвыканкама Віталь Барткевіч, было праведзена абследаванне 240 дваравых тэрыторый і 24 тэрыторый суб’ектаў гаспадарання, выдаваліся прадпісанні, абавязковыя для выканання.

Пытанні па навядзенні парадку на зямлі актыўна дапамагаюць вырашаць старасты, дэпутаты, самі грамадзяне, работнікі арганізацый і прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Старасты вёсак Багданава, Клыні, Галінова і аграгарадка Куранец дапамагаюць сельсавету падтрымліваць парадак на могілках, на прыдамавых і грамадскіх тэрыторыях, на месцах баявой і воінскай славы. «Гэта першыя памочнікі, якія заўсёды на сувязі», – адзначыў Віталь Барткевіч. На тэрыторыі сельсавета праводзяцца суботнікі, у тым ліку з удзелам дэпутатскага корпусу, стараст і грамадзян.
Віталь Барткевіч таксама адзначыў, што страціла былую вастрыню пытанне з аўтамагазінамі: абслугоўванне і асартымент цяпер мясцовых жыхароў задавальняюць. Застаюцца пытанні па некаторых дарогах – яны паступова прыводзяцца ў парадак. Многае ў планах – і толькі агульнымі намаганнямі, было адзначана, гэта можна ажыццявіць.
Наконт работы з насельніцтвам па навядзенні парадку на зямлі, які з’яўляецца справай агульнай, Віталь Бярнардавіч адзначыў, што не заўсёды патрэбны адміністратыўныя меры ўздзеяння – з некаторымі людзьмі дастаткова пагаварыць. І так павінна быць – утрымліваць тэрыторыю свайго домаўладання ў чысціні і парадку, праўда?
Таццяна ШАРШНЁВА. Фота аўтара








