Працаўнікам адкрытага акцыянернага таварыства «Сцешыцы»
Паважаныя хлебаробы! Вы першымі ў раёне завяршылі ўборку збожжавых і збожжабабовых культур. Дазвольце павіншаваць ваш дружны калектыў з гэтай працоўнай перамогай. А яна не прыйшла сама па сабе. Былі цяжкасці, звязаныя з няўстойлівым надвор’ем, была штодзённая напружанасць і ў нейкай меры – самаахвярнасць. Мабілізаваўшы свае сілы, вопыт, майстэрства, вы паказалі сябе сапраўднымі гаспадарамі сцешыцкай зямлі. За гэта вам – гонар і пашана.
Няхай заўсёды будзе поўным колас, вырашчаны вашай нястомнай працай. А мір, шчасце і дабрабыт стануць вечнымі спадарожнікамі жыцця.
Яўген СІНІЛА, старшыня раённага выканаўчага камітэта.
СПІС ТЫСЯЧНІКАЎ ПАПОЎНІЎСЯ
Вызначаем кандыдатаў на прыз «ШП» «За адданасць полю»
13 камбайнавых экіпажаў намалацілі ўжо тысячу і больш тон збажыны. У рэдакцыю патэлефанаваў галоўны аграном акцыянернага таварыства «Язні» і папрасіў ад імя ўсіх працаўнікоў гаспадаркі павіншаваць старшага камбайнера Пятра Седага і яго напарніка Сяргея Седага з дасягненнем тысячнага намалоту. Названы экіпаж ужо намалаціў 1230 тон збажыны на камбайне КЗС-1218. З задавальненнем выконваем просьбу вашых землякоў, паважаныя лідары жніва. Будзьце шчаслівыя на зямлі, якую вы ўдасканальваеце сваёй нястомнай працай!
Сярод новых тысячнікаў таксама наступныя камбайнавыя экіпажы:
Руслан Садоўскі, Аляксей Драчылоўскі («Нарачанскія зоры»); Ігар Яўгель, Сяргей Яўгель («Першы Беларускі»); Іван Баравы, Ганна Баравая («Чурлёны»); Валянцін і Уладзімір Грачанікі («Стайкі»); Віктар і Ала Мойскія («Першы Беларускі»); Аляксандр Скабей, Ігар Крот (сельгаспрадпрыемства камбікормавага завода).
Усіх віншуем! А да ідэалагічных службаў сельгаспрадпрыемстваў звяртаемся з просьбай: прапануйце нам сваіх кандыдатаў на прыз рэдакцыі «ШП» «За адданасць полю». Па традыцыі ён будзе ўручаны на святкаванні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі. Тэлефануйце 5-52-63.
Марыя КУЗАЎКІНА


