Каля 2800 тон збажыны намалочана ў аграфірме «Ілья». Убрана больш палавіны палеткаў пры ўраджайнасці вышэй сярэдняй раённай.
– Паказчыкі нават крыху большыя нашых папярэдніх разлікаў, – канстатуе кіраўнік аграфірмы Генадзь Ракель, адначасова высока ацэньваючы працу свайго ўборачнага атрада. Бо некаторыя яго ўдзельнікі – у лідарах раённага спаборніцтва на жніве.
Андрэй і Васіль
Яны жывуць на адной вуліцы. І працуюць на адным камбайне. Андрэй Рудніцкі – старшым
камбайнерам, Васіль Каржэвіч у яго – памочнікам альбо, як цяпер называюць, проста камбайнерам. Сёлетняе жніво сёмае па ліку у Андрэя і першае – у Васіля. Жытнёвае поле насупраць указальніка «Ільянскія хутары» – не падарунак для ўборачнага агрэгата. Палегліцы хапае. Праўда, сцеблапад’ёмнікі спраўляюцца з задачай. Жыта – не ячмень, – тлумачаць камбайнеры. У апошняга сцябліны кароткія, таму, прыбітыя ліўнямі і ветрам, проста па зямлі сцеляцца. Васіль колькі часу працаваў у Маладзечанскіх электрасетках. А цяпер вось – на камбайне. «Свая стыхія пацягнула», – жартуе і сур’ёзна ўжо дадае: хлеб убіраць трэба. Мой суразмоўца кошт гэтага прадукта ведае не з магазінных цэннікаў. Росшы ў вёсцы, у працавітай сям’і, ён змалку ведаў і па свойму ацэньваў працу хлебароба. Сам не цураўся дапамагчы маці ў полі ці на сненакосе. Сваімі рукамі будаваў ужо для ўласнай сям’і дом. Марыў, што шчасце будзе бясконцым, радаваўся дзвюм дачушкам, выпеставаным мацярынскім і бацькавым клопатам. Гора, страту жонкі, перажыў цяжка. Ды і праз гады яшчэ не вылечыў час. Але калосяцца жыты, звіняць смехам пяцігадовай дачушкі – і боль, здаецца, адпускае сэрца. З разуменнем адносіцца да праблем Васіля яго напарнік Андрэй. Не толькі адна вуліца, ды цяпер вось камбайн, яднаюць іх, а сапраўдная, стрыманая ў знешніх праявах, мужчынская дружба.
– Летась было нялёгкае жніво, – усміхаецца Андрэй Рудніцкі. – А сёлетняе яшчэ цяжэй складваецца.
І ўсё ж, не зважаючы на цяжкасці, дружны экіпаж – на шостым месцы ў раённым спаборніцтве. З намалотам у 600 тон.
Сям’я
Калі Наталля пакідае кабіну, Аляксандр звыкла працягвае ёй руку. Праяўляючы не толькі мужчынскую галатнасць, але і аберагаючы сяброўку жыцця ад дробных непрыемнасцей. Не выключана паслізнуцца на гэтых прыступках крутой металічнай лесвічкі. Аляксандр Акуліч – старшы камбайнер. Жонка – у яго памочнікам. Што Наталля ў кабіне робіць? Садзіцца за штурвал і спакойна можа «нарэзаць бункер». Тэхніка кіравання камбайнам, – са слоў Аляксандра, даволі такі нескладаная, яе кожны можа асвоіць. Але, падаецца мне, на карысць Наталлі пайшлі усё ж добразычлівыя ўрокі блізкага чалавека. Увогуле жанчына працуе лабаранткай у мясцовым каледжы. А ў свой водпуск наважылася да мужа ў памочнікі. А дома ў Акулічаў – яшчэ адна помочніца, дачка Віка. Нягледзячы на юны ўзрост, дзяўчынка даглядае малодшую сястрычку і з галоўнымі хатнімі клопатамі спраўляецца.
Маладзёжны экіпаж
Іх камбайн стаяў на ўзмежку і перажываў нейкую толькі спецыялісту вядомую маніпуляцыю. Ад
ёмістасці ў форме вогнетушыцеля некуды пад колы цягнуліся шлангі. Адбываўся працэс, за ходам якога экіпаж пільна сачыў, ігнаруючы ўсе астатнія навакольныя абставіны. Як аказалася потым, ішла запраўка кандыцыянера, без якога сучасны камбайнер ужо не ўяўляе сабе кабіны, разлічваючы на адпаведны ў ёй мікраклімат. У Ігара Усава і Генадзія Максімовіча – новы камбайн, працуе першы сезон. А гэта жытнёвае поле Ігару, як кажуць, не раз вядома. Ён ужо неаднойчы рыхтаваў яго да сяўбы. Вось і мінулай восенню на «МТЗ 1221» узнімаў ворыва. Сёння пажынае вынік сваёй працы.
Пра Генадзя – размова асобная. Ён працуе пакуль у адной з вядомых будаўнічых арганізацый сталіцы. Кажа «пакуль», таму што яўна навастрыў лыжы на вёску. Вяртанне да вытокаў – справа годная. І здзяйсняюць яе натуры моцныя і мэтанакіраваныя. Хочацца пажадаць толькі, каб пошук сэнсу жыцця прывёў Генадзя да той зямлі, якая сёння так вабна пахне хлебам і сонцам.
Вадзіцель з крэйсера “Адмірал Ушакоў»
Наколка з красамоўнай сімволікай на правым плячы адна ўжо сведчыць аб прыналежнасці Канстанціна да марскога флоту. Гружаны жытнёвымі зярнятамі «МАЗ» ён прыпыніў на ўскрайку поля, яшчэ раз пераконваючыся ў надзенасці герметычнай «упакоўкі» бартоў. Аўтамабіль пойдзе прамым курсам на зернесклад. Збожжа ў той кандыцыі вільготнасці, якая не патрабуе дасушкі. Таму па ўсіх параметрах падыходзіць для пастаўкі на дзяржзаказ. Канстанцін Новік, адзін з лідараў раённага спаборніцтва вадзіцеляў на жніве, – чалавек вопытны. У цяперашнюю аграфірму прыйшоў чвэрць века назад, калі яна яшчэ мела зусім іншую назву. Хоць мог і ў Севастопалі застацца. Быў такі варыянт. Але дома тры гады верна чакала са службы матроса каханая дзяўчына Наташа. І ён вярнуўся ў свае Асцюковічы, каб стварыць сям’ю і аддаць даніну павагі бацькоўскаму дому, узгадаваўшай яго зямлі:
– Пятага мая прызываўся, а чацвёртага, праз тры гады, сышоў на бераг. У Севастопале застаўся лепшы сябра… Але многа я б аддаў, каб хоць на адну хвілінку апынуцца на палубе крэйсера, – шчыра дзеліцца Канстанцін Новік самым патаемным.
Толькі пайшло жыццё на новы віток. І назад яго не павярнуць. Сын ужо дарослы, працуе ў «Забудове». Дачка – на пятым курсе тэхналагічнага ўніверсітэта. І ён задаволены тым, што мае, што падарыў лёс, аддзячыўшы за вяртанне.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара




