Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Стайерскія дыстанцыі «Новай Любаніі»

Свежаскошанае ржышча, што маскіруе сабой дробныя разнастайнасці рэльефу – не лепшая дарога для легкавога аўтамабіля. Але матацыкл галоўнага агранома спрытна пераадольваў ледзь прыкметныя ў траве каляіны з рэшткамі дажджавой вады. І рэдакцыйная тэхніка ледзьве за ім паспявала, кіруючыся да жытнёвага палетку, дзе падчас абедзеннага перапынку цясніліся камбайны. Звычайны, але заўсёды нестандартны і прыцягальны сюжэт жніўнай пары.
Віталь Радкевіч урэшце вывеў нас да аўтамашыны, дзе ў руках хуткай на руку раздатчыцы мільгаў чарпак, міскі імгненна запаўняліся страваю. А загарэлыя механізатары, не адыходзячы далёка ад перасоўнай сталоўкі, вялі размовы, як гаворыцца, з імправізацыяй на вольныя тэмы. Што адразу кінулася ў вочы – дык гэта малады ўзрост камбайнераў, іх памочнікаў і ўсіх, задзейнічаных на гэты час ва ўборачным канвееры. Гэты клін азімага жыта першым скінуў расу. Падсеяная пад збожжавай культурай канюшына яшчэ захоўвае вільгаць.
– На наступны год будзем мець першы ўкос, – тлумачыць галоўны аграном. Віталія Радкевіча размеркавалі ў «Новую Любанію» пасля Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Калі б наша размова праходзіла не ў рытме ўборачнай пары, яна хутчэй за ўсё не ўклалася б у тыя дзесяць хвілін, якія мы, не згаворваючыся, адвялі сабе для знаёмства. Віталь ужо лічыць сябе практыкам. Бо за тыя чатыры гады, што правёў у гаспадарцы, многае пасціг занава. Удзячны ён, вядома, альма-матар за азы агранамічнай навукі. Як расліна кранаецца ў рост, як і чым яе можна абараніць ад непазбежных сюрпрызаў акаляючага асяроддзя, што такое норма-змена і як яе вызначыць – усё гэта засвоіў аграном-аграхімік. А вось навуку работы з людзьмі асвойвае ўжо тут. І гэта, лічыць Віталій Фрыдрыхавіч, – самае галоўнае. Не ўсё, вядома, атрымоўваецца. Ды ў цэлым адносінамі з падначаленымі ён задаволены. Самым маладым з іх ён, лічы, равеснік. Але і ў жартаўлівых размовах захоўваецца тая дыстанцыя афіцыйнасці, якая павінна прысутнічаць, каб дзелавыя стасункі не набылі тон фамільярнасці. А што датычыць прафесійнага станаўлення, то ўжо сваім набыткам Віталь лічыць паступовую ліквідацыю шматконтурнасці палеткаў. Той клін збажыны, на якім мы вядзём размову, складаўся з двух кавалкаў, штучна між сабой раздзеленых. Сёння гэта адзін 120-гектарны ўчастак, дзе ў суседзях ячмень, жыта і трыцікале.
– Гон доўгі, заступіў – і касі, – так каменціруе галоўны аграном эфект узбуйненай структуры палетка. Дадае, што работа гэта будзе працягвацца, паколькі стварае большую перспектыву для правядзення рознага роду агратэхнічных мерапрыемстваў. Менавіта пры Віталію Радкевічу ў севазварот культур уведзена люцэрна, укаранілася практыка паўкоснай сяўбы сумесямі аднагадовых траў. Жніво ў разгары, таму сярэднюю ўраджайнасць яшчэ не вызначыць. Ёсць участкі, што даюць намалот па 35-40 цэнтнераў. Ёсць і значна бяднейшыя на збажыну. Вынікі падвядуцца, калі на жніўным палетку не застанецца ніводнага каласка.
…У джынсах і лёгкай маечцы, з каларытным загарам, брыгадзір Кацярына Мацко, здаецца, ступіла на пажніўнае ржышча прама з марскога ўзбярэжжа нейкай экзатычнай краіны. Ужо другі год Каця пры камбайнах. А па спецыяльнасці яна аграном, скончыла Навагрудскі аграрны каледж. Гараджанка, яна, тым не менш, выбрала вёску, тлумачыць свой выбар збегам абставін:
– У Навагрудку яшчэ і гандлёвы каледж ёсць. Але я не сябрую з матэматыкай.
– А вось з вёскай, яе людзьмі, полем Кацярына, па усім бачна, сябравала. Сочыць за якасцю ўборкі, дасціпна адказвае на «падколкі» маладых камбайнераў, якім толькі ў радасць увага маладой, бойкай дзяўчыны.
Сем камбайнаў жнуць пад Більцавічамі жыта. Следам прэс-падборшчыкі круцяць рулоны. Поле ачышчаецца ад саломы і вольна дыхае, даючы рост і прастор разлапістаму кустоўю густа-зялёнай канюшыны. Аб’ектыў фотаапарата выхоплівае сюжэты, якія і ствараюць каларыт уражальнай дзеі, назва якой – жніво.
Генадзь Казакевіч, Мікалай Субач, Сяргей Аўгусціновіч, Яўген Штылікаў, Дзмітрый Кіжло, Дзмітрый Бяганскі, Руслан Дзержавец, Дзмітрый Кізік, Аляксей Малец, Дзмітрый Сялюн, Пётр Пыск, Васіль Бешанцаў – гэта імёны ўдзельнікаў механізаванага ўборачнага атрада, з якімі мы таксама пазнаёміліся на жніўным палетку Любаншчыны.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара

Фото

Фото
Фото
Фото

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 180 queries