Станіслаў Каляга, камбайнер унітарнага прадпрыемства «Даўгінава», – адзін з першых у раёне тысячнікаў. Гэта тым больш прыемна, бо год назад ён стаў уладальнікам прыза раёнкі – «За адданасць полю». Нагадаем, што наш прыз устаноўлены для тых, хто стаў на жніўным палетку ўзорам самаахвярнасці, ашчадных адносін да хлеба, хто не шукаў шляхоў да высокіх намалотаў, а імкнуўся на самых цяжкіх, падвержаных уплыву прыроднай стыхіі ўчастках, змалаціць усё да апошняга зярнятка. І не лічыўся з часам, асабістымі абставінамі, выконваючы перад зямлёй свой хлебаробскі абавязак.
Камбайн «Мега», які належыць сямейнаму экіпажу Калягаў, прыкметны здалёку. Вось і на палетку азімага трыцікале, які шырока раскінуўся за ваколіцамі Залазоўя, погляд адразу выхоплівае знаёмыя абрысы камбайна. Уборачны атрад, у прынцыпе, ужо скасіў гэты ладны кавалак збажыны. І знаходзіўся ў стане поўнай гатоўнасці да чарговай перадыслакацыі. У складзе яго – яшчэ адзін лідар раённага спаборніцтва – вадзіцель Павел Місевіч. Абодва хлопцы мясцовыя, узгадаваныя даўгінаўскай зямлёй. Хоць лёс неаднойчы намерваўся завярнуць у іншым кірунку іх жыццёвыя шляхі. Павел служыў тэрміновую ў Маскве, у войсках пажарнай аховы. Мог і застацца ў белакаменнай. Тым больш, што прапановы былі. І даволі такі спакуслівыя. Толькі ёсць людзі, якія з сукупнасці ўсіх інтарэсаў не заўсёды выбіраюць матэрыяльны дабрабыт альбо бытавы камфорт. Камфортам іншага роду вабіць іх родны куток, дзе ўсё дорага і знаёма. Дзе бацькоўскія сядзібы з выхадам на аселіцу. Дзе шапацяць асцём каласы. А ў агародчыках, над падмуркамі хат, да першых зазімкаў буяюць жоўтыя вяргіні…. На звыкла лірычны тон настройвае выгляд скошанага ржышча, абрамленага рознаколернымі паясамі скупога жнівеньскага разнатраўя з застыўшымі між імі постацямі ўборачных агрэгатаў.
Удала складваецца для даўгінаўцаў сёлетняе жніво. Усё пазнаецца ў параўнанні. Ну вось, яны і параўноўваюць. Валавы намалот збажыны ўжо дасягнуў чатырох тысяч трохсот тон. Летась, без кукурузы, ён склаў тры з паловаю. Сёлета ж у рэзерве яшчэ аўсы і збожжабабовыя.
Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Акушэвіч ужо робіць высновы з практыкі севазвароту. Жыццё паказвае, не вытрымліваюць выпрабавання холадам азімыя пшаніца і трыцікале. А вось жыта, традыцыйная культура мясцовых палёў, добра пераносіць зіму. Пры планаванні пасяўных плошчаў гэта акалічнасць будзе, безумоўна, улічана.
Унітарнае прадпрыемства перавыканала сёлета заданне па продажы піваваранага ячменю.
– У нашага агранома на гэты кошт выпрацаваны свой тэхналагічны прыём, – кіраўнік гаспадаркі Ян Мінчык падначвае Аляксандра Акушэвіча падзяліцца прафесійнымі сакрэтамі.
– Прыём даўно вядомы. Усе ўмовы тэхналогіі захоўваць – і ніякіх адступленняў. Да піваваранага ячменю – шэраг патрабаванняў. Колер, памер, усходжасць, утрыманне бялку. Ну, і вядома, чысціня матэрыялу. – Аляксандр Акушэвіч – вопытны і вельмі адказны прафесіянал. Не адзін год назіраючы яго ў справе, заўважаю непадробленае хваляванне гэтага чалавека за прадуктыўнасць зямлі, яе аддачу, ураджай, што не заўсёды з-за збегу абставін рознага роду, цешыць хлебаробскае сэрца. І сёлета зямля не падманула надзеі, адказала ўзаемнасцю на праяўлены аб ёй клопат.
Намалот дасушваецца на збожжасушыльным комплексе. Менавіта тут пачынаецца фарміраванне складской гаспадаркі сельгаспрадпрыемства. Скажу шчыра, не заўсёды на збожжаскладзе сустрэнеш такі парадак і камфорт, не пазбаўлены своеасаблівай эстэтычнай прыцягальнасці. У эстэтыцы ды і ва ўсім астатнім – арганізуючы пачатак загадчыцы склада Алены Яцэвіч. Яна тут сапраўдная гаспадыня. І па-гаспадарску дэманструе свае ўладанні. Ужо засыпана на захоўванне насенне піваваранага ячменю і яравой пшаніцы. Азімае жыта месціцца пад навесамі, абабітымі поліэтыленавай плёнкай на выпадак капрызаў няўстойлівага, ужо напаўвосеньскага надвор’я. Сёлетнюю пасяўную сельгаспрадпрыемства мела магчымасць падзяліцца насеннем з суседзямі. Надарыцца такая нагода, не адмовіць і ў наступную.
– За кошт якаснай дасушкі і дапрацоўкі, – не хавае сваёй задаволенасці Алена Яцэвіч, – перапрацоўчыя прадпрыемствы павялічвалі заліковую вагу збажыны. У выніку нам больш за тону выходзіла… – А бачылі б вы, якая тут пшаніца ляжала, – гаспадыня склада абводзіць позіркам тэрыторыю склада, на якой у чаканні дасушкі ссыпана зерне азімага трыцікале. – Як золата была пшаніца…
Згодна ківаючы галавой, яе словы пацвярджае машыніст збожжасушыльнага комплекса Міхаіл Кандрацкі. У мінулым – мясцовы ўчастковы. Былы ахоўнік правапарадку, ён сёння ў іншым амплуа. Аднак застаўся сярод тых, хто некалі давяраў яму сваю бяспеку і спакой, а сёння – даверыў хлеб.
Жніво – не адзіная дзея, разгорнутая цяпер на даўгінаўскіх палетках. Тры адзінкі тэхнікі заняты на прэсаванні саломы. Побач з аб’яздной дарогай уносяцца гліфасаты пад азімыя. Тры льнокамбайны працуюць на ўборцы ільну, вядзецца ворыва пад азімыя. А на палетку ва ўрочышчы Пунькі механізатар Іван Атрошчык ужо заняты сяўбой азімага рапса. Сеялка новая, вясной атрыманая па лізінгу, МТЗ-3022 – з камп’ютарным кіраваннем.
– Трактар габарытны, але я да такіх размераў прывычны: усё жыццё на «кіраўцах» працаваў, – усміхаецца Іван Расціслававіч, расказваючы, як вучыўся на курсах у выпрабавальнай станцыі, асвойваў спачатку непрывычны камп’ютар, з якім ужо даўно на «ты».
Іван – мнагадзетны бацька. Пасля дзвюх дачок дачакаўся ўсё ж сыночка. Дзяўчынкі ўжо дапамагаюць на зернескладзе, а сыну ў верасні споўніцца толькі два гадочкі. Менавіта яму марыць Іван перадаць важнейшае адчуванне неабходнасці сваёй прысутнасці на гэтай зямлі. Тое, што прывязвае да каранёў, не пазбаўляючы аднак крылаў для ўзлёту.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара



