Паглядзіце збожжавыя ў сельгаспрадпрыемстве камбікормавага, – параіла неяк у тэлефоннай размове мая знаёмая, чалавек кампетэнтны ў раслінаводстве. – Ураджай добры вырас… Паглядзець было не складана. Некаторыя палеткі СГП адкрытага акцыянернага таварыства «Камбікормавы завод» ушчыльную прылягаюць да трасы «Мінск-Мядзел». Праязджаючы, глянеш наўзбоч – і зафіксуе позірк шчыльную сцяну пругкіх сцяблін, аздобленых калючымі вянкамі вусатых каласоў. Дылетант палюбуецца, а спрактыкаванае вока прыкіне ўраджайнасць. Праўда, у сельгаспрадпрыемстве ўжо нават не ў прыкідку, а пэўна ведаюць, што гектар палетку павінен даць у сярэднім 40 цэнтнераў збажыны.
– Ведаеце, перасееныя пасля азімых яравыя даюць большы намалот, чым тыя плошчы, што былі папярэдне спланаваны пад сяўбу, – дзеліцца назіраннямі кіраўнік прадпрыемства Анатоль Апанасевіч. Атрымоўваецца, стыхія ў выглядзе глыбокіх зімовых маразоў, знішчыўшы карнявую сістэму азімых, дапамагла аднавіць збожжавы клін у новай яго якасці.
Сёння ў ваколіцах Рабуні стаіць пах хлеба. Камбайны яшчэ ўчора зрабілі круг гонару на яравым палетку, пакінуўшы за сабой густыя валкі шэраватай саломы. Але толькі выглянула з-пад аблокаў сонца – і заззяла поле бурштынным святлом, благаслаўлёнае Небам на вялікую дзею жніва.
А камбайнеры яшчэ чакаюць благаславення агранома. Вільготныя пасля начнога ліўня каласы падсыхаюць, раняючы долу кроплі расы. А рупліўцы жніўнай нівы, не губляючы марна час, яшчэ раз правяраюць надзейнасць вузлоў.
Пра Мікалая Меціка, экіпаж якога летась стаў пераможцам раённага спаборніцтва на жніве сярод моладзі, мы ўжо не аднойчы расказвалі на старонках газеты. Малады чалавек і сёлета не гатовы ўступаць лідарства. Гаворачы пра тэмпы, акцэнтуе ўвагу на галоўнай запаведзі хлебароба: «Для нас самае цікавае – якасць. Зерне не на зямлю павінна сыпацца, а ў бункер». У гэтай ісціне не толькі маральны, а і самы што ні ёсць матэрыяльны сэнс. Зніжэнне кафіцыента якасці нават на адну дзесятую працэнта пагражае напалавіну зменшыць дзённы заробак камбайнера. У Мікалая – дзевяты ўборачны сезон. І ўвесь час менавіта ў гэтым сельгапрадпрыемстве. Быў, праўда, невялікі перапынак у два гады, які прыйшоўся на гады армейскай службы. Службу праходзіў у інжынерна-сапёрным батальёне. І завяршыў камандзірам аддзялення.
– Рота механізаваная?
– Вядома.
– Можа, і танкам руліў, як цяпер камбайнам?
Ну, які з мяне танкіст? – пасміхаецца з маёй недасведчанасці Мікалай. І, адарваўшыся ад камбайна, становіцца ў поўны рост, расправіўшы шырокія, сапраўды атлетычныя плечы.
Цікава, што сям’я Мецікаў жыла ў прысталіччы. І ў самога Мікалая з гэтай нагоды выбар быў больш шырокі, чым у яго аднагодкаў з глыбінкі.
– А я па полі люблю хадзіць, не па асфальце, – усміхаецца мой суразмоўца. Наш дыялог ён вядзе дасціпна, часта збіваючыся на жартаўлівую ноту. Думаю, робіць ён гэта не наўмысна, а па складу характару. Усвядомленае пачуццё ўласнай годнасці. Яно закладваецца менавіта тут, на жніўным полі, дзе вяршыцца найбольш значная падзея сельскагаспадарчага года. І дзе ў цэнтры ўвагі той, ад каго ў значнай меры залежыць шчодрасць хлебнай нівы.
Мікалай службу закончыў у ліпені, якраз напачатку жніва.
– Адпачыць мне далі два тыдні, а пасля – і закруцілася. Пасадзілі на «Дон», пасля на «КЗР» траву касіць… У мяне брат – на трактары, маці – даярка, сястра – заатэхнік-селекцыянер. Такім чынам сям’я Мецікаў у поўным складзе, па свайму разуменню, рэалізуе дадзены ёй жыццёвым патэнцыял на вілейскай зямлі.
Памочнікам у Мікалая – Алег Казлоў, студэнт агратэхічнага ўніверсітэта, будучы інжынер-механік. Мабыць, гэты летні семестр і яму дапаможа вызначыцца ў жыццёвы выбары.
…Мікалай Паўловіч адыйшоў ад свайго агрэгата і нешта цярпліва тлумачыў схіленым над жняяркай новага «КЗС-12» двум маладым хлопцам. Мікалай за сваё жыццё розную тэхніку пабачыў: і айчыннай, і замежнай вытворчасці. Працаваў на «Ніве», «Доне», нават «Бізоне», вырабленым у Польшчы, праўда, па ліцэнзіі галандцаў. Што датычыць айчынных камбайнаў, аналізуе Мікалай, іх падводзіць якасць камплектуючых і ненадзейная электроніка. Апошняя ж кантралюе ўвесь тэхналагічны працэс работы тэхнікі. Таму, лічыць Мікалай, і ў новым камбайне кожны вузел трэба перамацаць сваімі рукамі. Пра гэта ён і цвярдзіў свайму вучню Аляксандру Скабею, які атрымаў новы «КЗС-12» к сёлетняму ўборачнаму сезону. Экіпажу крыху не пашэнціла напачатку: злавілі камень з тых, як хлопцы кажуць, «цікавых», што нейкім чынам нібы вырастаюць з зямлі. Давялося мяняць «пальцы» на жняярцы. І настаўнік своечасова падаспеў з дзелавымі парадамі. Ва ўсіх трох камбайнераў – надзейныя і, галоўнае, кампетэнтныя памочнікі, усе з тэхнікай на кароткай назе.
У Мікалая Паўловіча – Іван Баркун. Заканчвае сельскагаспадарчы ліцэй і атрымоўвае спецыяльнасць вадзіцеля-аўтаслесара. А Аляксандра Скабея – Ігар Крот. Ужо трэці сезон выходзіць на жніво і таксама заўтрашні выпускнік сельгасліцэя.
– Хлопцы, па камбайнах! – наш дыялог сярод жніўнага поля перапыняе вокліч галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства Мікалая Засінца. Гэта яго прэрагатыва – адзнака жніўнай гатоўнасці нівы.
Сельгаспрадпрыемству прадстаіць убраць 1118 гектараў збажыны, з улікам тых, што ўжо скошаны. Вялікія надзеі на трыцікале, якое паказала ўжо рэкордную ўраджайнасць. Выспевае не толькі на зялёную масу, але і на зерне, кукуруза. У валавым намалоце збажыны прадпрыемства мяркуе прыбавіць тысячу тон да мінулагодняга паказчыка. А каб ні зернетка не згубіць – на полі наладжаны збор каласкоў. Ніве ёсць за што быць удзячнай хлебаробам.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара
«Хлопцы, па камбайнах!»
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ










